«Кухар Пуціна» выйшаў з ценю і адкрыў у Расеі «Вагнэр Цэнтр». Што гэта за цэнтр і ці можа ён з'явіцца ў Беларусі?


Бізнесовец Яўгеній Прыгожын, якога ў Расеі называюць «кухарам Пуціна», прызнаў, што менавіта ён стварыў ПВК Вагнэра, і адкрыў у Пецярбурзе «ПВК Вагнэр Цэнтр». Ён заявіў, што, калі праект займее поспех, то ў цэнтру з’явяцца філіялы. «Белсат» паспрабаваў высветліць, ці пашырыць Прыгожын сваю дзейнасць на Беларусь і ці ёсць пагроза для Беларусі ад ягонай узброенай групоўкі.

Яўгеній Прыгожын (злева) дапамагае Уладзіміру Пуціну падчас вячэры з замежнымі навукоўцамі і журналістамі ў рэстаране «Cheval Blanc» на тэрыторыі коннаспартовага комплексу ў Падмаскоўі 11 лістапада 2011 года.
Фота: POOL New / Reuters / Forum

Яўгеній Прыгожын пачаў бізнес з адкрыцця некалькіх рэстаранаў у Пецярбурзе. Ягоная кампанія «Конкорд» адказвала за харчаванне кіраўніцтва Расеі, у тым ліку на прыёмах у Крамлі, таму Прыгожын займеў мянушку «кухар Пуціна». Зарабляе бізнесовец на дзяржаўных кантрактах, то бок фактычна атрымлівае бюджэтныя грошы.

У 2015 годзе медыі ўпершыню напісалі пра групоўку Вагнэра – прыватную вайсковую кампанію, якую звязалі з Прыгожыным. Але ён заўсёды адмаўляў датычнасць да гэтага фармавання, а сёлета ў лютым нават ліставаў у Суд ЕЗ і патрабаваў выключыць ягонае імя з санкцыйнага спісу, дзе згадвалася ПВК Вагнэра. У тым звароце прадпрымальнік сцвярджаў, што ніякай групоўкі Вагнэра наогул не існуе.

Дый увогуле ён заўсёды заставаўся ў ценю, адказваючы на пытанні журналістаў праз прэс-службу сваёй фірмы «Конкорд».

Але пасля ўварвання Расеі ва Украіну Прыгожын стаў часцей зʼяўляцца ў публічнай прасторы, ён каментуе сітуацыю на фронце ва Украіне, крытыкуе армейскае кіраўніцтва. У верасні прадпрымальнік нарэшце прызнаўся ў стварэнні ўзброенага фармавання, а 4 лістапада адкрыў у Санкт-Пецярбурзе «ПВК Вагнэр Цэнтр».

«Пачынаў як звычайны крымінальнік, сядзеў у турме»

Шэф-рэдактар «Новой газеты» в Санкт-Петербурге» Серафім Раманаў распавёў «Белсату», што Прыгожына пазіцыянуюць як адзінага ў Расеі заможнага бізнесоўца-патрыёта.

«Мы назіраем эвалюцыю Прыгожына. Ён пачынаў як звычайны крымінальнік, ён у 80–90-я сядзеў у турме, а ў нулявыя зрабіўся бізнесоўцам. Адкрыў некалькі рэстаранаў у Пецярбургу. Аднойчы ў адзін з іх прыехаў Уладзімір Пуцін, і тут неяк, відаць, распачаліся нейкія адносіны», – кажа Раманаў.

Ён называе Прыгожына «Доктарам Зло», ценявым куратарам, якому ўсё дазволена. На думку журналіста, бізнесовец упіваўся гэтай роляй, яму было прыемна, што яго дэманізуюць.

«У сучаснай Расеі Прыгожын фактычна пераўтвараецца ў нейкага Тоні Старка, філантропа-мільянера-плэйбоя. Ён адкрывае ў горадзе бізнес-цэнтр, называе яго, не саромеючыся, імем ПВК, якія ў Расеі забароненыя», – адзначае суразмоўца «Белсату».

Даведка
У Крымінальным кодэксе Расеі ёсць артыкул № 359 пра наймітаў. Навучанне, фінансаванне, забеспячэнне найміта і яго выкарыстанне ў ваенных дзеяннях караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 18 гадоў. За ўдзел ва ўзброеным канфлікце або ваенных дзеяннях найміту пагражае да 15 гадоў калоніі.

«ПВК Вагнэр Цэнтр» у Беларусі

Шэф-рэдактар «Новой газеты» в Санкт-Петербурге» пабываў на адкрыцці «ПВК Вагнэр Цэнтру» і даведаўся, што гэта такое: спроба стварыць акселератар патрыятычных праектаў «дзеля ўмацавання абароназдольнасці краіны». Галоўная ўмова – любоў да радзімы, як яны яе разумеюць. Пакуль жа ў «Вагнэр Цэнтры» ладзяць лекцыі для дзяцей на тэму «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

«Мяркуецца, што там будуць прымаць культурніцкія, тэхналагічныя, IT-праекты. Але тое, што я пабачыў на адкрыцці, – гэта хутчэй зборышча нейкіх хадакоў, якія проста хочуць грошай ад дзяржавы і не ведаюць, як іх атрымаць. Ніякіх IT-стартапаў я там не ўбачыў. Пакуль гэта проста офісны будынак, голыя офісныя памяшканні», – распавёў Раманаў.

Ён не выключыў, што філіял гэтага «ПВК Вагнэр Цэнтру» некалі зʼявіцца і ў Беларусі, адкуль працягваецца адʼезд айцішнікаў і дзе апошнім часам стала багата вольных офісных памяшканняў.

«Пакуль я не бачу ў гэтым неабходнасці, паглядзім, як яны тут будуць развівацца. Пакуль гэта выглядае як вялікі PR-праект. Калі гэта атрымае развіццё, я не выключаю, што і ў Беларусі можа адкрыцца такі цэнтр, ніякіх перашкод для гэтага не бачу», – заўважыў Раманаў.

Агулам, кажа журналіст, цяпер Прыгожын і ягоная групоўка занятыя Украінай, пакуль ім не да Беларусі. Хаця пры неабходнасці «вагнэраўцы» могуць выканаць на просьбу Аляксандра Лукашэнкі нейкае «далікатнае» заданне.

«Я не выключаю, што ў нейкі момант Лукашэнка ці ягоныя нейкія структуры могуць звярнуцца да Прыгожына, бо гэта менавіта тое, што трэба для развязання ценевых, нелегальных пытанняў, абсалютна па-за законам. Калі такая неабходнасць узнікне, мяркую, да Прыгожына абавязкова звернуцца», – канстатуе Серафім Раманаў.

«Гэта прыватная банда, а не вайсковая кампанія»

Яўген Прыгожын сцвярджае, што стварыў ПВК Вагнэра ў 2014 годзе, «калі пачаўся генацыд расейскага насельніцтва Данбасу». Як распавёў «Белсату» Дзяніс Караткоў – журналіст цэнтру «Дасье», які раней працаваў у «Новой газете» і шмат пісаў пра групоўку Вагнэра, бізнесовец мог сабраць фармаванне з уласнай ініцыятывы, але з ухвалення асабіста прэзідэнта Уладзіміра Пуціна: «На іншым узроўні такія пытанні не вырашаюцца».

«Аніякай вайсковай кампаніяй групоўка Вагнэра не зʼяўляецца. Ёсць такое дрэннае слова, якое апошнім часам выкарыстоўваецца да чаго заўгодна, – гібрыды. Вось лепшага слова для іхнага азначэння няма. Цяпер у Расеі дзейнічае ўзброеная арганізацыя, не скаваная ніякімі нормамі права. Нельга абмежаваць правам таго, хто не існуе ў прававым полі», – падкрэсліў Караткоў.

Офіс у «ПВК Вагнэр Цэнтры». Санкт-Пецярбург, Расея.
Фота: «ПВК Вагнэр Цэнтр» / Telegram

Караткоў папярэдзіў пра наступствы існавання такой незаконнай структуры. Кажа, што Расею можна прызнаць недзеяздатнай дзяржавай (у англійскай мове ёсць такі тэрмін: failed state).

«Чаму Пуцін дазволіў гэты эксперымент, у мяне няма адказу. Уся карысць ад выкарыстання гэтай сілы нівелюецца хібнымі наступствамі. Калі дзяржава дэлегуе права ўжывання гвалту, узброенага гвалту, прыватнай бандзе, што падпарадкоўваецца не дзяржаўным структурам, а асобе, якая не займае аніякай дзяржаўнай пасады, калі дзяржава ўзгадняе стварэнне фактычна прыватнай, няхай і невялікай, але ўжо арміі, – гэта сведчыць пра тое, што Расею трэба прызнаваць недзеяздатнай дзяржавай», – мяркуе Караткоў.

Ці ёсць пагроза групоўкі Вагнэра для Беларусі?

Дзяніс Караткоў не сумняваецца, што Крэмль можа ўмяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі, калі пабачыць пагрозу выхаду краіны з-пад уплыву Расеі. Але цяжка сказаць, якімі менавіта сродкамі адбудзецца гэткае ўмяшанне. Не выключана, што і сіламі «вагнэраўцаў». Усё залежыць ад таго, што ў Крамлі палічаць мэтазгодным.

«Ці будзе гэта Расгвардыя, ці будзе гэта армія, ці будуць гэта найміты Прыгожына – гэта непрадказальнае пытанне. Тое, што ў нас ужо даўно Пуцін кіруецца менавіта мэтазгоднасцю ў тым, як ён яе разумее, а не законнасцю, – гэта ўжо аксіёма», – кажа Караткоў.

Паводле ягонай інфармацыі, у 2020 годзе ў Беларусі былі сілавікі Нацыянальнай гвардыі Расеі, якія былі гатовыя паўдзельнічаць у разгоне пратэстаў.

«У мяне няма доказаў, але ёсць сведчанні. Я дапускаю, што мяне маглі дэзынфармаваць, але сумняваюся ў гэтым. Фармаванні пецярбургскага АМАПу былі на тэрыторыі Беларусі, аднак не ўдзельнічалі ні ў якіх падзеях і не пакідалі месца дыслакацыі», – распавёў суразмоўца «Белсату».

Пакуль жа, адзначыў журналіст, няма ніякіх сведчанняў, што Прыгожын або Пуцін праз Прыгожына паставілі нейкія задачы для арміі Вагнэра на беларускім кірунку.

«Я гэтага не бачу. Няма ніякіх звестак пра якія-кольвек дзеянні Прыгожына ці ягонай групоўкі ў Беларусі», – сказаў Караткоў.

Ён таксама дапусціў, што ўзброенае фармаванне Прыгожына можа адыграць сваю ролю, калі ў Расеі пачнецца сапраўдны мяцеж «у выпадку разбурэння дзяржаўных структураў, разбурэння дэмаралізаванай арміі, у выпадку пачатку вайны ўсіх супраць усіх».

Hавiны
ГУР Украіны: ПВК Вагнэра вярбуе наймітаў у Беларусі
2022.10.08 23:14

«Прыгожын пужае расейскую эліту»

Топ-менеджары расейскіх кампаніяў і чыноўнікі з непакоем назіраюць за тым, як асобы, якіх яны лічылі маргінальнымі, цяпер павялічваюць свой уплыў. У тым ліку – Яўген Прыгожын.

Як даведалася агенцтва «Bloomberg», ягоныя публічныя заклікі да «тэрміновых сталінскіх рэпрэсіяў» супраць бізнесоўцаў, якія не дэманструюць энтузіязму ў падтрыманні вайны, прымусілі заможных расейцаў баяцца за бяспеку сваю і сваіх семʼяў. А неназваны расейскі чыноўнік параўнаў цяперашнюю сітуацыю ў краіне з ваеннай дыктатурай.

Hавiны
«Рабіце з украінцамі што хочаце». Прыгожын набраў у ПВК «Вагнэр» тысячу чалавек з расейскіх калоній
2022.09.01 18:11

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў