Затрымалі чэмпіёнку свету ў фрыстайле Аляксандру Раманоўскую


Схапілі пасля трэнавання. Прычыны невядомыя, фармальна – за «непадпарадкаванне».

Аляксандра Раманоўская.
Фота: aleksandra.romanovskaya / Facebook

Фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую затрымалі пасля трэнавання 10 лістапада каля 16:30, паведамляе Фонд спартовай салідарнасці.

Паводле фонду, сілавікі спынілі машыну Раманоўскай, даставілі жанчыну ў Партызанскі РУУС Менску, потым у ізалятар часовага ўтрымання, склалі пратакол за «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню» (арт. 24.3 КаАП РБ). Маці спартоўкі сказала, што машыну атлеткі маглі спыніць за налепку з гербам Пагоня.

Аляксандра Раманоўская – чэмпіёнка свету па лыжнай акрабатыцы і спартоўка года ў Беларусі – 2019. Яе год таму звольнілі з нацыянальнай каманды. Афіцыйная прычына – за прагулы (калі яна вазіла ў шпіталь бацьку з інсультам), але Аляксандра раней крытыкавала гвалт у дачыненні пратэстоўцаў. Спартоўка прадала свой залаты медаль на аўкцыёне за 15 тысяч долараў, а грошы перадала Фонду спартовай салідарнасці.

Палітычныя затрыманні ў Беларусі адбываюцца практычна штодня. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 10 лістапада таксама затрымалі жонку палітзняволенага ў «справе Рабочага руху» Аляксандра Капшуля Аксану (адпусцілі пасля допыту), жыхара вёскі Сёмкава Менскага раёну Дзмітрыя Герасімовіча (даставілі ў Заслаўскае РАУС, меркавана, за бел-чырвона-белы аркуш на дзвярах прыватнага дому), бабруйца Сяргея Бяляева (змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, за што, невядома).

Hавiны
Бурэль: Міграцыйны крызіс распальваюць, каб адцягнуць увагу ад рэпрэсіяў у Беларусі
2021.11.11 11:12

AA belsat.eu

Стужка навінаў