Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 11 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 11 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 200-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 52 650 чалавек забітымі. Адзначаецца, што, праз вялікія страты ў жывой сіле, расейцы плануюць правесці прымусовую мабілізацыю сярод насельніцтва часова акупаваных тэрыторыя, і ўжо цяпер мужчынам забаранілі пакідаць населеныя пункты.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што за мінулыя содні расейцы нанеслі 16 ракетных і 34 авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі Украіны. У прыватнасці, пацярпелі ваколіцы населеных пунктаў Слаўгарад, Вялікая Пісараўка, Вялікія Прыходы, Аўдзееўка, Невельскае, Мар’інка, Няскучнае, Вялікая Навасёлка, Дняпро і Брускінскае.

Удары з танкаў, мінамётаў, ствольнай і рэактыўнай артылерыі расейцаў назіраліся на большай частцы кірункаў – ад Сумскай да Мікалаеўскай вобласці.

Наземныя аперацыі цягам апошніх содняў праціўнік праводзіў толькі на данецкім участку фронту: удары расейцаў у ваколіцах населеных пунктаў Сасноўка, Маёрск, Мікалаеўка Другая, Зайцава, Вясёлая Даліна, Салядар, Бахмут, Піскі, Первамайскае і Новаміхайлаўка былі адбітыя ЗСУ.

У сваю чаргу ўкраінская авіяцыя нанесла 23 удары, у выніку якіх былі знішчаныя 4 зенітныя ракетныя комплексы, 4 апорныя пункты і 15 кропак дыслакацыі жывой сілы і тэхнікі праціўніка. Таксама былі знішчаныя 2 самалёты – Су-24 і Су-34, верталёт Ка-52, 2 беспілотнікі і авіяцыйную ракету.

Ракетныя войскі і артылерыя Украіны ў сваю чаргу працягнулі контрбатарэйную барацьбу, а таксама знішчэнне жывой сілы і тэхнікі праціўніка.

Тым часам Збройныя сілы Украіны працягваюць паспяхова наступаць у Харкаўскай вобласці. Асобныя крыніцы ўжо паведамляюць, пра поўнае вызваленне Харкаўшчыны, за выключэннем невялікага ўчастку тэрыторыі на ўсход ад ракі Аскол. У ЗСУ паведамляюць, што расейцы пакідаюць населеныя пункты Арцёмаўка, Баршчавая і Сватава, якія знаходзяцца на ўсход ад ракі. Між тым былі міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін мяркуе, што лінія фронту у Харкаўскай вобласці мусіць стабілізавацца па рацэ Аскол і Аскольскім вадасховішчы.

Сам Генштаб ЗСУ не спяшаецца называць канкрэтныя вызваленыя населеныя пункты. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч патлумачыў такое спазненне афіцыйных крыніцаў тым, што яны падаюць інфармацыю пра вызваленне населеных пунктаў толькі тады, калі апошнія цалкам зачышчаюцца ад ворага і бяруцца пад поўны кантроль.

Тым часам у прарасейскіх крыніцах пачалі з’яўляцца паведамленні пра магчымае месца новага контрнаступу ўкраінскіх сілаў – гаворка ідзе пра ваколіцы гораду Вуглядар Данецкай вобласці. Паводле Гіркіна, такі ўдар можа прывесці да чарговага прарыву пазіцыяў расейцаў з далейшым выхадам ЗСУ да Валнавахі, Марыупалю і ўзбярэжжа Азоўскага мора. Таксама ён не выключае, што новы ўдар ЗСУ могуць нанесці і па лініі населеных пунктаў Палогі – Гуляйполе Запарожскай вобласці. Тэлеграм-канал «Рыбарь» гаворыць, што ўкраінскія сілы могуць ударыць і ў ваколіцах Аўдзееўкі Данецкай вобласці.

Разам з тым ЗСУ працягваюць свой контрнаступ і ў Херсонскай вобласці. У вечаровай зводцы пазначана, што акупанты адышлі са сваіх пазіцыяў у некалькіх населеных пунктах. Таксама ёсць паведамленні пра баі ў ваколіцах населеных пунктаў Любімаўка і Аляксандраўка.

Выданне «Meduza» са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля, паведамляе, што праз паспяховае наступленне ЗСУ расейскія ўлады адклалі на няпэўны тэрмін правядзенне «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях. Маюцца на ўвазе псеўдарэферэндумы наконт «далучэння да Расеі», што планаваліся ў самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР», а таксама на акупаваных тэрыторыях Запарожскай, Харкаўскай і Херсонскай вобласцяў.

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што зімой адбудзецца вызваленне ўсіх украінскіх тэрыторыя, якія акупавалі расейцы. Але для гэтага неабходнае новае ўзбраенне. Пры гэтым Зяленскі распавёў, што цяпер перамовы з Крамлём па завяршэнні вайны немагчымыя, паколькі расейскі бок не можа сфармуляваць ніякіх адэкватных пазіцый.

BK belsat.eu 

Стужка навінаў