Да польскай мяжы прыйшлі яшчэ 200 мігрантаў. Уначы 150 спрабавалі прарвацца ў Польшчу


Каля мяжы на беларускім баку застаюцца больш за дзве тысячы мігрантаў.

Узброеныя байцы без апазнавальных знакаў пільнуюць лагер мігрантаў з беларускага боку мяжы ў ваколіцах Кузніцы. 10 лістапада 2021 года.
Фота: Terytorialsi / Twitter

Памежны камітэт Беларусі заявіў 11 лістапада, што да польскай мяжы цягам дня прыбылі некалькі групаў мігрантаў, агулам каля 200 чалавек.

Беларускія памежнікі прызнаюць, што халоднае надвор’е, брак ежы і вады ствараюць пагрозу фізічнаму стану людзей. Сцвярджаюць, што медыкі на беларускім баку аказваюць дапамогу, у тым ліку дапамаглі дзвюм жанчынам з пераахалоджваннем і траўмамі галавы, аднаму дзіцяці – з пераахалоджваннем.

Памежнікі звяртаюць увагу на тое, што з польскага боку «не дапускаюць прадстаўнікоў СМІ і міжнародных ды гуманітарных арганізацыяў для дапамогі ўцекачам», прытым не зважаюць на тое, што мігранты застаюцца на тэрыторыі Беларусі – пад наглядам узброеных людзей у вайсковай форме без апазнавальных знакаў, без дастатковай колькасці ежы, вады і цёплага адзення.

Аналітыка
Тлумачым, чаму мігранты ідуць праз Беларусь на Нямеччыну і што кажуць улады
2021.11.10 07:00

Тым часам польскія памежнікі паведамляюць пра перадухіленне 468 спробаў нелегальна перайсці беларуска-польскую мяжу толькі за 10 лістапада.

У ноч на 11 лістапада група са 150 чалавек у раёне Белавежы спрабавала гвалтоўна прарвацца ў Польшчу, кідала ў памежнікаў розныя прадметы, намагалася разбурыць плот. У раёне Шудзялова мігранты напалі на польскага жаўнера, ударылі палкай у грудзі. У абодвух выпадках памежнікі не пацярпелі моцна, але былі вымушаныя страляць у паветра.

Ад гвалту на мяжы цярпяць не толькі мігранты і польскія сілавікі: блогер Антон Матолька 11 лістапада апублікаваў відэа, на якім мігранты б’юць палкамі беларускіх сілавікоў. Сцвярджаюць, што гэта адбывалася 8 лістапада, калі мігранты спрабавалі мінуць мяжу праз легальны пераход, а сілавікі іх туды не прапускалі і скіроўвалі ў лес.

Улады Беларусі рэагуюць на міграцыйны крызіс заявамі аб правакацыях і абвінавачаннямі ў бок Польшчы, Літвы і ЗША.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савету міністраў 11 лістапада абураўся тым, што палякі «нахабна» і «без папярэджання» сцягнулі войскі да мяжы – паводле яго, там нібыта ўжо «15 тысяч вайскоўцаў, танкі, браняваная тэхніка, верталёты паляцелі з самалётамі».

Hавiны
Чаго Лукашэнка дамагаецца міграцыйным крызісам? Разважае беларускі вайсковы эксперт
2021.11.08 18:50

Таксама Лукашэнка заявіў, што ў лагер мігрантаў хтосьці спрабуе «перакінуць зброю і боепрыпасы, каб справакаваць канфлікт». Хто гэта робіць у лагеры на беларускай тэрыторыі пад аховаю беларускіх «зялёных чалавечкаў», ён не сказаў.

Але загадаў рэагаваць на будучы пяты пакет санкцыяў Еўразвязу: «Мы ім дараваць нічога не павінны».

Hавiны
Лукашэнка намякнуў на перамовы ў віншаванні Польшчы са Святам незалежнасці
2021.11.11 09:25

Тым часам у Менску застаецца вялікая колькасць мігрантаў. Адна група сабралася з рэчамі каля Палацу спорту. Жывую трансляцыю сходу вядзе тэлеканал NRT.

АА belsat.eu

Стужка навінаў