У Беларусі гародніна падаражэла за месяц на 20 %


Белстат апублікаваў звесткі пра змяненне цэнаў у Беларусі ў верасні 2022 года. Агулам за месяц цэны выраслі на 0,9 %. Самае заўважнае – падаражэнне гародніны на 19,5 %.

Харчы ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Нацыянальны статыстычны камітэт паведамляе, што спажывецкія цэны выраслі ў верасні на 0,9 % у параўнанні са жніўнем. Харчы падаражэлі на 1,5 %, нехарчовыя тавары – на 0,5 %, паслугі – на 0,2 %.

Сярод харчоў адзначылася гародніна. Нягледзячы на сезон, яна падаражэла адразу на 19,5 %. Садавіна падаражэла на 8,8 %, малако і малочныя прадукты – на 1,6 %.  Марожаная рыба, наадварот, крыху патаннела: на 0,7 %, падлічыў Белстат.

У групе нехарчовых тавараў заўважна падаражэла касметыка і парфума – на 3 %, мыйныя сродкі патаннелі на 0,7 %.

Лідаруе ў росце коштаў сярод паслуг адукацыя, цэны павялічыліся на 7,7 %. Паслугі банкаў і турфірмаў падаражэлі на 3 %, а вось у дашкольных установах – зніжэнне на 8,4 %.

Белстат таксама выклаў падрабязную інфармацыю пра рост цэнаў у розных групах тавараў і паслуг. З яе вынікае, што за дзевяць месяцаў сёлета (у параўнанні са студзенем-вераснем 2021 года) больш за ўсё падаражэлі аўтамабілі.

У графе «Набыццё транспартавых сродкаў» пазначана +39,67 %. Эксплуатацыя асабістых аўтамабіляў зрабілася даражэйшаю на 23 %. На 25 % выраслі цэны на тавары для хатняй гаспадаркі. На 22 % павялічыўся кошт на дываны, а таксама на побытавыя электрапрыборы і іх рамонт. Матэрыялы для рамонту і абслугоўвання жылых памяшканняў прыбавілі ў цане на 23 %. Заўважна выраслі цэны ва ўстановах грамадскага харчавання, прычым больш за ўсё ў сталоўнях: на 23 %.

Водазабеспячэнне і іншыя камунальныя паслугі падаражэлі амаль на 17 %, электрычнасць, газ і іншыя віды паліва – на 10 %.

 

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату»: на цэны ў верасні паўплывала сезоннасць і ўсе фактары, звязаныя з нападам Расеі на Украіну. Гэта страта рынкаў, пагаршэнне лагістыкі, ускладненне разлікаў.

«У верасні заўсёды даражэе гародніна, перш за ўсё гэта памідоры і гуркі. Але цяпер дынаміка больш актыўная. Цяпер гуркі свежыя падаражэлі ў два з паловаю разы, памідоры – на 65 %. Павялічваецца доля імпарту, таму, улічваючы выдаткі, якія павялічыліся сёлета, гэта адбіваецца на росце цэнаў», – сказала экспертка.

Настасся асобна спынілася на малочнай прадукцыі, якую цяпер актыўна экспартуюць у Расею, што дапамагае стрымліваць рост цэнаў у Беларусі:

«У Расеі малочныя тавары каштуюць значна даражэй, у паўтара – два з паловаю разы. Таму ёсць магчымасць трымаць у Беларусі больш нізкія цэны за кошт экспартных паставак. Вытворцы малочнай прадукцыі могуць частку выдаткаў перакладваць на замежнага спажыўца. Для ўнутранага рынку цэны можна стрымліваць, затое больш грошай зарабіць, прадаўшы найперш у Расею».

Прагназаваць далейшы рост цэнаў складана, шмат што будзе залежыць ад анансаваных захадаў чыноўнікаў.

«Цэны не будуць замарожваць да канца года, але іх будуць жорстка кантраляваць. Які механізм яны прыдумаюць? У любым выпадку гэта будзе адміністратыўнае стрымліванне. На замарожванне не пойдуць, бо гэта калапс на рынку. Цяпер вельмі складана сказаць, што і наколькі падаражэе», – канстатавала Лузгіна.

Агулам за 9 месяцаў года цэны ў Беларусі выраслі на 14,8 %. Харчы сёлета падаражэлі на 14,4 %, нехарчовыя тавары – на 18,7 %.

Статыстыка за год (з верасня 2021 года да верасня 2022 года) сведчыць, што цэны выраслі на 17,4 %.

 

Аналітыка
«Па-першае, гэта абсурд». Што не так з поўным замарожваннем цэнаў у Беларусі, і што рабіць беларусам
2022.10.10 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў