«Сёння ўцекачам з Украіны дапамога патрэбная больш, чымся першай хвалі» – валанцёрка Наста Захарэвіч


Тэма ўцекачоў з Украіны займала першыя старонкі сусветных выданняў у канцы лютага – у сакавіку, калі Расея толькі пачала поўнамаштабную вайну. Паступова ўвага медыяў дый увогуле людзей стала пераключацца на іншыя пытанні. Але гэта не значыць, што ўцекачоў сталася меней. Больш за тое, на думку беларускай журналісткі і валанцёркі Насты Захарэвіч, якая дапамагае ўцекачам у Рызе, тым, хто бяжыць з тэрыторыяў баявых дзеянняў цяпер, дапамога патрэбная нават больш, чымся тым, хто з’язджаў у першую хвалю. Якая цяпер агулам сітуацыя з уцекачамі з Украіны ў ЕЗ, і ў Латвіі ў прыватнасці, Наста распавяла ў гутарцы з намі.

Наста Захарэвіч.
Фота: Белсат

З акупаваных тэрыторыяў ідзе новая вялікая хваля ўцекачоў

– Наста, распавядзі, калі ласка, пра сваё валанцёрства: як выглядае дапамога, якую надаеш ты з камандай, уцекачам?

– Я валанцёру ў Рызе, на аўтавакзале. Мы дапамагаем транзітным уцекачам. Да нас ідуць людзі, якія выязджаюць з акупаваных тэрыторыяў. Яны не могуць адразу ехаць на тэрыторыю Украіны, падкантрольную ўкраінцам, і таму праз Расею альбо вяртаюцца на неакупаваную частку Украіну, альбо едуць у краіны ЕЗ. І так склалася геаграфічна, што праз Рыгу.

Нашая дапамога палягае на тым, каб накарміць, знайсці, у што пераапрануцца, бо людзі часта змоклыя, альбо ў іх няма сезонных рэчаў. Таксама мы дапамагаем з квіткамі. Ёсць фонд, які аплочвае квіткі паводле канкрэтных крытэраў і напрамкаў. Калі людзям патрэбныя іншыя напрамкі і зусім няма магчымасці аплаціць, мы дапамагаем гэта зрабіць.

Мы знаходзім часовае жытло ў Рызе, калі трэба адпачыць пасля дарогі, альбо калі людзі збіраюцца застацца ў Латвіі, але прыязджаюць у выходныя ці ўвечары.

– Ці шмат цяпер уцекачоў? З цягам часу не змяншаецца колькасць?

– Шмат. За дзень мы цяпер прымаем ад 15 да 30 сем’яў. І гэта праз нас яшчэ не ўсе праходзяць. Цяпер новая вялікая хваля ўцекачоў. Быў перыяд, калі было менш – пару тыдняў таму, калі пайшоў хуткі контрнаступ украінскіх вайскоўцаў. Плыні ўцекачоў, якія да нас даязджаюць, моцна звязаныя з сітуацыяй на акупаваных тэрыторыях. Калі ідуць актыўныя баявыя дзеянні, людзі не з’язджаюць, бо няма магчымасці – зачыняюцца ўсе калідоры. І як толькі дзесьці становіцца цішэй, бягуць.

Расея цяпер наўмысна стварае вялізныя чэргі на мяжы, не выпускаючы ўцекачоў. Там дзікае беззаконне. Могуць за змену прапусціць усяго 8 сем’яў, а на наступную прыходзіць хтосьці ў лепшым настроі і прапускае 30. У выніку людзям даводзіцца жыць на вуліцы да 5 содняў.

Да нас людзі трапляюць праз некалькі гадзінаў пасля пераходу мяжы. Яны часам у не вельмі адэкватным псіхалагічным стане, фізічна выматаныя, часта наскрозь прамоклыя, кепска разумеюць, што вакол адбываецца.

«У Еўропе думалі ў пачатку вайны, што гэта ўсяго на пару тыдняў»

Цэнтр дапамогі ўцекачам з Украіны на Рыжскім аўтавакзале.
Фота: асабісты архіў валанцёркі Насты Захарэвіч

–  Ці проста выехаць цяпер з акупаваных тэрыторыяў? Ці прапускаюць?

– Няпроста. Людзі праходзяць праз фільтрацыю, кажуць, што стала яшчэ складаней пасля абвяшчэння ў Расеі мабілізацыі. Хлопцаў не ўсіх выпускаюць. З таго, што я бачу асабіста і чытаю ў чатах, законы не працуюць. Пры аднолькавым наборы дакументаў адных выпускаюць, а іншых не.

Не ўсе могуць ехаць праз фізічныя траўмы. Даязджае шмат параненых, з пераламанымі рукамі, нагамі.

З размоваў мы таксама разумеем, што шмат хто не можа выехаць з фінансавай прычыны. Асабліва цяжка, калі няма сваёй машыны, бо перавознікі бяруць вельмі дорага. Мужчына з Херсону казаў, што мінімум $ 450 з чалавека.

– Як ты думаеш, чаму, калі плыні ўцекачоў не змяншаюцца, агулам у свеце сталі менш пра іх казаць, пісаць?

– Па-першае, у любым выпадку, ад кепскіх навінаў людзі стамляюцца. Па-другое, ідуць халады, вакол моцная інфляцыя, вельмі шмат размоваў пра дарагое ацяпленне. Людзі пераключаюцца на побытавыя праблемы. Мне падаецца, што тая першая вялікая хваля падтрымкі ў Еўропе ў канцы лютага – сакавіку і на ўзроўні дзяржаваў, і на ўзроўні асобных людзей была, пакуль людзі думалі, што гэта на пару тыдняў, і што вось мы зараз усе збяромся, усё разруліцца і будзе як раней. А аказалася, што не. І, вядома, такая колькасць уцекачоў – гэта ў любым выпадку вялікая нагрузка на краіны, якія іх прымаюць. Гэта ў любым выпадку адбіваецца на ўсіх, таму назапашваецца раздражненне месцамі. Хаця фактычна тым, хто цяпер з’язджае з Украіны, дапамогі трэба нават больш, чымся першай хвалі.

– Чаму?

– У першыя дні з’язджалі людзі, якія паспелі толькі спужацца. Тыя ж, што ўцякаюць цяпер, да апошняга не хацелі выязджаць, спадзяваліся, што перасядзяць на радзіме. Ім давялося і ў склепах пажыць, і пад абстрэлы трапіць. А потым у іх разбамбілі дом, альбо яны атрымалі цяжкае раненне, ім патрэбная рэабілітацыя, яны вымушаныя з’язджаць. У большасці з іх ужо няма нічога. І зноўку ж, ідуць халады, таму плынь будзе павялічвацца. Бо тыя, хто ўлетку жыў у зруйнаваных дамах, на лецішчах і да таго падобным, узімку там заставацца не змогуць.

Латышы ставяцца да ўцекачоў па-рознаму, але шмат дапамагаюць

Даведка
Цэнтр дапамогі ўцекачам з Украіны на Рыжскім аўтавакзале.
Фота: асабісты архіў валанцёркі Насты Захарэвіч

– Уцекачы застаюцца ў Латвіі ці пераважна едуць далей?

– Латвія цяпер не шмат уцекачоў прымае, таму большасць едзе далей. Рыга не прымае ўвогуле, жытло ў выпадку  патрэбы даюць у глыбінцы, дзе не вельмі шмат працы. Ну і людзі ў большасці хочуць ехаць ва Украіну. Хоць ёсць тыя, якія застаюцца, бо ў Латвіі на побытавым узроўні з моваю не так складана, шмат хто разумее расейскую, і таму, што гэта недалёка ад Украіны, а шмат у каго ёсць надзея вярнуцца дамоў. Часам людзі такія знясіленыя, што не хочуць больш нічога шукаць: выбраліся ў бяспеку – і хопіць, трэба жыць.

– Як латышы ставяцца да ўцекачоў з Украіны?

– Па-рознаму. Латвія – вельмі палярызаваная краіна. Асабліва ў Рызе гэта вельмі заўважна, тут 45 % людзей пераважна карыстаюцца расейскаю мовай і сярод іх нямала «ватнікаў», на жаль. Таму ёсць розныя гісторыі. Былі і падпальванні ўкраінскіх машынаў, і вокны разбівалі.

У той жа час шмат дапамогі ад людзей: ахвяруюць грошы, рэчы, даюць бясплатнае жытло, дапамагаюць і з сацыялізацыяй, і з навучаннем дзецям і дарослым, і з працаю.

Мы існуем толькі за кошт ахвяраванняў. Мы як валанцёры грошай не атрымліваем. Але нам патрэбна вельмі шмат сродкаў, каб людзей карміць, паіць, некуды засяляць, набываць квіткі, плаціць за медыцыну, калі нешта платнае. Нядаўна, напрыклад, ва ўцекачоў машына зламалася. Мы дапамагалі знайсці сэрвіс і аплаціць частку рамонту. Усё гэта толькі за кошт ахвяраванняў.

Уцекачоў-транзітнікаў латвійскія ўлады цалкам ігнаруюць

–  Што ты можаш сказаць пра дапамогу ўцекачам на ўзроўні ўрадаў еўрапейскіх краінаў? Як ты бачыш: яе дастаткова ці трэба больш?

– Мне б вельмі хацелася, каб яе было больш. Латвія – агулам краіна небагатая, і для тых рэсурсаў, якія мае, дапамагае ўцекачам шмат: і жытло на год даюць, і працаваць можна год без ведання мовы. Тым, якія застаюцца. Аднак з транзітнікамі бяда, бо дзяржава вырашыла, што гэтыя людзі іх не датычаць, бо яны не застаюцца ў Латвіі. Таму іх цалкам ігнаруюць. Мы толькі змаглі выбіць у цэнтры для ўцекачоў магчымасць пажыць да 5 содняў. Але там шмат абмежаванняў: нельга з жывёламі, на інвалідным вазку ці каму проста цяжка хадзіць, бо там жытло на другім, трэцім паверхах.

Тое самае датычыць і іншых краінаў. Робяць шмат, але хацелася б больш. Бачым, што пачынаюць скарачаць дапамогу. Напрыклад, ведаю, што ў Польшчы цяпер транспарт для ўкраінцаў стаў платным. А тыя ж цягнікі часам вельмі патрэбныя бясплатныя, бо вельмі шмат людзей едуць кальцом з акупаваных тэрыторыяў праз Расею, Латвію, Польшчу назад ва Украіну. У іх часта зусім няма грошай.

Дзяржавы прымаюць нягнуткія рашэнні, нават калі стараюцца дапамагчы. Мы кажам, што тое, што робім мы, валанцёры, павінна рабіць дзяржава. Але я разумею, што так якасна, як мы, дзяржава не зробіць ніколі. Бо ў дзяржавы будзе шмат бюракратыі, вельмі жорсткая класіфікацыя, што яна дае, што не дае, каму і як. А мы глядзім на сітуацыю гнутка. У нас ёсць агульныя правілы, але мы ўсё роўна падыходзім індывідуальна.  Часам выходзім за межы правілаў, бо рэальнасць нельга ўпіхнуць у жорсткія рамкі.

«Ёсць чалавек – яму не павінна быць халодна, галодна і балюча»

– У якіх сітуацыях вы выходзіце за правілы надання дапамогі?

– Напрыклад, у фонду, які аплочвае квіткі, ёсць правіла: квіткі купляюцца толькі тым, хто першы раз выехаў з Украіны і едзе далей транзітам. Але бываюць выпадкі, калі і другі раз аплочваюць, бо гісторыі ў людзей розныя.

Нядаўна сям’я ездзіла на акупаваныя тэрыторыі забіраць прах роднага чалавека. Ці яшчэ цяпер вельмі частая гісторыя, калі ездзяць забіраць параненых сваякоў. З акупаваных тэрыторыяў найчасцей выязджаюць маладыя людзі, якім уся сям’я сабрала грошы. А потым са старэйшымі, якія засталіся, нешта здараецца, і маладым трэба ехаць лячыць, забіраць, хаваць – у залежнасці ад сітуацыі. У такіх выпадках мы таксама дапамагаем.

Фонд дапамагае тым, у каго захаваўся хоць нейкі ўкраінскі дакумент, які пацвярджае асобу. У нас жа адзінага правіла на гэты конт няма. Мы ў любым выпадку дамо мінімальны набор дапамогі: ежа, жытло, квіткі. Некаторыя валанцёры не вельмі добра ставяцца да тых, у каго ёсць пашпарты «ДНР» і «ЛНР». Хтосьці глядзіць на канкрэтную сітуацыю. Нядаўна, напрыклад, быў хлопец з поўным наборам пашпартоў. Але яму 19 гадоў, і я разумею, што ён гэтыя пашпарты атрымліваў не з уласнага выбару, а праз бацькоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студэнты і выкладчыкі політэхнічнага ўніверсітэту сартуюць гуманітарную дапамогу для ўкраінскіх уцекачоў у лагістычным цэнтры, дзе працуюць каля 300 валанцёраў-студэнтаў на ратацыйнай аснове. Жэшаў, Польшча. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Як і любая іншая супольнасць людзей, уцекачы вельмі розныя і неаднастайныя. Часам бывае, што ва ўцекача з Луганскай ці Данецкай вобласцяў запытваеш дакументы, і яго абражае сама ідэя, што хтосьці думае, быццам ён мог узяць пашпарт «ЛНР» ці «ДНР». А хтосьці веер пашпартоў табе паказвае. Я ў такіх выпадках звычайна бяру ўкраінскі, а пра астатнія кажу, маўляў, давайце зробім выгляд, нібы я гэтага не бачыла.

Канечне, ёсць хітрыя людзі, якія карыстаюцца сітуацыяй. Ім усе гэтыя гады ўсё было добра, а цяпер чаму б не зваліць «пад шумок» у Еўразвяз? Напэўна, гэтым людзям недзе потым адмовяць у статусах, але гэта ўжо не нашая праблема. Нашая задача – гуманітарная. Ёсць чалавек – яму не павінна быць халодна, галодна і балюча. А з дакументамі будуць далей разбірацца самі.

«Вельмі дапамагае ўласны досвед уцякацтва»

– Як ты пачуваешся ў валанцёрстве? Не стамляешся? Што цябе матывуе зноў і зноў дапамагаць?

– Безумоўна, гэта стамляе. Бываюць вельмі цяжкія дні, кейсы, якія выбіваюць з каляіны. Але я лічу, што валанцёрыць трэба ў тым, што табе падабаецца. Мне тое, што я раблю, вельмі радуе. Так, бывае рознае, але ў цэлым гэта такі від валанцёрства, у якім адразу бачны вынік, і гэта дадае рэсурсу. Чалавек прыйшоў да цябе ў неадэкваце, стомлены, не еў некалькі содняў, і праз паўгадзіны ён зусім іншы: яму ёсць дзе паспаць уначы ў цеплыні ў добрых умовах, памыць вопратку, самому памыцца, паесці гарачага. Мясцовая ўкраінская кавярня прывозіць штодня каля 30 літраў баршчу. Гэта такое шчасце для людзей пасля трох содняў на мяжы. Калі мы ім кажам пра боршч, яны не могуць паверыць, кажуць: боршч, адкуль? Я вельмі радая, што ёсць магчымасць рэальна дапамагчы чалавеку. Вось яму не было дзе спаць, а вось ён паехаў у цёплую кватэру ці гатэль. Альбо чалавек не ведаў, што далей рабіць са сваім жыццём, а мы за гадзіну абмеркавалі розныя варыянты, намалявалі план А і план Б, і чалавек ужо не такі разгублены.

– Ці дапамагае табе ў валанцёрстве ўласны досвед уцякацтва?

– Моцна дапамагае. Часам мне здаецца, што я магу лепш за іншых зразумець некаторыя псіхалагічныя нюансы ўцекачоў. Я заўжды настойваю, што людзям трэба даваць дробязі для радасці, і што самае важнае – не проста напаіць і накарміць, а вярнуць адчуванне ўласнай годнасці.

Часта людзі прыходзяць і хочуць ехаць хутчэй далей. Мы ж кажам: а давайце вы пойдзеце паспіце, а зранку паедзеце, навошта вам паўночы сядзець на вакзале і столькі ж ехаць? Людзі кажуць: мы і не такога нацярпеліся. Я на гэта адказваю: а мо больш не трэба цярпець? Мне вельмі шкада, што вам давялося прайсці праз гэтае пекла, але, на вялікае шчасце, вы з яго вырваліся, і цяпер ужо можна не цярпець, можна пайсці і паспаць, а заўтра паехаць далей, а яшчэ ў нас боршчыку паясце, і мы вам з сабою нечага дамо, і ўсё будзе значна лепш. Людзі на вачах змяняюцца: а праўда ж, можна не цярпець.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Валанцёры на чыгуначным вакзале ў Львове, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Яшчэ цяпер у нас у пункце дапамогі ёсць скраб для твару, іншыя мілыя дробязі. Людзі на іх вельмі добра рэагуюць. Ці маска для твару, якая вельмі прыдасца і жанчынам, і мужчынам пасля некалькіх содняў на вятры і пад дажджом. Ці вось вам прыгожы шалік, проста так, каб быў.  Гэта вельмі крута, калі ёсць магчымасць даць больш за неабходны мінімум. Гэта пра тое, што чалавек варты большага, чым закрыцця базавых патрэбаў.

Наста Захарэвіч – беларуская журналістка. Лаўрэатка прэміі імя Алеся Адамовіча за асвятленне праблемаў, звязаных з гвалтам і дыскрымінацыяй. У пачатку 2021 года ўцякла з Беларусі ад пераследу ў Латвію, дзе атрымала статус уцякачкі. З чэрвеня 2022 года – валанцёрка ў цэнтры дапамогі ўкраінскім уцекачам на Рыжскім аўтавакзале.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў