Павел Латушка пра апошнія дзеянні Лукашэнкі: «Прымус да перамоваў»


Беларускія ўлады не спяшаюцца развязваць сітуацыю з мігрантамі на мяжы з Польшчай, а сам Лукашэнка пагражае Захаду перакрыццём транзіту і паставак газу. Belsat паразмаўляў з Кіраўніком Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Паўлам Латушкам пра прычыны такіх дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.

Віцэ-дырэктар Купалаўскага тэатру, віцэ-міністр культуры Беларусі, кіраўнік і заснавальнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення (НАУ) Павел Латушка. Са спецрэпартажу Белсата «Няродны кут».
Фота: ЮШ / Белсат

Кіраўнік НАУ Павел Латушка мяркуе, што ўсе цяперашнія дзеянні рэжыму Лукашэнкі адносна сітуацыі на мяжы з Польшчай – гэта рэалізацыя адмысловага сцэнарыя, пры дапамозе якога плануецца прымусіць Захад пайсці перамовы.

«Зараз Лукашэнкам рэалізуецца сцэнар, які можна назваць «прымус да перамоваў». Першы крок мы ўжо бачым на працягу некалькіх месяцаў – гэта гібрыдная атака ў бок Еўрапейскага звязу. Тысячы нелегальных мігрантаў сцягваюцца ў Беларусь, перамяшчаюцца да межаў і затым спрабуюць патрапіць у ЕЗ. Другі крок – гэта тое, што падчас візіту ў Маскву Макей заявіў аб прызнанні Крыму з боку Беларусі. Гэта вельмі важная і моцная заява, антыўкраінская заява. Пазней мы бачым, што ядзерныя бамбардыроўшчыкі Ту-160 і Ту-22М3 пачынаюць палёты над тэрыторыяй Беларусі. Гэта ўжо пагроза ядзернай зброяй. Трэці крок – гэта размова Пуціна з Меркель. Чацвёртае – гэта тое, што мы пачулі сёння: Лукашэнка фактычна заяўляе пра падрыхтоўку сцэнарыя ваеннага канфлікту на мяжы».

На думку кіраўніка НАУ, выкананне сцэнарыя Лукашэнкі не абыходзіцца без дапамогі Расеі, але робіць яна гэта ў першую чаргу ў сваіх інтарэсах.

«Расея выконвае мэту сваіх нацыянальных інтарэсаў – кантраляваць тэрыторыю Беларусі і захопліваць яе. Ускосна Расея спрабуе дапамагчы і Лукашэнку прымусіць ЕЗ размаўляць з ім, прызнаць яго і заблакаваць санкцыі. Бо за гэтыя санкцыі цяпер плаціць Расея і будзе плаціць яшчэ больш».

У размове Павел Латушка падзяліўся падрабязнасцямі звестак пра тое, што КДБ Беларусі плануе ўзброены канфлікт на мяжы з ЕЗ, у рэалізацыі якога збіраюцца выкарыстаць замежных баевікоў.

«З нашых крыніцаў, якія мы атрымалі яшчэ некалькі месяцаў таму, вядома, што ў Віцебскай вобласці праходзілі падрыхтоўку дзве групы – група іракцаў і група афганцаў. Яны маюць адпаведны досвед баявых дзеянняў. Яны рыхтаваліся і рыхтуюцца для таго, каб прыняць удзел у патэнцыйным узброеным канфлікце на мяжы з Еўрапейскім саюзам. Адпаведная зброя была ўжо дастаўленая ў Беларусь, але гэта адбылося не з тэрыторыі Данбасу, а з Афганістану праз Таджыкістан. Бо ў канцы кастрычніка два ваенна-транспартныя самалёты Міністэрства абароны Беларусі прызямліліся ў аэрапорце Айні ў Таджыкістане. На борце знаходзілася група выведкі КДБ Беларусі, яна забяспечыла дастаўку трафейнай зброі амерыканскай і савецкай вытворчасці. Для каго? Менавіта для гэтых дзвюх групаў іракцаў і афганцаў, якія ўжо падрыхтаваныя да ўдзелу ў патэнцыйным ваенным канфлікце».

Паводле Паўла Латушкі, цяперашняя сітуацыя з мігрантамі на мяжы – гэта частка плану Лукашэнкі.

«Сёння Лукашэнка паказвае тое, што пакутуюць мігранты, ён прадае гэтую карцінку ўсяму свету. Гэта галоўная зброя, якую ён выкарыстоўвае. Гэта зацверджаны сцэнарый, і ўвесь сілавы апарат працуе на гэта. Беларускі бок рыхтуе глебу для таго, каб абвінавачваць польскі бок, Еўрапейскі звяз ці НАТА».

На гэтым фоне Павел Латушка выступае за прызнанне Лукашэнкі міжнародным тэрарыстам.

«За гэта адказны менавіта сам Лукашэнка, бо ён робіць гэта ўсё толькі дзеля таго, каб захаваць сваю ўладу. І таму гэта з’яўляецца падставай для прызнання яго міжнародным тэрарыстам. Ён выкарыстоўвае людзей, якія паміраюць на мяжы, дзеля вырашэння сваіх палітычных мэтаў. Так жа, як ён і тэрарызуе беларусаў, мы ні ў якім разе не павінныя забывацца пра гэта».

Вырашэнне ж самой сітуацыі на мяжы Павел Латушка бачыць у кансалідаваных дзеяннях Захаду, які не павінен ісці на дыялог з Лукашэнкам.

«Праблему мігрантаў прапанавалі вырашыць прадстаўнікі ААН – яны прапанавалі надаць ім адпаведны статус у Беларусі, бо яны тут знаходзяцца легальна як турысты, альбо дапамагчы ім вярнуцца ў свае краіны. Вось гэта быў бы прававы выхад з сітуацыі. Увесь фінансавы цяжар павінен прыняць рэжым Лукашэнкі, які гэта ўсё арганізаваў. Але размаўляць з тэрарыстам – гэта апошняя справа. Толькі моцная кансалідаваная пазіцыя дэмакратычнага свету можа прыпыніць Лукашэнку».

Поўную размову з кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам можна паглядзець тут: https://www.youtube.com/watch?v=z7JWogWl314

ВК, Belsat

Стужка навінаў