«Чарговы форс-мажор, з якім трэба працаваць». Як сітуацыя на мяжы паўплывала на грузаперавозкі?


Чарга з фураў перад памежным пераходам «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы расцягнулася амаль на 28 кіламетраў. Гміна Баброўнікі, Польшча. 10 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Міграцыйны крызіс, які набірае абаротаў з беларускага боку беларуска-польскай мяжы, паставіў пад пагрозу і транзітныя перавозкі праз Беларусь.

Хто першы закрые мяжу?

Пасля таго як 8 лістапада з беларускага боку вялікая калона мігрантаў паспрабавала прарвацца ў Польшчу, Варшава 9 лістапада цалкам закрыла пункт пропуску Кузніца (у Беларусі – Брузгі).

Hавiны
Польшча закрывае рух праз памежны пераход «Кузніца»
2021.11.09 00:23

Больш за тое, польскія ўлады разглядаюць варыянт цалкам закрыць мяжу з Беларуссю.

«У далейшых сцэнарах такі варыянт улічваецца. Цяпер мы адназначна накіроўваем дыпламатычнымі ды афіцыйнымі каналамі такую інфармацыю ўладам Беларусі, што такая пагроза існуе, калі ўлады Беларусі не спыняць гібрыднай вайны на мяжы», – паведаміў прэс-сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер.

Але з боку ўладаў Беларусі рэакцыя цалкам адваротная.

«Польшча нас палохае, што закрые мяжу. Калі ласка, закрывайце: менш уцеклых туды будзе перамяшчацца», – заявіў 11 лістапада Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён сам прыгразіў закрыць мяжу «для палякаў і, напрыклад, для немцаў».

Чэргі растуць

Тым часам чэргі на пераходах на беларуска-польскай мяжы толькі растуць. Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, на 14:00 11 лістапада выезду з краіны чакалі толькі каля 170 фураў: больш як 110 у Бераставіцы і больш як 60 у Беняконях.

Чарга з фураў перад памежным пераходам «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы расцягнулася амаль на 28 кіламетраў. Гміна Баброўнікі, Польшча. 10 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

А напярэдадні на ўезд у Беларусі чарга з фураў перад памежным пераходам Баброўнікі, што з польскага боку насупраць Бераставіцы, расцягнулася амаль на 28 кіламетраў. Менавіта сюды паехала значная частка тых, хто раней планаваў ехаць праз Кузніцу.

«Прыглядаемся да сітуацыі»

У ананімным каментары «Белсату» прадстаўнік адной з буйных лагістычных кампаніяў Беларусі заявіў, што перавознікі пакуль прыглядаюцца да сітуацыі:

«Пакуль няма чаго сказаць. Прыглядаемся да сітуацыі. Трэба трошкі пачакаць. Пакуль проста не едзем на Кузніцу, і ўсё. Усе чакаюць».

Паводле яго, кліенты пытаюць, што і як, але «яшчэ нясмела, бо ўсе разумеюць, што пакуль перайшлі на іншыя пераходы».

«Чарговы форс-мажор, з якім трэба працаваць», – падкрэсліў прадстаўнік лагістычнай кампаніі.

«Зусім непрыбыткова будзе працаваць»

Адна з галоўных праблемаў, з якою сутыкнуліся дальнабойнікі, заключаецца ў тым, што знікла набытая раней электронная чарга на пераходзе Кузніца – Брузгі.

Такі ажыятаж назіраецца ў сувязі з закрыццём пераходу ў Кузніцы ад раніцы. Аднак некаторыя кіроўцы вельмі спакойна рэагуюць на корак: не першы раз, маўляў, стаяць на мяжы. Гміна Баброўнікі, Польшча. 10 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Кіроўцам, якія меліся выязджаць у нядзелю ў пэўны час і не хвалявацца, цяпер трэба выязджаць у пятніцу і стаяць у чарзе на «Баброўнікі». Чарга там то павялічваецца, то змяншаецца. Раніцаю было 60 машынаў, а ўчора цэлы дзень – недзе 170», – кажа іншы суразмоўца з іншай лагістычнай кампаніі.

«Усе засмучаныя», – кажа суразмоўца.

У выпадку ж поўнага закрыцця транзіту на беларуска-польскай мяжы невялікія лагістычныя фірмы, якія працуюць на Польшчу і Нямеччыну, могуць сутыкнуцца з вялікімі праблемамі: «зусім непрыбыткова будзе працаваць». У вялікіх кампаніяў застануцца варыянты дыверсіфікацыі паставак.

Hавiны
Польшча можа цалкам закрыць мяжу з Беларуссю
2021.11.10 13:03

ПС belsat.eu

Стужка навінаў