Украінскія вайскоўцы ўвайшлі ў Херсон


Галоўнае ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны афіцыйна заявіла, што Херсон вяртаецца пад кантроль Украіны.

«Херсон вяртаецца пад кантроль Украіны, у горад заходзяць часткі ЗСУ. Шляхі адступлення расейскіх акупантаў – пад агнявым кантролем украінскай арміі. Любыя спробы супрацьдзеяць Збройным сілам Украіны будуць спыненыя. Кожны расейскі вайсковец, які акажа супраціў, будзе знішчаны», – гаворыцца ў заяве ГУР.

Інфармацыя пра тое, што ўкраінскія вайскоўцы ўвайшлі ў Херсон, раней з’явілася ў шэрагу медыяў. Украінскі сцяг быў вывешаны над будынкам абласнога ўпраўлення нацыянальнай паліцыі.

Цяпер журналісты публікуюць кадры, як мясцовыя жыхары радасна сустракаюць украінскіх байцоў. Людзі на вуліцах скандуюць «ЗСУ!».

ГУР заклікала расейскіх вайскоўцаў здавацца ў палон і апублікавала інструкцыю, як гэта трэба рабіць.

«Як і чакалася, пасля адступлення асноўнай групоўкі войскаў РФ з украінскага Херсону ваша камандаванне кінула вас на волю лёсу. Вашы камандзіры заклікаюць вас пераапранацца ў цывільнае адзенне і спрабаваць самастойна бегчы з Херсону. Відавочна, гэта вам не ўдасца», – падкрэсліваецца ў заяве ўкраінскай выведкі.

У Мінабароны РФ заявілі, што ўсе падраздзяленні расейскіх войскаў завяршылі адыход на левы бераг Дняпра яшчэ а 5-й раніцы. Стратаў нібыта няма, кажуць у ведамстве.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Аляксей Арэстовіч паведаміў у «Фэйсбуку», што большасць расейскіх вайскоўцаў «паспелі выскачыць», палонных няшмат. Але трафеяў хапае, сцвярджае ён.

Кіраўніца аб’яднанага прэс-цэнтру сілаў абароны аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк заявіла, што на дэакупаваных тэрыторыях Херсоншчыны яшчэ могуць дзейнічаць расейскія дыверсійна-выведныя групы. Таксама нельга выключаць, што расейскія вайскоўцы пачнуць абстрэльваць вызваленыя тэрыторыі з левага берагу Дняпра.

Жыхары Херсону зранку пачалі рыхтавацца сустракаць ЗСУ. Людзі збіраліся перад абласной адміністрацыяй у цэнтры Херсону, а на п’едэстале колішняга помніку Леніну хтосьці павесіў сцягі Украіны і Еўразвязу. Па горадзе ездзяць машыны з украінскімі сцягамі.

Hавiны
Херсонцы падрыхтаваліся сустракаць ЗСУ. У цэнтры гораду вывешваюць украінскія сцягі
2022.11.11 15:04

Херсон – адзіны абласны цэнтр Украіны, які Расеі ўдалося захапіць з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, 24 лютага 2022 года. Горад трапіў пад акупацыю ўжо 2 сакавіка, аднак мясцовыя жыхары працяглы час выходзілі на масавыя мірныя пратэсты, а партызаны актыўна ладзілі дыверсіі, забівалі калабарантаў.

Каб вызваліць горад, украінскае камандаванне зрабіла стаўку на праблемы з забеспячэннем расейскай групоўкі ў ваколіцах Херсону. ЗСУ некалькі месяцаў метадычна наносілі ўдары па складах з боепрыпасамі і пераправах праз Дняпро. У канцы жніўня ЗСУ распачалі наступальную аперацыю і дасягнулі за гэты час значных поспехаў, вызваліўшы дзясяткі населеных пунктаў. У выніку расейская групоўка на правым беразе Дняпра трапіла ў вельмі складаную сітуацыю – некаторыя нават характарызавалі яе як «аператыўнае атачэнне». 9 лістапада расейскае камандаванне афіцыйна заявіла пра рашэнне пакінуць Херсон і адвесці войскі на левы бераг Дняпра.

Hавiны
Пастка або вымушанае адступленне? Што адбываецца пад Херсонам і пры чым тут Беларусь
2022.11.10 16:42

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў