Галоўнае за дзень. Спробы прарыву праз мяжу і штраф для чэмпіёнкі свету

«Белсат» падводзіць вынікі 11 лістапада – 458-га дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Да польскай мяжы прыйшлі яшчэ 200 мігрантаў. Уначы 150 спрабавалі прарвацца ў Польшчу

Мігранты і польскія памежнікі. Фота: MSWiA_GOV_PL / twitter

Польскія памежнікі паведамляюць пра перадухіленне 468 спробаў нелегальна перайсці беларуска-польскую мяжу толькі за 10 лістапада.

Каля мяжы на беларускім баку застаюцца больш за дзве тысячы мігрантаў.

У ноч на 11 лістапада група са 150 чалавек у раёне Белавежы спрабавала гвалтоўна прарвацца ў Польшчу, кідала ў памежнікаў розныя прадметы, намагалася разбурыць плот. У раёне Шудзялова мігранты напалі на польскага жаўнера, ударылі палкай у грудзі. У абодвух выпадках памежнікі не пацярпелі моцна, але былі вымушаныя страляць у паветра.

Колькі беларусаў з’ехала з краіны за апошнія 15 месяцаў? Разбіраемся

Прадстаўнікі ААН у Беларусі сустрэліся з мігрантамі на мяжы

Калі пачалі раздаваць ежу ў лагеры мігрантаў, пачалася штурханіна.

Прадстаўнікі Управы Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у справе ўцекачоў 11 лістапада наведалі лагер мігрантаў на беларускай тэрыторыі блізу мяжы з Польшчаю. З імі быў прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі ў справе міграцыі.

«Сітуацыя катастрафічная, і праз дзень яна будзе яшчэ горшая, думаю, – заявіў прадстаўнік Управы ў справе ўцекачоў у Беларусі Мулюсэў Мамо. – Неабходна нешта рабіць. Пастаўкі гуманітарнай дапамогі будуць працягнутыя».

Павел Латушка пра апошнія дзеянні Лукашэнкі: «Прымус да перамоваў»

Прэзідэнт ЗША падтрымаў ідэю ўвесці санкцыі супраць авіякампаніяў за міграцыйны крызіс

Урзуля фон дэр Ляен і Джо Байдэн на перамовах у Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 10 лістапада 2021 года. Фота: Ursula von der Leyen / Twitter

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн і прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен правялі сустрэчу ў Белым доме. Цягам апошніх тыдняў яны ўжо некалькі разоў сустракаліся. Сярод абмеркаваных тэмаў быў і міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу.

«Мы абсалютна падзяляем ацэнку гэтага як гібрыднай атакі аўтарытарнага рэжыму з мэтаю дэстабілізаваць дэмакратычных суседзяў, – сказала прэзідэнтка Еўракамісіі наконт. – І яна не будзе паспяховаю. Мы абаронім нашыя дэмакратыі».

Байдэн згодны з прэзідэнткай Еўракамісіі ў тым, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі – «гібрыдная атака».

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль выступіў з заявай ад імя Еўразвязу адносна міграцыйнага крызісу на беларускіх межах.

Падзеі на межах Беларусі Бурэль называе спланаваным выкарыстаннем беларускім рэжымам уразлівых людзей у якасці інструмента для дасягнення палітычных мэтаў. І гэта, піша ён, набывае трывожнае вымярэнне: групы мігрантаў у суправаджэнні ўзброеных сілавікоў спрабуюць прарвацца праз межы Еўразвязу.

«Гэта сведчыць пра цынізм беларускага рэжыму, які, распальваючы крызіс на вонкавых межах Еўразвязу, спрабуе адцягнуць увагу ад сітуацыі ў краіне, дзе жорсткія рэпрэсіі ды парушэнні правоў чалавека працягваюцца і нават пагаршаюцца», – піша Бурэль.

«Чарговы форс-мажор, з якім трэба працаваць». Як сітуацыя на мяжы паўплывала на грузаперавозкі?

Затрыманай учора чэмпіёнцы свету ў фрыстайле Аляксандры Раманоўскай прысудзілі штраф

Аляксандра Раманоўская. Фота: aleksandra.romanovskaya / Facebook

Аляксандру Раманоўскую затрымалі пасля трэнавання 10 лістапада каля 16:30. Сілавікі спынілі машыну спартсменкі, і даставілі яе ў Партызанскі РУУС Менску, а потым у ізалятар часовага ўтрымання, дзе на яе склалі пратакол.

Сёння над спартсменкай адбыўся суд. Аляксандру абвінавацілі ў «парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства» па арт. 24.23 КаАП і прысудзілі штраф у памеры 90 базавых велічыняў (гэта 2610 бел. рублёў).

Маці дзяўчыны паведамляла, што гэта можа быць звязана з налепкай з гербам Пагоня, якая была на машыне атлеткі.

«Адраджэнне рэкруцкай павіннасці». Ці чакаць уцёкаў студэнтаў ад 10-гадовага размеркавання для медыкаў

Мянчанцы далі 10 содняў арышту за налепку з Пагоняй. Паскардзіўся «неабыякавы грамадзянін»

Мянчанка Аксана Зыбіна. Фота: viasnanazirae / Telegram

Аксану Зыбіну затрымалі 9 лістапада за налепку з Пагоняй на багажніку яе аўтамабіля, які яна звычайна паркуе каля Савецкага РУУСа. Пад час суда стала вядома, што затрыманне адбылося па скарзе «неабыякавага грамадзяніна», які паведаміў пра налепку ў «інфармацыйны чат-бот 102».

На судзе Аксана пагадзілася, што на машыне была налепка з гербам, але яна не бачыць у гэтым правапарушэння. Па яе словах, Пагоню яна наляпіла яшчэ ў 2018 годзе да стагоддзя БНР. Жанчына растлумачыла, што вельмі любіць Беларусь і цікавіцца яе гісторыяй:

«Ніякія грамадска-палітычныя погляды налепкай я не выказвала, толькі любоў да Радзімы».

Пра што не маўчаць кветкі? Расказваем пра фільм Андрэя Куцілы, які перамог на Варшаўскім кінафестывалі

За хабар затрыманы службовыя асобы МТЗ і БелАЗ

Канфіскаваныя грошы. Скрыншот з відэа: pressmvd / Telegram

Аператыўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі выкрылі «маштабную злачынную дзейнасць топ-менеджараў цяжкай прамысловасці», паведамляе прэс-служба МУС.

Сямёра фігурантаў былі затрыманыя з доказамі злачынства, іх імёны не называюцца. Канфіскавана каля 100 тысяч долараў.

Лукашэнка стварае філасофскі камень

Трох менчукоў асудзілі на зняволенне за тое, што скінулі дзверы з гаўбца ў бок сілавікоў

Падсудныя зрабілі гэта, бо сілавікі збівалі невінаватага.

Цімафей Мажанкоў, Аляксей Ігнаценка, Яўген Коржаль. Кадр з відэа: МУС РБ

У судзе Фрунзенскага раёну Менску 11 лістапада суддзя Дзмітрый Лукашэвіч прызначыў 24-гадоваму Яўгену Коржалю і 23-гадоваму Цімафею Мажанкову да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Аляксею Ігнаценку (раней асуджанаму на тры гады «хатняй хіміі» за «наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання») – да трох гадоў і аднаго месяца калоніі агульнага рэжыму.

Гэта кваліфікавалі як «гвалт супраць супрацоўнікаў органаў унутраных справаў» (арт. 364 КК РБ). «Пацярпелыя» на судзе казалі, што ўцяклі, бо баяліся, што на іх зваліцца яшчэ нешта, баяліся за сваё жыццё. Ніхто з іх не пацярпеў, кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды яны не заяўлялі.

«Міліцыянер – асоба недатыкальная». Апублікаваны новы зліў ад «кіберпартызанаў»

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны