Лукашэнка намякнуў на перамовы ў віншаванні Польшчы са Святам незалежнасці


Лукашэнка заклікаў да дыялогу тую самую Польшчу, якую ён вінаваціць у міграцыйным крызісе і якая разам з Еўразвязам ды ЗША лічыць гэты крызіс ягонаю гібрыднай атакай.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка выступае на сходзе прадстаўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюзу спажывецкіх таварыстваў. 8 кастрычніка 2021 года.
Фота: president.gov.by

Польшча адзначае 11 лістапада Нацыянальнае свята незалежнасці – у дзень, калі Польшча ў 1918 годзе аднавіла суверэнітэт пасля 123 гадоў з апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі апублікавала віншаванне.

Віншаванне адрасаванае не кіраўнікам Польшчы, а польскаму народу. Яно не толькі ад імя Лукашэнкі, але і ад імя «міралюбівага і шматнацыянальнага народу Беларусі».

Паводле тэксту, народы Беларусі і Польшчы звязваюць «трывалыя вузы», заснаваныя не толькі на «агульнасці духоўных і культурных каштоўнасцяў», але і на «добрасуседскіх гуманітарных і эканамічных кантактах».

«Рэалізаваць прагматычныя аб’яднальныя ідэі» Беларусь і Польшча могуць, паводле тэксту, «шляхам адкрытасці і рацыянальнага дыялогу, неўпярэджанага погляду на мінулае і сучаснасць».

«Перакананы, што прынцыпы неўмашальніцтва ва ўнутраныя справы, знакавыя інвестыцыйныя праекты, супольная праца на міжнароднай арэне на карысць стабільнасці і бяспекі паслужаць сапраўднаму ўмацаванню незалежнасці ды суверэнітэту нашых краінаў, стануць цвёрдым падмуркам для захавання міру і канструктыўнай супрацы», – гаворыцца ў віншаванні.

Артыкулы
«Мы не саступім». Што прэзідэнт Польшчы сказаў пра Беларусь на Генасамблеі ААН
2021.09.22 10:48

І Польшча, і Еўракамісія, і нават Злучаныя Штаты лічаць дзеянні Беларусі ў міграцыйным крызісе гібрыднай атакай. Лукашэнка вінаваціў у крызісе Літву, Польшчу і Злучаныя Штаты.

Эксперты сумняюцца, што шантаж мігрантамі дапаможа Менску сесці за стол перамоваў з Еўразвязам. Наўрад ці міграцыйны крызіс дапаможа нават, каб Польшча «перадала Захаду мэсідж» Лукашэнкі пра жаданне перамоваў з ім пра ягоную «легітымізацыю».

ВІДЭА
Лукашэнка павялічвае міграцыйны прэсінг. Захад можа яго затрымаць? Інтэрв’ю з аналітыкам Марэкам Будзішам
2021.11.08 18:05

У дзень, калі на Польшчу з Беларусі пайшоў караван мігрантаў, беларускія праўладныя спікеры заклікалі Польшчу да перамоваў з уладамі Беларусі. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў той дзень стэлефаноўваўся са Святланаю Ціханоўскаю.

На канец лістапада ў Вене запланаваныя шматбаковыя перамовы. Вядома, што ў іх возмуць удзел беларускія дэмакратычныя сілы і ў прыватнасці Ціханоўская, а таксама высокапастаўленыя прадстаўнікі заходніх краінаў. Ці будуць там прадстаўнікі ці прынамсі прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі, невядома.

Дэмакратычныя сілы не раз заклікалі рэжым Лукашэнкі сесці за стол перамоваў дзеля развязання палітычнага крызісу. Улады адказвалі на гэта шматлікімі крымінальнымі справамі і рэпрэсіямі.

Аналітыка
Тлумачым, чаму мігранты ідуць праз Беларусь на Нямеччыну і што кажуць улады
2021.11.10 07:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў