Хто будзе рэпрэзентаваць Беларусь на саміце «Усходняга партнёрства» ў Бруселі?


У Еўрапарламенце заклікалі да трыбуналу над Лукашэнкам. Беларускі дыктатар мусіць адказаць перад міжнародным крымінальным судом за катаванні беларусаў, парушэнне паветранай бяспекі і выкарыстанне міграцыйнага крызісу. Тое, што ў супрацьстаянні рэжыму мусяць быць новыя падыходы, прагучала і на Варшаўскім форуме бяспекі. Якая будзе палітыка Еўраатлантычнага альянсу ў дачыненні Беларусі? Ці абмяжуецца Захад санкцыямі і замарожваннем межаў?

Беларусь стала рэальнаю крыніцаю пагрозаў для заходніх дзяржаваў. На Варшаўскім форуме бяспекі, што праходзіў у польскай сталіцы, пытаннем нумар адзін былі шантаж і пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі.

Павэл Коваль, дэпутат Еўрапарламенту, Польшча:

«Беларускі Асад, то бок Лукашэнка, калісьці скончыць сваю ўладу. (…) Маем такі парадокс: на нашых вачах паўстае беларускі народ, які так доўга чакаў гэтага моманту. Але адначасова растае беларуская дзяржаўнасць. Але калісьці гэта сыдзецца ў часе, калі ў добрай форме будзе і народ, і дзяржава. Гэтага моманту і чакаем».

Адмысловым госцем на форуме была лідарка беларусаў Святлана Ціханоўская, якая сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. За зачыненымі дзвярыма абмяркоўвалі супрацьстаянне гібрыдным атакам з боку Беларусі. У адказ на еўрапейскія санкцыі Беларусь пачала перакідваць мігрантаў да межаў Еўразвязу, што ўжо прывяло да крызісу. Еўрапейскія краіны шукаюць шляхі яго пераадолення, калі Лукашэнка пойдзе на далейшае абвастрэнне.

Лінас Лінкявічус, былы міністр замежных справаў Літвы:

«Міграцыя – нармальны працэс. Гэта не злачынства, як і правы чалавека. Але мусіць ісці легальна. І калі гэта робіцца так, як цяпер, штучнымі хвалямі, то і мы мусім выпраўляць сваю прававую базу ды лепш ахоўваць вонкавую мяжу. І гэта мусіць быць палітыка Еўразвязу. Дарэчы, гэтым мы цяпер і займаемся. Нашыя калегі чым далей, тым больш нас разумеюць, і ў гэтым мы бачым нашую ролю. Мы не мусім адступаць».

Еўропа адступаць не збіраецца, але ці ёсць шляхі адступлення ў Лукашэнкі, апроч абдымкаў Крамля? Калі Беларусь губляе суверэнітэт і паглыбляе інтэграцыю з Расеяй, то «русский мир», а з ім і расейскія вайсковыя базы апынаюцца ля межаў Еўразвязу. Чарговая пагроза для еўраатлантычнай бяспекі. Менавіта гэта можа стацца прычынаю перагляду традыцыйнага падыходу Захаду, што Беларусь – гэта ўмоўная сфера ўплыву Расеі.

ВІДЭА
Як далёка можа зайсці Аляксандр Лукашэнка ў міграцыйным крызісе
2021.10.08 18:01

Дмытро Кулэба, міністр замежных справаў Украіны:

«На жаль, спатрэбілася вайна. То бок Расея супраць нас пачала вайну. Здзейсніла злачынную агрэсію. Захад упершыню ўсур’ёз пачаў задумвацца, што Украіна не належыць да «русского мира», калі паміж гэтымі краінамі адбываецца збройны канфлікт. Я не жадаю ні ў якім разе ніякай вайны Беларусі, але, на жаль, гэты інтэграцыйны працэс паміж Беларуссю і Расеяй адкідвае Беларусь на дзесяцігоддзі назад, калі не на стагоддзі».

Каб вярнуцца ў еўрапейскую сям’ю, тая ж Украіна не абмежавалася выключна падпісаннем угодай аб асацыяцыі з ЕЗ. Таксама на рэгіянальным узроўні шчыльна супрацоўнічае з Літвой і Польшчай, у Люблінскім трыкутніку. У свой час да гэтага клубу рэгіянальнай супрацы запрашалі і Беларусь, тады рэжым адмовіўся. Гэта не азначае, што Беларусь суседзі не чакаюць.

«Нашая эканоміка, якая да 2014 была арыентаваная на Расею, пасля 2014-га дзякуючы вольнаму гандлю з Еўразвязам пераарыентавалася на Захад. Я адмыслова гэта кажу для тых беларусаў, хто расказвае, што,маўляў, мы без Расеі не пражывём, што нашыя эканомікі глыбока звязаныя. Лёгка пражывяце, бо Еўропа гатовая дапамагаць не толькі Украіне, але і Беларусі», – мяркуе Дмытро Кулэба, міністр замежных справаў Украіны.

І калі краіны Еўразвязу ў дачыненні Беларусі прымаюць пакет санкцыяў за пакетам, нашая паўднёвая суседка адмовіцца ад эканамічнай супрацы з рэжымам не спяшаецца. Выглядае ў пэўным сэнсе, што Украіна залежыць ад Беларусі. Толькі па выніках 2020 года Беларусь стала шостым паводле значнасці гандлёвым партнёрам у імпарце тавараў ва Украіну з сумай амаль $ 3 млрд. У асноўным ва Украіну прадаём энерганосьбіты.

Ганна Шэлест, дырэктарка праграмаў бяспекі, рада вонкавай палітыкі «Украінская прызма»:

«Галоўная праблема – энерганосьбіты: калі мы адмовіліся ад расейскіх, беларускія часткова закрылі гэтую нішу. Цяпер паўстае пытанне: калі мы адмаўляемся ад беларускіх, то адкуль мы бярэм гэтыя энерганосьбіты? З трубаправодамі ў нас заняло год-паўтара, калі мы зрабілі рэверс праз Вугоршчыну і Славаччыну. З палівам – гэта кантракты, гэта тое, што мусіць быць перападпісана».

Выглядае, што значна прасцей перафарматаваць палітычны парадак дня, чым эканамічны. Чарговы іміджавы ўдар па рэжыме. Нягледзячы на тое, што рэжым Лукашэнкі ляснуў дзвярыма і адмовіўся ад сяброўства ва «Усходнім партнёрстве», чарговы саміт лідараў дзяржаваў Еўразвязу з прадстаўнікамі Азербайджану, Грузіі, Арменіі, Малдовы, Украіны і Беларусі пройдзе ў снежні ў Бруселі. У Варшаве мы спыталі намесніцу дырэктара дэпартаменту Еўрапейскай камісіі ў справе палітыкі суседства і пашырэння, ці будзе рэпрэзентаваць Беларусь Святлана Ціханоўская на саміце «Усходняга партнёрства».

«Мы абмяркоўвалі са Святланаю Ціханоўскай і Паўлам Латушкам ды іхнымі камандамі, як будзе выглядаць наступны саміт «Усходняга партнёрства» ў Бруселі. Я думаю, крэсла для Беларусі на саміце «Усходняга партнёрства» будзе пустым. Але будуць іншыя падзеі на саміце, на якіх будуць рэпрэзентанты беларускай апазіцыі», – адказала Катарына Матэрнава.

Еўразвяз і NATO шукаюць новыя падыходы ціску на рэжым. Але ці будзе пустым крэсла ў Адміністрацыі прэзідэнта, залежыць ад беларускага народу.

ПраСвет
Ці Захад спыніць Лукашэнку на сваёй мяжы? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык
2021.10.07 22:40

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum; SHAMIL ZHUMATOV / Reuters / Forum

Стужка навінаў