Лукашэнка павіншаваў палякаў з Днём незалежнасці, паскардзіўся на польскія ўлады і сцяну на мяжы


Польшча адзначае 11 лістапада Нацыянальнае свята незалежнасці ў гонар аднаўлення незалежнай дзяржавы ў 1918 годзе. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі апублікавала віншаванне, больш падобнае да публічнай скаргі і закліку галасаваць супраць дзейнай польскай улады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Straż Graniczna / Facebook

Ад імя беларускага народу Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Польшчы з Днём незалежнасці, пажадаў «мірнага неба, салідарнасці і незалежнага выбару лёсу і будучыні».

«У цяперашні вельмі складаны і супярэчлівы час становіцца асабліва зразумела, як важна берагчы самастойнасць і незалежнасць сваёй краіны, захоўваць мір, умацоўваць хрысціянскія каштоўнасці і ўзаемную адкрытасць», – пішуць палякам ад імя Лукашэнкі.

Беларусь, сцвярджаецца ў віншаванні, «імкнецца да гарманічнага развіцця двухбаковых сувязяў, дэманструе гатовасць будаваць масты дружбы, а не пагранічныя сцены з калючым дротам», а «геаграфічная блізкасць не можа і не павінна ператварацца ў інструмент шантажу ці пагрозы».

На беларуска-польскай мяжы сапраўды ёсць сцяна: Польшча паставіла плот у сувязі з міграцыйным крызісам, які трывае з траўня 2021 года. У яго арганізацыі падазраюць улады Беларусі, ёсць шэраг сведчанняў пра актыўны ўдзел беларускіх сілавікоў у арганізацыі нелегальнага пераходу мяжы.

Hавiны
У Беларусі працягваюць знішчаюць польскія могілкі і засылаць мігрантаў у Польшчу
2022.10.29 13:29

Ды ад імя Лукашэнкі пішуць не пра арганізацыю крызісу, а пра тое, што Беларусь зрабіла для грамадзянаў Польшчы бязвізавы рэжым, «надаўшы тым самым добрасуседству якасна новую каштоўнасць». Выказваюць надзею на «канструктыўныя адносіны з палякамі на прынцыпах партнёрства, даверу і агульнай павагі».

Затым у віншаванні выказваюць надзею на тое, што палякі зразумеюць памылкі сваёй улады і што «зробяць правільны выбар падчас маючай адбыцца палітычнай кампаніі» – імаверна, вядзецца пра парламенцкія выбары, якія плануюць правесці ў 2023 годзе.

«На жаль, за грубыя памылкі адыёзных польскіх палітыкаў сёння павінны расплачвацца звычайныя грамадзяне вашай краіны, – пішуць ад імя Лукашэнкі. – Штучна створаныя лжывыя вобразы ворагаў у асобе Беларусі і Расеі прывялі да пагаршэння ўзроўню жыцця ўсіх еўрапейцаў, падарвалі давер у міжнародных адносінах і прымусілі пакутаваць мільёны людзей».

Таксама 11 лістапада Лукашэнка павіншаваў з Днём незалежнасці прэзідэнта Анголы, «выказаў упэўненасць, што выклікі сучаснасці патрабуюць больш цеснай кааперацыі ад абедзвюх краінаў».

Hавiны
Чаму сёння? На які дзень розныя краіны прызначаюць нацыянальныя святы
2021.07.03 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў