Прадстаўнікі ААН у Беларусі сустрэліся з мігрантамі на мяжы

Як сцвярджаюць расейскія медыі, калі прадстаўнік ААН стаў раздаваць ежу ў лагеры мігрантаў, пачалася штурханіна.

Мігранты з беларускага боку польска-беларускай мяжы. Скрыншот з відэа ДПК. Крыніца: gpkgovby / Telegram

Прадстаўнікі Управы Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у справе ўцекачоў 11 лістапада наведалі лагер мігрантаў на беларускай тэрыторыі блізу мяжы з Польшчаю, піша БелТА. З імі быў прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі ў справе міграцыі.

«Сітуацыя катастрафічная, і праз дзень яна будзе яшчэ горшая, думаю, – заявіў прадстаўнік Управы ў справе ўцекачоў у Беларусі Мулюсэў Мамо. – Неабходна нешта рабіць. Пастаўкі гуманітарнай дапамогі будуць працягнутыя».

Пад польскую мяжу прыйшлі яшчэ 200 мігрантаў. Ноччу 150 спрабавалі прарвацца ў Польшчу

Падчас візіту прадстаўнік ААН стаў раздаваць мігрантам ежу, але пачалася штурханіна. Ці ёсць пацярпелыя, невядома.

Дэлегацыя дала мігрантам не толькі партыю гуманітарнай дапамогі, але і інфармацыю пра альтэрнатыўныя шляхі на радзіму (мігранты раней неаднаразова заяўлялі, што беларускія сілавікі не выпускаюць іх з мяжы).

Сама ўправа пакуль не паведамляла пра цяперашні візіт, яго вынікі і высновы. Мамо ўжо наведваў мігрантаў на беларуска-польскай мяжы ў жніўні.

Беларускі бок заяўляе, што ў лагеры то 1700 чалавек, то каля 3000.

Тлумачым, чаму мігранты ідуць праз Беларусь на Нямеччыну і што кажуць улады

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны