Херсонцы падрыхтаваліся сустракаць ЗСУ. У цэнтры гораду вывешваюць украінскія сцягі


Хоць па стане на дзень 11 лістапада незразумела, ці сышлі расейскія войскі на іншы бераг, Херсон ужо рыхтуецца сустракаць вызваленне. Вярхоўная рада Украіны і кіраўнік Офісу прэзідэнта намякаюць, што дзень стане гістарычным.

Жыхары Херсону збіраюцца на плошчы перад абласной адміністрацыяй. Херсон, Украіна. 11 лістапада 2022 года.
Фота: jurnko / Telegram

Днём 11 лістапада херсонскі журналіст Канстанцін Рыжэнка апублікаваў фота, на якім людзі збіраюцца перад абласной адміністрацыяй у цэнтры Херсону, а на п’едэстале колішняга помніка Леніну хтосьці павесіў сцягі Украіны і Еўразвязу. Ягоныя здымкі апублікаваў таксама канал Вярхоўнай рады. Па горадзе ездзяць машыны з украінскімі сцягамі.

Пры гэтым невядома, ці ўвайшлі ў горад украінскія вайскоўцы: цягам раніцы публікаваліся кадры з украінскімі вайскоўцамі блізу Херсону (напрыклад, такія), хадзілі чуткі (напрыклад, такія) пра з’яўленне Збройных сілаў Украіны на ўскраіне гораду. Але яшчэ ноччу і раніцай расейскія войскі перапраўляліся з Херсону на іншы бераг па часовай пераправе ўздоўж узарванага імі Антонаўскага моста.

На мапе расейскага Міністэрства абароны Херсон ужо вызвалены, хоць прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна ўсё яшчэ называе Херсон расейскай тэрыторыяй.

Херсон – адзіны абласны цэнтр Украіны, які Расеі ўдалося захапіць з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне 24 лютага 2022 года. Горад трапіў пад акупацыю ўжо 2 сакавіка, аднак мясцовыя жыхары працяглы час выходзілі на масавыя мірныя пратэсты, а партызаны актыўна ладзілі дыверсіі, забівалі калабарантаў.

Усё лета Украіна анансавала контрнаступ на херсонскім напрамку, але насамрэч зладзіла нечаканы для расейскіх войскаў контрнаступ на харкаўскім напрамку. Але і на херсонскім напрамку вяліся актыўныя баявыя дзеянні, лінія фронту паступова «напаўзала» на Херсон. 9 лістапада Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу аддаў загад вывесці войскі з Херсону на левы бераг Дняпра.

Hавiны
Адступленне Расеі з Херсону і новая дапамога ЗША. Галоўнае пра вайну ва Украіне ранкам 11 лістапада
2022.11.11 10:12

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў