Ціханоўская пагроза, але і шанец для Лукашэнкі

Днямі пад Варшавай збіралася расейская апазіцыя. Што значыць яе мабілізацыя для Беларусі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Экс-дэпутат расейскай Думы Ілля Панамароў (трэці справа) і байцы расейскага легіёну «Свобода России» на форуме пасля падпісання дэкларацыі аб супрацы і каардынацыі дзеянняў расейскіх добраахвотніцкіх атрадаў, якія ваююць на баку Украіны супраць расейскай арміі. Справа – банэр расейскага апазіцыйнага медыяпраекту «Утро февраля». Кіеў, Украіна. 31 жніўня 2022 года.
Фота: Oleksii Chumachenko / Zuma Press / Forum

У панядзелак у гарадку Яблонна пад Варшавай скончыўся Аершы З’езд народных дэпутатаў Расеі, які абʼяднаў былых дэпутатаў Думы, Савету Федэрацыі і муніцыпальных органаў самакіравання. Усе яны мелі мандат да 2014 года, не ўдзельнічалі ў акупацыі Крыму і ў вайне супраць Украіны.

Сабраліся ў Польшчы і заявілі пра стварэнне «пераходнага парламенту», які хоча пераняць уладу ў Расеі на пераходны перыяд пасля сыходу Уладзіміра Пуціна. Звярнуліся да іншых апазіцыйных рухаў Расеі з прапановай абʼяднацца ў барацьбе з рэжымам. Звярнуліся за падтрымкай і да краінаў антыпуцінскай кааліцыі.

Хтосьці на зʼезд прыехаў з Кіева (Ілля Панамароў), а хтосьці з Вашынгтону (Андрэй Іларыёнаў). Тэма актыўна абмяркоўваецца ў расейскіх незалежных медыях, нехта ініцыятыву высмеяў, а хтосьці ўбачыў першую спробу фармалізаваць барацьбу супраць Крамля, прынамсі часткай расейскай апазіцыі.

Аднак адзін з самых вядомых расейскіх апазіцыянераў-бізнесоўцаў Міхаіл Хадаркоўскі ініцыятыву не крытыкуе. Наадварот, яго былая адвакатка, прафесарка юрыспрудэнцыі Алена Лукʼянава была сярод галоўных ініцыятараў зʼезду. Дастаткова паглядзець на біяграфію некаторых удзельнікаў сустрэчы, каб зразумець, што ініцыятыва можа мець нефармальнае падтрыманне некаторых расейскіх алігархаў, якія жывуць у Еўропе. Гэта азначае, што адпаведныя працэсы ўнутры Расеі ўжо пачаліся. З адступленнем расейскай арміі з Херсону яны толькі прыспешацца.

Адзін з маіх суразмоўцаў, моцна заангажаваны ў арганізацыю зʼезду пад Варшавай, прызнаўся, што ідэя правесці такое мерапрыемства зʼявілася пасля стварэння Святланай Ціханоўскай Абʼяднанага пераходнага кабінету. Маўляў, калі лідарку беларускай апазіцыі і яе прадстаўнікоў прызнаюць ва ўсім дэмакратычным свеце, то апазіцыйны расейскі «пераходны парламент» таксама будзе дабівацца прызнання за мяжой і дэлегітымізацыі Пуціна. Такім чынам, беларусы натхнілі частку расейскай апазіцыі да дзеянняў.

Павел Латушко, Александр Азаров, Светлана Тихановская, Валерий Ковалевский, Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь». На здымку (злева направа) – Аляксандр Азараў, Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі і Валер Сахашчык. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Але перспектывы ў расейскай апазіцыі і беларускіх дэмакратычных сілаў зусім розныя. Па-першае, Святлана Ціханоўска перамагла на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, і гэты факт прызнае ўвесь цывілізаваны свет. Таму менавіта яна мае ўсе падставы пераняць уладу ў краіне на пераходны перыяд, ніхто іншы. Беларусы ведаюць, за каго галасавалі на выбарах, адносна гэтага ў беларускім грамадстве есць кансэнсус. Такога кансэнсусу ў расейскім грамадстве не будзе, бо выбары Пуціна прызнаваліся міжнароднай супольнасцю, і гаспадар Крамля не мае ніводнага апанента, які меў бы такую легітымацыю і прызнанне, як Святлана Ціханоўская.

Перамены ў Расеі будуць балючыя і могуць скончыцца грамадзянскай вайной. Беларусам жа не прыйдзецца дзяліць золата, брыльянты, газ і нафту. Парадаксальна, але Ціханоўская – адначасова пагроза і шанец для Аляксандра Лукашэнкі.

Калі ў Крамлі пачнуцца сурʼёзныя турбуленцыі, Менску трэба будзе наладжваць сувязі (перадусім эканамічныя) з Захадам. Гэта не будзе магчыма без вызвалення палітвязняў і дыялогу з Ціханоўскай. Іншага «транзіту» не падтрымае беларускае грамадства і міжнародная супольнасць. Такі дыялог несумненна знайшоў бы падтрыманне і дэмакратычнай часткі свету. Толькі такім чынам Лукашэнка мог бы атрымаць гарантыі бяспекі для сябе і сваёй сямʼі. Пасля круглага стала ў Польшчы камуністы спакойна дажылі (і дажываюць) да сваёй старасці. Фарматы перамоваў могуць быць розныя, пачаць працэс можна праз трэція краіны. І нельга выключаць таго, што распачатая Пуціным вайна прымусіць Лукашэнку гэта зрабіць.

Удзельнікі зʼезду ў Варшаве заснавалі Міжнародны антыаўтарытарны саюз супольна з прадстаўнікамі апазіцыі, між іншага, з краінаў Сярэдняй Азіі і Грузіі. Было заяўлена, што да ўдзелу запрасілі і прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай, і іншыя беларускія дэмакратычныя сілы. Гучыць цікава, але тут ёсць некалькі мінусаў. Па-першае, беларусаў чарговы раз запрашаюць у нейкі постсавецкі «дэмакратычны» саюз, нешта падобнае да «новага СНД». Па-другое, далучаючыся да такой ініцыятывы, можна паставіць крыж на кантактах з краінамі Сярэдняй Азіі, якія не толькі дыстансуюцца ад Пуціна і Лукашэнкі, але маюць вельмі добрыя адносіны з краінамі Еўразвязу і ЗША, а тыя ахвотна там інвестуюць. Ну а саюзнікаў, калі яны могуць дапамагчы пераменам у Беларусі, трэба шукаць у розных кутках свету.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў