«Гістарычны дзень». Украінскія войскі вярнулі Херсон і дайшлі да правага берага Дняпра


Вызваленне Херсону пацвердзіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, а Генеральны штаб ЗСУ паведаміў пра выхад украінскіх вайскоўцаў да правага берага Дняпра.

У вечаровым звароце Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія спецпадраздзеленні ўжо знаходзяцца ў горадзе, а асноўныя сілы – на падыходзе.

«Сёння – гістарычны дзень. Мы вяртаем Херсон. Па стане на зараз нашы абаронцы на подступах да горада, застаецца яшчэ зусім няшмат і пачынаем заходзіць. Але спецыяльныя падраздзяленні ўжо ў горадзе. Херсонцы чакалі. Ніколі не адмаўляліся ад Украіны. Надзея на Украіну заўсёды апраўдваецца, і Украіна заўсёды вяртае сваё», – заявіў прэзідэнт.

Дарадца міністра абароны Украіны Юры Сак паведаміў у інтэрв’ю Бі-бі-сі, што на дадзены момант Херсон амаль пад поўным кантролем ЗСУ. Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка заявіў, што на тэрыторыі горада і іншых дэакупаваных паселішчаў пачаліся стабілізацыйныя мерапрыемствы.

Пра паспяховае прасоўванне ЗСУ на Херсоншчыне паведамілі і ў Генеральным штабе:

«Сілы абароны працягваюць вызваленне ўкраінскіх земляў на Херсонскай напрамку. У ходзе паспяховых наступальных дзеянняў перадавыя падраздзяленні нашых войскаў у некаторых месцах ужо дайшлі да правага берага Дняпра».

Пра тое, што ўкраінскія вайскоўцы ўвайшлі ў Херсон, стала вядома ў сярэдзіне дня 11 лістапада. На відэароліках, якія распаўсюджваюцца 11 лістапада ў сеціве, бачна, што ўкраінскіх вайскоўцаў радасна сустракаюць мясцовыя жыхары: яны дзякуюць жаўнерам за вызваленне і скандуюць «ЗСУ!».

Аб’ектыў
Херсон вяртаецца пад кантроль Украіны
2022.11.11 21:20

У Мінабароны РФ заявілі, што ўсе падраздзяленні расейскіх войскаў завяршылі адыход на левы бераг Дняпра яшчэ а 5-й раніцы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў