Ахвяруючы іміджам. Што азначае «справа Мажэйкі» і выгнанне «КП» для стасункаў Масквы і Менску


Belsat.eu разбіраўся, якія наступствы можа мець закрыццё «Комсомольской правды в Беларуси» і арышт журналіста Генадзя Мажэйкі для беларуска-расейскіх стасункаў, і чаму рэакцыя Крамля на гэтыя падзеі была настолькі стрыманай.

Сёння, 11 кастрычніка, мінае 10 содняў з часу затрымання журналіста газеты «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзя Мажэйкі. Яго мусяць або вызваліць, або выставіць яму абвінавачанне.

Генадзь Мажэйка.
Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

Генадзь Мажэйка быў затрыманы 1 кастрычніка ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы») і арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу. Паводле гэтых артыкулаў яму можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў.

Падставай для пераследу журналіста стала зацемка, апублікаваная неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра страляніну ў кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску, у выніку якой загінулі IT-спецыяліст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. У матэрыяле, апублікаваным на сайце kp.by, аднакласніца Зельцара Вера Салаўёва дзялілася добрымі ўспамінамі пра забітага айцішніка.

Зацемка выклікала абурэнне ўладаў: «КП в Беларуси» абвінавацілі ў «абяленні тэрарыста» і «прапагандзе экстрэмізму». Раніцай 29 верасня сайт kp.by быў заблакаваны, а 5 кастрычніка маскоўскае кіраўніцтва «КП» абвесціла пра закрыццё свайго прадстаўніцтва ў Беларусі.

Hавiны
Павышаная ўвага Крамля, пагражае да 12 гадоў зняволення. Што трэба ведаць пра «справу Мажэйкі»
2021.10.05 10:57

Ад асуджэння да прыняцця

Сітуацыя вакол «Комсомольской правды в Беларуси» з самага пачатку выклікала павышаную ўвагу Крамля. Адразу пасля блакавання сайту kp.by прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў раскрытыкаваў дзеянні ўладаў Беларусі, абвінаваціўшы афіцыйны Менск у парушэнні прынцыпу свабоды СМІ. 4 кастрычніка Пяскоў пацвердзіў зацікаўленасць Масквы ў развязанні гэтай праблемы, заявіўшы, што Крэмль чакае, што блакаванне kp.by спыніцца. Ён падкрэсліў, што ў дайджэст для Уладзіміра Пуціна ўключылі інфармацыю пра сітуацыю вакол выдання і пра затрыманне Генадзя Мажэйкі.

Дзмітрый Пяскоў. Фота – kremlin.ru

З заклікам вызваліць Генадзя Мажэйку выступіў Савет правоў чалавека пры прэзідэнце РФ, якая назвала дзеянні ўладаў Беларусі «мэтанакіраваным ціскам на расейскія медыі на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы».

Аднак усе гэтыя заявы расейскага боку ў Менску былі праігнараваныя. Мажэйку пакінулі пад вартай, а «Комсомольская правда» была вымушаная закрыць менскую рэдакцыю. Наўрад ці кіраўніцтва выдавецкага дому «КП» магло пайсці на такі крок, не атрымаўшы выразнага сігналу з Крамля, што расейскія ўлады не будуць уцягвацца ў канфлікт з Лукашэнкам праз лёс беларускага філіялу. Публічна Пяскоў выказаў шкадаванне наконт закрыцця прадстаўніцтва «КП» у Беларусі, але падкрэсліў, што выданне прыняло «адзінае правільнае рашэнне». Паводле прэс-сакратара Пуціна, «КП в Беларуси» – дэ-юрэ беларускае выданне, і ён не хацеў бы каментаваць стаўленне ўладаў Беларусі да СМІ.

Аб’ектыў
«Комсомольская правда» не ў Беларусі
2021.10.06 22:35

Капітуляцыя Крамля

Большасць аналітыкаў і прадстаўнікоў медыяў успрынялі такую развязку крызісу вакол «КП» як капітуляцыю Крамля перад Лукашэнкам.

Журналіст Алег Кашын у эфіры «Эхо Москвы» назваў цяперашнюю сітуацыю «абсалютнай ганьбай і сорамам» для расейскага боку. У сувязі з гэтым ён узгадаў арышт Паўла Шарамета ў 1997 годзе. На ягоную думку, параўнанне рэакцыі Масквы тады і цяпер будзе не на карысць пуцінскай адміністрацыі, бо ў 1997 годзе тагачасны прэзідэнт РФ Барыс Ельцын дзейнічаў значна больш рашуча. «Цяпер, калі Расея нібыта вялікая, ёй даводзіцца выцірацца чарговы раз», – адзначыў ён.

Вастрыню іміджавай паразы Масквы дадаюць тры важныя акалічнасці. Па-першае, газета «Комсомольская правда» непасрэдна звязаная з атачэннем Пуціна. Найбуйнейшы бенефіцыяр выдавецкага дому «Комсомольская правда» – Сяргей Рудноў, сын сябра Пуціна Алега Руднова. Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў сцвярджае, што «Комсомольская правда» – любімая папяровая газета Пуціна, ён рэгулярна чытае гэтае выданне.

Пуцін падчас перамоваў з Лукашэнкам 9 верасня.
Фота: Kremlin.ru

Па-другое, спачатку Крэмль публічна выказаў незадаволенасць дзеяннямі ўладаў Беларусі. Гэта хіба што адзіны выпадак з пачатку беларускага палітычнага крызісу, калі Крэмль адназначна асудзіў рэпрэсіўную акцыю рэжыму Лукашэнкі – нават пераслед расейскіх грамадзянаў не выклікаў такой рэакцыі. Таму наступнае дыстанцыяванне ад лёсу «КП в Беларуси» і недарэчнае выказванне спадзеву, што пераслед Генадзя Мажэйкі не звязаны з яго журналісцкай працай, сапраўды выглядае як адступленне і праява бездапаможнасці.

Штаб-кватэра выдавецкага дому «Комсомольская правда».
Фота: komi.kp.ru

Па-трэцяе, мяркуючы з усяго, затрыманне Мажэйкі адбылося ўсё ж на тэрыторыі Расеі. Пра гэта паведамляў галоўны рэдактар «КП» Уладзімір Сунгоркін, расейскае выданне «Readovka» (паводле журналістаў гэтага медыя, Мажэйку на тэрыторыі Расеі затрымлівалі беларускія кадэбэшнікі) і праваабаронцы. Улады Беларусі абвяргалі гэтую версію. У МУС сцвярджалі, што журналіста затрымалі ў Беларусі, куды яго прымусілі вярнуцца расейскія праваахоўныя органы, бо на тэрыторыі РФ яго нібыта прызналі непажаданай асобай. Кропку ў гэтай гісторыі маглі б паставіць расейскія ўлады, але тыя захоўваюць маўчанне.

«Мы проста не ведаем, дзе і кім ён быў затрыманы», – заявіў Дзмітрый Пяскоў 6 кастрычніка.

Гэтая заява выглядае абсалютна непраўдападобна: немагчыма паверыць у тое, што Крэмль за тыдзень так і не змог высветліць, што адбылося з Мажэйкам на тэрыторыі Расеі. Нават калі ўявіць, што канкрэтных абставінаў затрымання расейскія ўлады не ведаюць, то прынамсі пацвердзіць або зняпраўдзіць заяву МУС аб высылцы Мажэйкі з Расеі было б можна. Аднак замест гэтага Крэмль зрабіў выгляд, што проста нічога не ведае. Імаверна, справа ў тым, што інфармацыя пра рэальныя абставіны затрымання Мажэйкі нанесла б яшчэ большыя страты іміджу пуцінскага рэжыму.

Саступкі Масквы – ужо традыцыя

Аглядальнік расейскай газеты «Коммерсант» Дзмітрый Дрызе лічыць, што Крэмль наконт сітуацыі з «КП» не надта пераймаецца і таму проста не захацеў ісці на абвастрэнне:

«Тое, што падраздзяленне закрылі, такое часам здараецца – нічога не зробіш. Час няпросты. Не тая нагода, каб сварыцца з Менскам. І ніякай слабіны тут ніхто не даў».

Але варта прызнаць, што цяперашні выпадак – далёка не выключны ў стасунках Менску і Масквы. Расейскія ўлады рэгулярна пазбягаюць адкрытай канфрантацыі з Лукашэнкам у сітуацыях, калі Лукашэнка дэманстратыўна закранае інтарэсы Масквы. Дастаткова ўзгадаць, як напярэдадні выбараў 2020 года Лукашэнка жорстка крытыкаваў Расею і вінаваціў ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы, высылаў карэспандэнта расейскага «Первого канала», захопліваў кантроль над «Белгазпрамбанкам» і арыштоўваў расейскіх «вагнэраўцаў». Але ў выніку Пуцін усё роўна цалкам падтрымаў Лукашэнку падчас палітычнага крызісу і масавых пратэстаў, што стала адным з важных фактараў захавання дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.

Hавiны
Вагнэраўцы ў беларускіх лясах. Гісторыя самага рэзананснага фэйку Лукашэнкі
2021.09.09 11:07

Да 2020 года асцярожнасць Масквы ў канфліктных сітуацыях з Лукашэнкам можна было патлумачыць асцярогай, што той у адказ на ціск Расеі актывізуе заходні вектар сваёй палітыкі. Падчас выбараў 2020 года пазіцыю Крамля можна было патлумачыць жаданнем прывязаць Лукашэнку да сябе ў такі крытычны момант і адкінуць Беларусь у міжнародную ізаляцыю. Але ва ўмовах цяперашняга беспрэцэдэнтнага ў напружанні канфлікту Лукашэнкі з Захадам і ўзмацнелай залежнасці ад Расеі знайсці рацыянальныя прычыны надзвычайнай асцярожнасці Масквы куды больш складана.

«Ужо толькі лянівы не сказаў, што Лукашэнка літаральна здзекуецца з Крамля і выцірае ногі аб Маскву такімі сваімі дзеяннямі – можна прывесці іх вялікі спіс.

Але ці то страх страты важнага геапалітычнага саюзніка (уласна, і адзінага на заходнім напрамку), ці то страх таго, што калі перастаць падтрымліваць Лукашэнку, то абавязкова пачнецца Майдан, які перакінецца з Менску на Маскву, і танкі NATO ірвануць праз Менск на Маскву – настолькі пераважваюць нават пачуццё ўласнай годнасці Уладзіміра Пуціна, што ён не наважваецца, хоць праз Пяскова, хоць асабіста, зрабіць жорсткую заўвагу Аляксандру Лукашэнку», – заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Дождь» галоўны рэдактар Republic.ru Дзмітрый Колезеў.

Рэдактар гомельскага выдання «Моцныя навіны» аналітык Пётр Кузняцоў лічыць сітуацыю з «КП» чарговым доказам таго, што ўплыў Расеі на сітуацыю ў Беларусі ў рэальнасці «можа быць істотна ніжэйшым, чым прынята лічыць». Ён лічыць, што ніякіх наступстваў для расейска-беларускіх стасункаў гэтая гісторыя, хутчэй за ўсё, мець не будзе.

«Можна быць упэўненым толькі ў тым, што падобныя мікраперамогі ўмацоўваюць імідж Лукашэнкі сярод наменклатуры і чыноўнікаў як моцнага лідара, здольнага прасоўваць свае рашэнні нават насуперак Маскве», – адзначыў Кузняцоў у сваім блогу.

Пытанне прыярытэтаў

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што Пуцін не пойдзе на адкрыты канфлікт з Лукашэнкам праз кейс «КП». Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў сваім артыкуле для Naviny.by адзначае, што «Крэмль напэўна пастараецца ўзяць сваё ў іншых, значна больш важных для сябе пытаннях». У прыватнасці, гаворка ідзе пра лёс саюзных праграмаў і канстытуцыйнай рэформы, а таксама ўзмацненне вайсковай прысутнасці ў Беларусі. Пагатоў тыя ж саюзныя праграмы плануецца падпісаць менш чым праз месяц.

Сапраўды, у стасунках з афіцыйным Менскам для Расеі ёсць больш важныя пытанні, чым будучыня «КП» і Генадзя Мажэйкі. Да таго ж ў плане ўплыву на беларускую інфармацыйную прастору выгнанне «Комсомольской правды в Беларуси» складана лічыць сур’ёзным ударам па расейскім пазіцыям. Беларуская «Комсомолка» карысталася дастатковай аўтаноміяй і старалася прытрымлівацца журналісцкіх стандартаў. Затое адначасова з ліквідацыяй «КП» права на трансляцыю ў Беларусі атрымаў расейскі вайскова-патрыятычны тэлеканал «Звезда», які курыруецца Міністэрствам абароны РФ. Таму гаворка ідзе хутчэй пра іміджавыя страты Крамля, чым рэальныя.

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы, 14 верасня 2020 года.
Фота: Russian Presidential Press and I / TASS / Forum

Акрамя таго, нежаданне Масквы ісці на адкрытую канфрантацыю з Менскам яшчэ не азначае, што наступстваў не будзе зусім. Крэмль мае шырокае кола магчымасцяў зрабіць непрыемнасці Лукашэнку, не пераводзячы справу ў адкрыты канфлікт. Напрыклад, нельга выключаць, што Крэмль будзе наўмысна зацягваць выдачу крэдыту на $ 630–640 млн, які Пуцін паабяцаў Лукашэнку ў верасні. Таксама можа аказацца пад пытаннем візіт Пуціна ў Менску ў кастрычніку.

Аналітыка
Хто каго перахітрыў? Што трэба ведаць пра інтэграцыйныя дамоўленасці Лукашэнкі і Пуціна
2021.09.10 18:37

Нагадаем, у верасні Лукашэнка заявіў: Пуцін прыляціць у Менску на саміт СНД, які запланаваны на 14–15 кастрычніка. Інфармацыю пра намер расейскага прэзідэнта наведаць Беларусь пацвердзіў тады і Пяскоў. Гэта падзея можа мець важнае іміджавае значэнне для Лукашэнкі, бо гэта будзе наогул першы візіт замежнага кіраўніка дзяржавы ў Беларусь пасля выбараў 2020 года (і першы з лета 2019 года візіт Пуціна ў Беларусь).

Але на фоне скандалу вакол «КП» Пяскоў 4 кастрычніка заявіў, што пакуль яшчэ невядома, ці паедзе Пуцін на саміт СНД. 7 кастрычніка Лукашэнка віншаваў Пуціна праз тэлефон з днём народзінаў і падчас размовы, як сцвярджае прэс-служба Лукашэнкі, у тым ліку закрануў тэму рыхтавання да саміту СНД у Менску. Можна меркаваць, што калі б Лукашэнка падчас гэтай гутаркі атрымаў ад Пуціна пацверджанне свайго намеру наведаць Беларусь, то гэтая інфармацыя абавязкова б трапіла ў прэс-рэліз. Але гэтага не адбылося. А прэс-служба Крамля, у сваю чаргу, наогул нічога не распавяла пра змест размовы – паведамлялася толькі пра факт віншавання.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў