«Тэрарыст і злачынца». У нямецкім Нюрнбэргу абмеркавалі, як прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку і ягоных памагатых


У Нюрнбэргу адбываецца прававая канферэнцыя, прысвечаная злачынствам рэжыму Лукашэнкі. Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: ДД / Белсат

11 кастрычніка на канферэнцыі ў нямецкім горадзе Нюрнбэрг, дзе ў 1945–1946 гадах прайшоў міжнародны трыбунал над нацызмам, абмеркавалі, як арганізаваць крымінальны пераслед прадстаўнікоў беларускага рэжыму, адказных за злачынствы супраць чалавечнасці.

«Усё гэта выканальна»

Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская, заявіўшы на самым пачатку канферэнцыі аб прававым дэфолце ў Беларусі, распавяла, як ейны офіс штодня працуе, каб вярнуць правасуддзе ў Беларусь. Пры гэтым яна падкрэсліла, што важны не толькі пераслед вінаватых, але і рэабілітацыя і кампенсацыі ахвярам палітычных рэпрэсіяў.

«Офіс цалкам падтрымлівае ўсе намаганні для прыцягнення рэжыму да адказнасці за парушэнне Канвенцыі аб катаваннях і згон рэйсу «Ryanair», – сказала Ціханоўская.

Яна таксама заклікала міжнародную супольнасць прасоўваць справы ў межах універсальнай юрысдыкцыі і крымінальныя расследаванні супраць Аляксандра Лукашэнкі, выкарыстоўваць міжнародныя канвенцыі для падачы скаргаў на рэжым у міжнародныя органы і пазбавіць рэжым голасу ў міжнародных арганізацыях.

«Я ведаю, што ўсё, што я апісала, не так проста дасягнуць, але ўсё гэта выканальна», – падкрэсліла Ціханоўская, адзначыўшы неабходнасць прыцягваць да адказнасці людзей ва ўладзе.

У Нюрнбэргу адбываецца прававая канферэнцыя, прысвечаная злачынствам рэжыму Лукашэнкі. На здымку — Мао Ванcон (Францыя), юрыстка «Bourdon & Assovies» (Парыж). Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: ДД / Белсат

«Найважнейшы інструмент»

Наступным выступіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і арганізатар канферэнцыі Павел Латушка. Згадаўшы пра рэпрэсіі, прызнанні Лукашэнкі ў забойствах апанентаў, перахоп рэйсу «Ryanair» і шантаж Еўразвязу мігрантамі, ён заклікаў «юрыдычныя сістэмы еўрапейскіх краін да таго, каб яны запусцілі юрыдычную працэдуру ў дачыненні дыктатара і яго паслугачоў».

Латушка падкрэсліў, што юрыдычны ціск – «найважнейшы інструмент, які дазволіць Беларусі стаць свабоднай».

«Людзей не проста білі, людзей забівалі»

Пра тое, з чым даводзіцца сутыкацца незадаволеным, распавялі затрыманыя падчас пратэстаў грамадзяне Беларусі ды Польшчы, паводле скаргаў якіх у Еўрапейскім Звязе былі ініцыяваныя праверкі ў межах універсальнай юрысдыкцыі.

«Людзей не проста білі, людзей забівалі», – распавёў пра падзеі 2020 года Мікалай Бандарэнка, які амаль страціў зрок пасля збіцця падчас пратэстаў 2010 года.

У Нюрнбэргу адбываецца прававая канферэнцыя, прысвечаная злачынствам рэжыму Лукашэнкі. На здымку – Вольга Паўлава, пацярпелая ад дзеянняў сілавікоў. Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: ДД / Белсат

А былая палітзняволеная Вольга Паўлава, якая больш за чатыры месяцы правяла за кратамі, заявіла, што на Акрэсціна АМАП «чыніў поўнамаштабны генацыд». Паводле яе, Лукашэнка і ягоныя памагатыя спыняць рэпрэсіяў, «бо іх мэта – утрыманне ўлады любымі сродкамі».

Патрэбныя не заявы, а дзеянні

Польскі еўрадэпутат Анджэй Галіцкі адзначыў, што свавольства беларускіх уладаў не павінна застацца незаўважным. Ён выказаў спадзеў, што апошняя рэзалюцыя Еўрапарламенту зробіць рэакцыю Еўразвязу на дзеянні рэжыму ў Беларусі «хуткай і моцнай».

А еўрадэпутат з Літвы Пятрас Аўштравічус, кажучы, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца дагэтуль, заявіў, што ўжо зроблена «дастаткова ацэнак і высноў», але цяпер ужо патрэбныя дзеянні.

«Надышоў час перайсці да крымінальнага пераследу злачынцаў, якія інакш не перастануць здзяйсняць злачынствы супраць беларускага народу», – сказаў палітык.

Прававая канферэнцыя, прысвечаная злачынствам рэжыму Лукашэнкі. Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: ДД / Белсат

«У Беларусі няма часу чакаць»

Пра тое, што «ў Беларусі няма часу чакаць», заявіў і польскі юрыст, спецыяліст у міжнародным праве Томаш Віліньскі. Паводле яго, далейшае чаканне можа прывесці да новых злачынстваў, у тым ліку да сапраўднага генацыду.

«Аляксандр Лукашэнка – тэрарыст і злачынец, якога варта судзіць на падставе нормаў міжнароднага права. Еўрапейцы і беларусы заслугоўваюць, каб Беларусь была вольная», – падкрэсліў Віліньскі.

У Нюрнбэргу адбываецца прававая канферэнцыя, прысвечаная злачынствам рэжыму Лукашэнкі. На здымку – Томаш Віліньскі (справа), спецыяліст па міжнародным крымінальным праве. Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: ДД / Белсат

Ён лічыць, што ў Беларусі мае месца дзяржаўны тэрарызм, у дзейнасць якога ўцягнуты ўвесь дзяржаўны апарат, уключна са спецслужбамі, міліцыяй і судамі. Юрыст заявіў, што ў краіне створаная ўзброеная тэрарыстычная арганізаваная злачынная групоўка, у якую ўвайшлі прадстаўнікі МУС, КДБ. Пры гэтым ён дадаў, што ў Беларусі рэгулярна парушалася міжнароднае права, у тым ліку ў дачыненні грамадзянаў і інтарэсаў Польшчы. Больш за тое, у замежных краінах беларускія спецслужбы вядуць аператыўныя і выведвальныя дзеянні дзеля выкрадання і ліквідацыі беларускіх апазіцыянераў.

«Нюрнбэргскія прынцыпы міжнароднага права абвяшчаюць, што тыя, хто парушае прынцыпы міжнароднага права, мусяць карацца», – падкрэсліў юрыст.

На ягоную думку, беспакаранасць беларускіх чыноўнікаў дазваляе ім «на вачах усяго свету» здзяйсняць міжнародныя злачынствы (гандаль людзьмі, правакацыі з ужываннем і пагрозай зброі). Віліньскі мяркуе, што супраць уладаў Беларусі можна накіраваць справу ў Міжнародны трыбунал справядлівасці за гандаль мігрантамі, а за ўзурпацыю ўлады – у адмысловы Міжнародны трыбунал.

Юрыст дапамагае весці справы ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы тым, хто пацярпеў ад дзеянняў беларускіх сілавікоў. Ён паабяцаў зрабіць усё, каб Лукашэнка, беларускія АМАП, КДБ, ГРУ, міліцыя, тыя, хто выконваў іх загады, паўсталі перад сумленным і справядлівым судом за міжнародныя злачынствы ў Беларусі.

У Нюрнбэргу адбываецца прававая канферэнцыя, прысвечаная злачынствам рэжыму Лукашэнкі. На здымку – Віталь Алейнік, пацярпелы ад дзеянняў сілавікоў. Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: ДД / Белсат

Чатыры механізмы

Як адзначыў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі, катаванні ды іншыя злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі носяць сістэматычны характар. Але ўвага свету больш выяўляецца ў палітычных заявах, чым у юрыдычных дзеяннях. На ягоную думку, існуюць чатыры механізмы, як гэта выправіць.

  1. За парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў краіны, якія прынялі найбольш беларускіх бежанцаў, – Літва, Польшча, Чэхія і Нямеччына, маглі б падаць скаргу ў Міжнародны суд ААН.
  2. За парушэнне Менскам Чыкагаўскай канвенцыі скаргу можа падаць любая краіна, якая ўваходзіць у ICAO [Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі. – рэд. Belsat.eu].
  3. Зварот у Міжнародны крымінальны суд за злачынствы супраць чалавечнасці таксама можа ініцыяваць любая краіна. Гэта цяжкае палітычнае рашэнне, але яно павінна быць прынятае, заявіў Зікрацкі.
  4. Што датычыць справаў у межах універсальнай юрысдыкцыі, то пакуль пачатая толькі адна крымінальная справа ў Літве. У іншых выпадках пакуль прыходзяць адмовы «праз адсутнасць палітычнай волі».

Што кажуць на гэта міжнародныя юрысты?

Дырэктар праграмы ў Міжнародным партнёрстве правоў чалавека Сімон Папуашвілі заявіў, што, як і ў выпадку М’янмы ў 2018 годзе, прымус да ўцёкаў тысяч чалавек у суседнія краіны дазваляе звярнуцца суседнім краінам у Міжнародны крымінальны суд. На ягоную думку, падтрыманне такога расследавання міжнароднай супольнасцю можа мець стрымальны эфект на дзейнасць уладаў Беларусі.

У сваю чаргу юрыстка французскай фірмы «BOURDON & Associés», якая займалася справамі аб генацыдзе ў Руандзе, Мао Вансон зазначыла, што катаванні пратэстоўцаў у Беларусі дазваляюць пачынаць крымінальны пераслед вінаватых нават нягледзячы на той факт, што наша краіна не далучылася да Рымскага статуту і Канвенцыі супраць катаванняў. Паводле яе, асноўная праблема ў выпадку Францыі палягае на тым, што падазраваныя мусяць жыць на яе тэрыторыі. Але, дадала Мао Вансон, у апошні час у Францыі назіраецца мабілізацыя намаганняў, каб адмяніць гэтую норму. У сваю чаргу яна паабяцала, што «BOURDON & Associés» гатовая «дапамагчы, чым можа».

У Нюрнбэргу адбываецца прававая канферэнцыя, прысвечаная злачынствам рэжыму Лукашэнкі. На здымку – Мануэль Гасэль, прадстаўнік арганізацыі «Libereco – Партнёрства дзеля правоў чалавека» Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: ДД / Белсат

А прафесар Федэральнага ўніверсітэту адміністрацыйных навук Элмар Джымула, кажучы пра прымусовую пасадку самалёта «Ryanair», падкрэсліў, што «Лукашэнка відавочна парушыў міжнароднае права». Паводле яго, Беларусь тым самым парушыла не толькі Чыкагаўскую канвенцыю пра міжнародную грамадзянскую авіяцыю, да якой далучылася ў 1993 годзе, але і дзве антытэрарыстычныя канвенцыі ў сістэме грамадзянскай авіяцыі, 1980 і 1971 гадоў.

«Хутчэй за ўсё, рада ICAO прыме рашэнне, што Лукашэнка здзейсніў злачынства. І гэта досыць сур’ёзнае абвінавачанне. Калі кіраўнік краіны абвінавачваецца адной з арганізацыяў сістэмы ААН як крымінальнік – гэта вельмі сурʼёзная рэч. Спадзяюся, будзе дастаткова сурʼёзная рэакцыя з боку ICAO», – заявіў Джымула.

У Нюрнбэргу адбываецца прававая канферэнцыя, прысвечаная злачынствам рэжыму Лукашэнкі. На здымку – Уладзімір Астапенка, былы амбасадар Беларусі ў Аргентыне, які далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: ДД / Белсат

Давядзецца яшчэ шмат зрабіць

Таксама па выніках канферэнцыі была прынятая дэкларацыя, у якой адзначаецца неабходнасць пачаць крымінальныя справы ў межах універсальнай юрысдыкцыяй, абвясціць дзеянні Лукашэнкі міжнародным тэрарызмам, стварыць міжнародны трыбунал для расследавання злачынстваў. Апроч таго, удзельнікі канферэнцыі заявілі пра неабходнасць непрызнання легітымнымі не толькі самога Лукашэнкі, але і ягонага ўраду, прыняцця дадатковых крокаў для пераадолення крызісу ў Беларусі.

Павел Латушка адзначыў, што дэмакратычныя сілы будуць выкарыстоўваць легальныя магчымасці для прызнання злачынцамі Лукашэнкі і тых, хто яго падтрымлівае ў злачынствах. Паводле яго, у будучыні для гэтага давядзецца яшчэ шмат зрабіць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў