Муж і жонка 3 месяцы пад арыштам за прыватную перапіску. Мяркуюць, што насамрэч – за паездку ў Польшчу


26-гадовыя Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева з Менску ў няволі з 15 ліпеня. Іх сем разоў запар арыштоўвалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле праваабаронцаў, гэтыя арышты ім прысудзілі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы – спасылкі на розныя каналы, прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Крупенічы мусілі выйсці на волю 8 кастрычніка, пасля амаль трох месяцаў арышту. Паводле інфармацыі belsat.eu, у судзе Ленінскага раёну Менску, Анастасію сёння пакаралі яшчэ 14-дзённым арыштам – пасля ўжо адбытых 88 дзён зняволення. Паводле nashaniva.com мужа Анастасіі таксама пакаралі новым арыштам, яшчэ на 15 содняў.

«Белсат» паразмаўляў з жанчынай, якой давялося сядзець пад арыштам разам з Анастасіяй у Баранавічах і ў Цэнтры ізаляцыі парушальнікаў на Акрэсціна.

Спаць халодна, а цёплых рэчаў няма

Жанчына перадусім падкрэслівае, што перадачаў зняволеным не перадавалі, цёплых рэчаў не было (затрымлівалі ўлетку, кагосьці забіралі з працы), а яшчэ пры канцы жніўня ў камерах зрабілася халодна. Цёплыя рэчы, не надзетыя на затрыманых, а ўзятыя з сабой, не аддалі.

«У ЦІП спалі на падлозе – гэта было добра, бо падлога была драўляная, – расказвае жанчына. – Размяшчаліся пад ложкамі пераважна, уся падлога была занятая. У 4-мясцовай камеры было 16 чалавек. На падлозе было някепска спаць, калі не ўлічваць паху ад туалету і поўзання макрыц. На ложках было халодна спаць, дый жалезкі там былі вузкія… Асобныя некалькі чалавек маглі на іх спаць. Двойчы за ноч будзілі, каравульныя былі грубыя. Але асабліва нас не чапалі. Часам крычалі, ладзілі шмоны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: МХ / Белсат

А ў Баранавічах было халодна: на падлозе спаць нельга, а жалезкі прыцягваюць холад. Летам было яшчэ больш-менш, а калі за мной выходзіла жанчына, расказала, што яны ўжо вельмі мерзнуць пачалі. Гэта будынак 1907 года, падлогі цэментныя, вільгаць там не праходзіць. А коўдраў-матрацаў не давалі».

Запасныя шкарпэткі і ніжняя бялізна былі не ва ўсіх, а праць бялізну ў тых умовах праблематычна. Тыя, хто выходзіць на волю, маглі б пакінуць у камерах цёплыя рэчы, ды затрыманыя летам самі таго не мелі – пакідалі хіба майкі, шкарпэткі і сподняе.

У Анастасіі з цёплых рэчаў была хіба кофта-масцерка. Сукамерніца спадзяецца на тое, што калі Анастасію з мужам аднойчы «перазатрымлівалі», іх адпускалі на ноч – тады яны маглі ўзяць цёплыя рэчы і надзець на сябе, каб не адабралі.

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч.
Фота: Sprind96.org

Ежы дастаткова, ды вітамінаў мала

Тое, што зняволеным не аддаюць перадачаў, выклікае і іншыя праблемы. Жанчына непакоіцца: у турэмнай ежы бракуе вітамінаў, а ад гэтага можа пачацца цынга.

«Яны кормяць па аб’ёме добра. Бог з ім, што не вельмі смачна. Але прасядзець тры месяцы без гародніны… – разважае жанчына. – Гародніна там – хіба нейкія тры міліметровыя кавалачкі цёртай морквы ці леташняй кіслай капусты ў суп накідаюць. Свежай гародніны практычна няма».

Анастасію збіраліся выпускаць, ды перадумалі

Сукамерніца Анастасіі згадвае: аднойчы ўвечары Анастасіі не далі ежы і сказалі, што «адна выходзіць». Акрамя Анастасіі не было каго выпускаць, хоць у яе пасля двух пратаколаў, за якія яна адсядзела месяц, быў яшчэ і трэці. Калі час выпускаць мінуў, жанчыны пачалі грукаць у дзверы і пытаць, чаму не выпускаюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

«Потым вечарам прыйшлі на праверку і сказалі: «Ну, вячэру не далі, так бывае, а выпускаць нікога не будзем, бо пайшоў трэці пратакол», – пераказвае жанчына.

Прыслухвалася, каб пачуць мужа на пераклічцы

Псіхалагічны стан Анастасіі сукамерніца апісвае як «сумнаваты». Згадвае, што ў камеры непадалёк быў муж Анастасіі, дык кожную праверку і ў Баранавічах, і ў ЦІП слухала, каб пачуць голас мужа. Калі ўсіх выводзілі ў калідор і правяралі, ахоўнік называў прозвішча, а зняволены мусіў адказаць імя і імя па бацьку. Анастасія шторанак і штовечар прыслухвалася, каб пачуць ад мужа хаця б гэта.

Чаму не выпускаюць – бо вярнуліся з Польшчы?

Суразмоўца кажа, што Анастасіі не прапаноўвалі супрацоўнічаць з адміністрацыяй, хоць людзі, ад якіх такое патрабавалі, былі.

«Проста яна прыехала з Польшчы, – кажа сукамерніца. – Якая віза, я не ведаю, але, напэўна, гуманітарная. У яе муж айцішнік, яны паехалі ў Польшчу, некалькі месяцаў жылі там. Яна мяркуе, што ўсё звязанае з гэтым: паехалі ў Польшчу і вырашылі вярнуцца. Лукашэнка ж казаў , што шпіёны паўсюль, а хто прыехаў з Польшчы – у тых мазгі ўжо павернутыя не ў той бок, яны ўсе ворагі… Акрамя таго, яна была настаўніцай, мо гэта іх раздражняла».

«Хуліганкі» адмовіліся ад матрацаў

Сукамерніца Анастасіі сцвярджае, што яе пасадзілі ні за што – проста перад гадавінай выбараў затрымалі і прыпісалі «хуліганства» («крычала, лаялася матам»), бо раней сядзела ў палітычнай справе. На гэты раз суразмоўца «лічылася як бы не палітычнай».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

Жанчына расказвае, што калі сядзела раней, увесну, то да «палітычных» падсаджвалі бяздомнікаў. Сярод тых была бяздомніца Вольга, якая сядзела з мадэллю Вольгай Хіжынковай. Калі суразмоўца сутыкнулася з ёй вясной, галава той была ў вошах. Калі сутыкнулася падчас апошняга арышту, бяздомніцы Вользе зрабілі санітарнае апрацоўванне.

«Я казала, у мяне артыкул 19.1, давайце матрац, – распавядае яна. – Яны сказалі, што могуць перавесці мяне, яшчэ адну жанчыну, якой упаялі 19.1, і бяздомніцу Вольгу ў іншую камеру, даць матрацы. Але мы адмовіліся: вырашылі, хай і без матрацаў, коўдраў і бялізны, але разам весялей».

Па словах былых сукамернікаў Анастасіі і Сяргея, у ізалятарах яны перахварэлі на каронавірус, моцна схуднелі.

Артыкулы
«Штовечар «гулялі ў тэтрыс» – так мы называлі ўкладванне спаць чатырнаццаці чалавек у двухмясцовай камеры»
2021.10.06 11:29

Фота вокладкі: pixaby.com

АА belsat.eu

Стужка навінаў