Франак Вячорка: Бліжэй да студзеня-лютага эфект ад санкцыяў будзе больш адчувальным


Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў эфіры «Белсату» пракаментаваў палітычны скандал, звязаны з транспартаваннем калійных угнаенняў праз тэрыторыю Літвы насуперак санкцыям.

Паводле Франака Вячоркі, літоўскі ўрад праявіў у гэтай сітуацыі рашучасць і прынцыповасць, але атрымалася, што «палітычная воля сутыкнулася з рэгуляваннем бізнесу ў Еўразвязе».

«Літва не можа ўвесці эканамічных санкцыяў, гэта можа зрабіць Брусель. А тыя эканамічныя санкцыі, якія ўвёў Брусель, дазваляюць літоўскай чыгунцы ці іншым кампаніям гэты калій праз сваю тэрыторыю правозіць. Падобная сітуацыя адбылася з Yara, якая працягвае пакупаць прадукцыю, нягледзячы на санкцыі (ну, будзе яшчэ некалькі месяцаў).

Гэта не значыць, што санкцыі не працуюць і не спрацуюць. Проста гэтага аднамомантнага эфекту, на які мы спадзяваліся, яго не атрымаецца. Яно будзе мець кумулятыўны эфект. Бліжэй да студзеня-лютага ён будзе больш адчувальным», – заявіў ён.

Франак Вячорка падкрэсліў, што «нашая мэта не ўвесці санкцыі, а зняць санкцыі», але гэта мусіць адбыцца толькі пасля правядзення новых сумленных выбараў.

«Да гэтага зняццё санкцыяў проста немагчыма. І мне здаецца, што ёсць разуменне, што трэба працягваць ціск. Але бракуе механізмаў. Таму сярод іншага абмяркоўвалі і з еўрапейскімі чыноўнікамі, і ў Польшчы ў тым ліку, неабходны механізм, які будзе кантраляваць, як розныя фірмы, лукашэнкаўскія памагатыя, абыходзяць санкцыі, каб ім гэта было зрабіць нашмат складаней чым цяпер», – адзначыў дарадца Ціханоўскай.

У эфіры «Белсату» Франак Вячорка распавёў пра візіт Ціханоўскай у Варшаву, выступ на «Саміце за дэмакратыю», а таксама выказаўся наконт новай хвалі рэпрэсіяў у Беларусі. Цалкам размову можна паглядзець тут.

РР belsat.eu

Стужка навінаў