Адступленне Расеі з Херсону і новая дапамога ЗША. Галоўнае пра вайну ва Украіне ранкам 11 лістапада


Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 261-ы дзень. «Белсат» пераказвае галоўныя падзеі станам на ранак 11 лістапада.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец на фронце.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе ранкам 11 лістапада пра вызваленне 9 лістапада 12 населеных пунктаў на херсонскім напрамку, а прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце вечарам 10 кастрычніка кажа пра ўжо 41 вызвалены населены пункт і засцерагае: расейскія войскі пакідаюць пасля адступлення тысячы мінаў і боепрыпасаў, у тым ліку масава закладваюць міны ў Херсоне.

Наступальныя дзеянні на Херсоншчыне трываюць, піша Генштаб ЗСУ. Украінцы збілі за мінулы дзень адзін расейскі верталёт, трапілі ў два пункты кіравання і 10 раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы і ўзбраенняў, у тры склады боепрыпасаў, пяць сродкаў супрацьпаветранай абароны і яшчэ два важныя расейскія вайсковыя аб’екты. ЗСУ налічыла за дзень яшчэ 710 «ліквідаваных» расейскіх вайскоўцаў – агулам з пачатку вайны 79,4 тысячы чалавек запісалі ў «ліквідаваных».

«Расейскія захопнікі працягваюць рабаваць населеныя пункты, адкуль адступаюць, – сцвярджае Генштаб ЗСУ. – Праціўнік таксама спрабуе максімальна пашкодзіць лініі электраперадач і іншыя элементы транспартнай і крытычнай інфраструктуры Херсонскай вобласці. Працягваецца прымусовае высяленне мясцовых жыхароў з асобных населеных пунктаў на часова акупаваных ворагам тэрыторыях Херсоншчыны».

Расейскія праваенныя каналы паведамляюць аб падрыве Антонаўскага моста пад Херсонам і моста на Кахоўскую ГЭС – гэта нібыта сведчыць аб заканчэнні адступлення на левы бераг Дняпра.

Ды ўкраінскае камандаванне «Поўдзень» сцвярджае, што расейскія войскі пакуль прысутнічаюць на правым беразе Дняпра, але паступова адводзяць сілы, пакідаюць міны. Перад адступленнем з Херсону расейскія войскі таксама нішчаць інфраструктуру Херсону, падарвалі кацельныя, энергетычныя аб’екты. Украінскае Міністэрства абароны чакае, што расейскае адступленне з Херсону зойме яшчэ тыдзень.

Hавiны
Пастка або вымушанае адступленне? Што адбываецца пад Херсонам і пры чым тут Беларусь
2022.11.10 16:42

Таксама расейскія войскі не спыняюць абстрэлаў па ўсёй лініі фронту, па ўкраінскіх гарадах і крытычнай інфраструктуры. За мінулы дзень ЗСУ налічылі амаль сто абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, ад якіх пацярпелі два дзясяткі населеных пунктаў Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Днепрапятроўскай, Запарожскай і Мікалаеўскай вобласці.

У прыватнасці, у Мікалаеве ў ноч на 11 лістапада ракета трапіла ў жылы пяціпавярховы дом, загінулі пяць чалавек. У Вінніцкай воласці трапілі ў аб’ект крытычнай інфраструктуры, але абышлося без ахвяраў.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расейскае адступленне з Херсону на левы бераг Дняпра яшчэ зойме нейкі час, але «Украіна трымае ініцыятыву і знаходзіцца ў працэсе забеспячэння буйной перамогі ў Херсоне». Спынення агню ў бліжэйшы час не чакаюць – гэта дала б Крамлю паўзу для аднаўлення сілаў. ISW не лічыць, што баявыя дзеянні спыняцца ці зойдуць у тупік праз зімовае надвор’е.

Таксама ISW адзначае, што расейскія войскі пачалі будаўніцтва другой лініі ўмацаванняў на поўдні Украіны і ў акупаваным Крыме, працягваюць спробы наступу пад Бахмутам, Аўдзееўкай і на захад ад Данецку, але ўкраінскія войскі вядуць контрнаступ на лініі Сватава-Крэмень.

Брытанская выведка адзначае, што ўжо месяц, ад 10 кастрычніка Расея вядзе хвалі атак на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру. Паспяховасць атак і магчымасць аднаўлення інфраструктуры розніцца, але агулам пашкоджанні амаль дакладна прывядуць да адчувальных наступстваў для насельніцтва зімой. Дыспрапарцыйны эфект на цывільнае насельніцтва сведчыць, што Расея мае намер біць па маральным духу мірных жыхароў.

Злучаныя Штаты вечарам 10 лістапада прынялі рашэнне аб новым пакеце дапамогі Украіне на суму да 400 млн долараў – ужо 25-е такое рашэнне ў межах дапамогі, якая з пачатку поўнамаштабнай вайны перасягнула 18 млрд долараў. У новы пакет дапамогі маюць увайсці сістэмы супрацьпаветранай абароны «Avenger» і аўтамабілі HMMWV, ракеты і снарады, гранатамёты, міны, стралковая зброя і патроны, абарончы рыштунак на халоднае надвор’е.

Hавiны
Ва Украіне загінуў ваяр з Палка Каліноўскага. Яшчэ некалькі беларусаў параненыя
2022.11.10 20:50

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў