Следчыя закупілі кашалькі для крыптавалютаў

Пераплацілі: можна было знайсці танней у 2-3 разы.

Крыптакашалёк у форме флэшкі і сувенірныя манеты з лагатыпам «Bitcoin». Фота: Zach Copley / Wikimedia, CC BY-SA 2.0

У верасні 2021 года Цэнтральны апарат Следчага камітэту Беларусі закупіў за 1500 рублёў два апаратныя крыптакашалькі. У пачатку лістапада яшчэ адзін купіў за 650 рублёў менскі СК, потым двойчы купляў за 1000 рублёў віцебскі абласны СК.

Навошта ім такія прылады, не паведамляюць.

Крыптакашалькі – прылады, падобныя да флэшак, якія падлучаюцца да камп’ютараў праз USB-парты і дазваляюць абараніць трансакцыі ад хакераў. У Менску такі апарат можна набыць менш як за 300 рублёў. Следчыя праводзілі закуп з адной крыніцы, прадаўца не называлі.

Крыптавалюты дазваляюць праводзіць фінансавыя аперацыі так, каб адпраўнік і атрымальнік грошай заставаліся ананімнымі, але самі аперацыі былі надзейна задакументаваныя. На курсах крыптавалютаў шмат хто спекулюе, бо вартасць валютаў можа за хвілю падскочыць у некалькі разоў.

Telegram-канал «Беларусь за МКАДом» адзначае, што раней абласны суд Віцебску закупіў больш за сотню ноўтбукаў для відэагульняў. З гэтага робяць выснову, што ў Віцебску сілавікі могуць здабываць і захоўваць крыптавалюты: «геймерскія» ноўтбукі прыдатныя таксама для майнінгу – апрацоўвання звестак пра аперацыі з крыптавалютамі, за якую плацяць тымі самымі крыптавалютамі.

Майніць будуць сябры Лукашэнкі: эканамісты каментуюць ідэю здабываць біткойны з БелАЭС

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны