«Учора ў яе было 90 дзён, сёння ёй далі яшчэ 14 содняў». Сукамерніца Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай пра ўмовы на Акрэсціна


26-гадовыя Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева з Менску ў няволі з 15 ліпеня. Іх сем разоў запар арыштоўвалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле праваабаронцаў, гэтыя арышты ім прысудзілі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы – спасылкі на розныя каналы, прызнаныя «экстрэмісцкімі».

У жывым эфіры «Белсату» былыя сукамерніцы Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай распавялі падрабязнасці справы Крупенічаў і пра ўмовы, у якіх утрымліваюць арыштаваных на Акрэсціна.

«Мы сустрэліся з Настай калі мяне пасадзілі на Акрэсціна ў другі раз, гэта было сёлета ў ліпені. Шчыра кажучы, я думала, што яе вызваляць, таму што на той момант у яе было толькі 15 содняў. І ў той дзень, калі мне агучылі прысуд, яе павінныя былі вызваліць, але пакінулі на Акрэсціна. У той жа дзень ёй вынеслі новы прысуд, яшчэ 15 содняў. Я памятаю ёй сказала, што нам не даюць больш за тое, што мы не можам вытрымаць. Але зараз я не ведаю, што б я ёй сказала. Учора было 90 дзён, як яна знаходзіцца на Акрэсціна і сёння ёй далі яшчэ 14 содняў», – распавяла ў эфіры «Белсату» Юлія, былая сукамерніца Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай.

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч.
Фота: Sprind96.org

Паводле суразмоўцы «Белсату» сямʼя Крупенічаў мела шанец выехаць з краіны. Пасля чарговага арышту Анастасію і Сяргея вызвалілі з турмы ў Баранавічах, але па сямейных абставінах яны засталіся ў Беларусі і на наступны дзень ім зноўку трэба было прыйсці ў міліцыю, пасля чаго іх арыштавалі наноў.

«Адвакат, які вядзе ўжо трэці працэс, на жаль нічога зрабіць не можа», – кажа Юлія.

Некаторы час Юлію разам з Анастасіяй утрымлівалі ў камеры на 2 асобы разам яшчэ з 15-ю затрыманымі. Пасля вызвалення з Акрэсціна Юлія пакінула Беларусь.

Турма ў Баранавічах. Студзень 2021 г.
Фота: ТК / Белсат

Яшчэ адна сукамерніца Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай – Марына – распавяла «Белсату», што Анастасію першапачаткова запрасілі прыйсці на размову ў ГУБАЗіК.

«Яна прыйшла і ўвогуле не чакала, што яе могуць затрымаць за рэпост мужу. Пры гэтым там былі нават не палітычныя навіны, напрыклад пра футбол», – распавяла Марына.

Інтэрв’ю
Муж і жонка 3 месяцы пад арыштам за прыватную перапіску. Мяркуюць, што насамрэч – за паездку ў Польшчу
2021.10.11 16:28

Крупенічы мусілі выйсці на волю 8 кастрычніка, пасля амаль трох месяцаў арышту. Паводле інфармацыі belsat.eu, у судзе Ленінскага раёну Менску, Анастасію сёння пакаралі яшчэ 14-дзённым арыштам – пасля ўжо адбытых 88 дзён зняволення. Паводле nashaniva.com мужа Анастасіі таксама пакаралі новым арыштам, яшчэ на 15 содняў. Абодва не прызнаныя палітычнымі вязнямі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў