Што вядома пра наступленне ЗСУ на Харкаўшчыне. Галоўнае за 11 верасня


Збройныя сілы Украіны працягваюць развіваць паспяховае наступленне ў Харкаўскай вобласці. Belsat.eu распавядае, што вядома станам на 11 верасня.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) канстатуе, што цягам апошніх 5 дзён ЗСУ вызвалілі каля 3000 км² – гэта больш, чым захапіла Расея на ўсіх напрамках з красавіка.

«Украінскія сілы прарвалі расейскія пазіцыі на глыбіню да 70 кіламетраў у некаторых мясцінах… Расейскія войскі не вядуць кантраляваны адыход і спешна пакідаюць паўднёвы ўсход Харкаўскай вобласці, каб пазбегнуць кальца вакол Ізюму», – адзначаюць аналітыкі ISW.

Галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны Валерый Залужны заявіў, што на харкаўскім напрамку ўкраінскія вайскоўцы наступаюць не толькі на поўдзень і ўсход, але і на поўнач.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

У ранішняй зводцы Генштабу ЗСУ пацвердзілі, што ў горад Куп’янск (важны транспартны вузел) увайшлі ўкраінскія вайскоўцы. Адзначалася, што працягваецца вызваленне населеных пунктаў Куп’янскага і Ізюмскага раёнаў, але назвы занятых паселішчаў не агучваліся. Таксама Генштаб сцвярджаў, што на харкаўскім кірунку падраздзяленні са складу расейскай 3-й мотастралковай дывізіі засталіся без шляхоў забеспячэння і асабовы склад цяпер зазнае панічныя настроі.

Яшчэ ўчора ва ўкраінскіх тэлеграм-каналах сталі з’яўляцца кадры з Ізюму, куды ўвайшлі падраздзяленні ЗСУ. Афіцыйных заяваў наконт узяцця Ізюму з боку ўкраінскага камандавання пакуль не было. Украінскі вайсковы карэспандэнт Андрэй Цапліенка сёння а 15:00 выклаў відэа, як расейскія войскі перапраўляюцца праз Аскіл, пакідаючы Ізюм. Але ці кантралюе цяпер ЗСУ Ізюм цалкам – дакладна невядома. Брытанская выведка паведамляе, што вакол Ізюму працягваюцца баі.

Пра тое, што расейскія вайскоўцы пакідаюць Ізюм, учора паведаміў шэраг расейскіх Z-каналаў, а ўвечары 10 верасня інфармацыю пра адвод войскаў у завуаляванай форме пацвердзілі ў Мінабароны РФ.

Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) адзначае, што ў ноч з 10 на 11 верасня паўночная частка Ізюму была занятая ЗСУ, але паўднёвая яшчэ кантралявалася расейцамі. Аднак днём 11 верасня Стралкоў паведаміў, што адвод групоўкі з зоны на поўдзень ад Ізюму «паспяхова завершаны» і цяпер лінія фронту пралягае праз раку Аскіл.

Пра тое, што фронт цяпер пралягае праз Аскіл, паведамляюць і іншыя расейскія крыніцы.

«На гэтую хвіліну даводзіцца канстатаваць, што мы ідзем з Харкаўскай вобласці. Як на ўсход ад Харкава, так і на поўнач ад яго. Лінія абароны – на левым беразе Аскілу», – паведаміў днём 11 верасня вядомы прапагандыст, вайсковы карэспандэнт Аляксандр Коц.

Па сутнасці, гэта пацвердзілі і ў Мінабароны РФ. На брыфінгу прадстаўнік ведамства Ігар Канашэнкаў паказаў карту Харкаўскай вобласці, паводле якой Расея кантралюе толькі невялікую частку вобласці за ракой Аскіл.

Пры гэтым расейскі вайсковы блог «Старше Эдды» папярэджвае, што наступальны патэнцыял ЗСУ яшчэ не вычарпаны і сітуацыя пакуль не стабілізавалася.

Тым часам працягваюць паступаць паведамленні пра вызваленне ЗСУ ўсё новых населеных пунктаў. Аб 11:00 украінскі Генштаб заявіў пра вызваленне паселішча Чкалаўскае Харкаўскай вобласці.

У сярэдзіне дня стала вядома пра вызваленне буйнога паселішча Лыпці, што за 13 км ад мяжы з РФ. У сеціве з’явіліся кадры, на якіх відаць, як вайскоўцы ўздымаюць украінскі сцяг над будынкам мясцовай сельскай рады.

Паведамляецца таксама, што расейцы пакінулі паселішча Казача Лопань, што за 5 км ад мяжы.

Акрамя таго, Дэргачоўская гарадская рада сцвярджае, што расейцы страцілі Токараўку. Ёсць звесткі пра вызваленне паселішча Вялікі Бурлук.

Мяркуючы па карце, якую паказала Мінабароны РФ, расейцы пакінулі таксама горад Ваўчанск, што за 5 км ад мяжы. Пра пачатак эвакуацыі з Ваўчанску паведамлялася яшчэ ўчора.

Старшыня Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сынегубаў заявіў, што агулам ЗСУ вызвалілі ў Харкаўскай вобласці ўжо больш за 40 населеных пунктаў.

Аб’ектыў
Поспехі Украіны і планы Расеі на Беларусь
2022.09.11 05:25

Нагадаем, 6 верасня Збройныя сілы Украіны нечакана перайшлі ў наступ у раёне Балакліі на Харкаўшчыне, прарвалі расейскую абарону і сталі імкліва прасоўвацца наперад, пагражаючы адрэзаць ізюмскую групоўку РФ. Фронт на гэтым кірунку фактычна разваліўся і расейцы мусілі паспешліва адступаць.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў