Лукашэнка афіцыйна падпарадкаваў КДБ аднаму сабе. Што гэта значыць?


Раней Камітэт дзяржаўнай бяспекі фармальна падпарадкоўваўся ўраду. Пасля ўказу Аляксандра Лукашэнкі ад 10 кастрычніка КДБ падпарадкаваны толькі асабіста Лукашэнку. Спыталі экспертаў, што гэта значыць.

Аляксандр Лукашэнка і герб КДБ. Калаж: Белсат. Арыгінал фота: president.gov.by

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе аднаўлення правапарадку і прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў «ByPol» Аляксандр Азараў кажа «Белсату»: нейкай інсайдарскай інфармацыі пра гэта няма. Ёсць толькі меркаванне, што гэта можа значыць асаблівы давер да КДБ і тое, што на камітэт будуць ускладацца нейкія спецыяльныя задачы, якія Аляксандр Лукашэнка збіраецца кантраляваць асабіста.

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман звяртае ўвагу на тое, што ўказ з’явіўся ў той жа дзень, калі Лукашэнка распавёў, як «некалькі дзён таму даручыў правесці неабходныя захады контртэрарыстычнага характару». У такім кантэксце ўказ «вельмі цікавы», кажа ён:

«Беларусь – гэта ж краіна, дзе «не да законаў», таму калі нейкія законы-пастановы прымаюцца, гэта мае другасны сэнс. Загады аддаюцца іншым чынам, на законы там ніхто не глядзіць».

Тое, што раней КДБ падпарадкоўваўся ўраду, было толькі «на паперы», мяркуе палітычны аглядальнік. Раней гэта было толькі фармальнасцю, але «Лукашэнку цяпер і не да фармальнасцяў».

Hавiны
«Крымскі мост ім падасца кветачкамі». Лукашэнка правёў нараду з вайскоўцамі і сілавікамі
2022.10.10 14:01

Эксперт мяркуе, што загад звязаны з усё больш неспрыяльным у вайне ва Украіне становішчам Расеі, а значыць, і Лукашэнкі. З украінскага боку гучаць заявы, што калі будзе нейкая агрэсія з боку Беларусі, дык Украіна адкажа. Праз гэта Лукашэнка можа баяцца ўнутранай дэстабілізацыі, бо гэта толькі звонку здаецца, што «ўсё стабільна, усё пад кантролем».

«Відавочна, што Лукашэнка гэта бачыць трошкі інакш: ёсць перасцярога з ягонага боку, таму ён ставіць на КДБ. Значыць, калі ідзе пошук унутраных ворагаў, які і не спыняўся, ён хоча абапірацца на КДБ, яму важна мець КДБ цалкам пад уласным кантролем», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Тым больш, дадае суразмоўца, калі ў Беларусь прыйдуць расейскія вайскоўцы, «не Лукашэнка будзе вырашаць, хто прыйдзе і колькі». У такіх умовах патрэбны інстытут, на які дакладна можна абапірацца, які «будзе на ўсе 100 %, нават на 120 % ім кантралявацца».

Лукашэнка можа баяцца, што нейкія чыноўнікі і сілавікі могуць мець занадта шчыльныя кантакты з Масквою. Фрыдман пералічвае: міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін мае беспасярэднюю камунікацыю з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка часта бывае ў Расеі, сустракаецца з расейскім калегам Міхаілам Мішусціным і нават ездзіць па расейскіх рэгіёнах, дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч бывае ў Расеі на перамовах і мае асабістыя кантакты…

«Лукашэнка зыходзіць з лаяльнасці гэтых людзей, але перасцярога прысутнічае: у сённяшняй сітуацыі, напэўна, Лукашэнка не можа нікому давяраць, бо ведае, што калі становішча будзе зусім дрэнным, калі гаворка будзе пра ўласную бяспеку і жыццё, топ-чыноўнікі могуць перайсці на іншы бок», – тлумачыць Фрыдман.

Эксперт адзначае яшчэ дзве акалічнасці.

  • У лютым Лукашэнка мяняў Канстытуцыю, а калі гаворка ішла пра той «рэферэндум», то планавалася «разгрузіць» пасаду прэзідэнта. Сам Лукашэнка казаў, што мае зашмат паўнамоцтваў, а цяпер падпісаў указ, які гэтаму наўпрост супярэчыць.
  • У дзяржаўных выданнях кшталту БелТА нягучна паведамлялі пра гэты ўказ (навіна пра гэта на БелТА мела бляклы загаловак «Лукашэнка падпісаў указы аб дасканаленні дзейнасці сістэмы органаў дзяржаўнай бяспекі», а ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, пра гэта не пісаў зусім). З гэтага «не робяць вялікай гісторыі», указ падпісаны «без лішняй публічнасці».
Разбор
Лукашэнка ўступае ў вайну? Што азначае разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў
2022.10.10 17:37

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў