Марафон у Вільні, паўмарафон у Менску. Як прайшлі актыўныя выходныя ў аматараў бегу


Марафон, як алімпійская дысцыпліна, сродак аб’яднаць людзей у барацьбе за мір і захаванне гуманітарных, высакародных, чалавечых каштоўнасцяў. Менавіта такія мэты паставілі сабе сваім удзелам у Віленскім марафоне 11 верасня прадстаўнікі Беларускага Фонду спартовай салідарнасці.

Марафон у Вільні

Знаных беларускіх спартоўцаў сёлета (летась тут удзельнічала Кацярына Сныціна) сабраць не ўдалося, бо большасць з іх пераехала ў Польшчу і іншыя еўрапейскія краіны, ды далей. Але ідэя была аб’днаць звычайных беларусаў, каб прабегчы з бел-чырвона-белым сцягам, прыцягнуўшы ўвагу сусветнай супольнасці да Беларусі, якая крыху адышла з парадку дня пасля 24-га лютага. І, адначасова, натхніць тых нашых суайчыннікаў, якія перавезлі сем’і ў Літвы.

Здымае мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vilnius Marathon / Facebook

Гэтаму, дарэчы, прысвечаныя розныя акцыі Беларускага Фонду спартовай салідарнасці і Вольнага аб’яднання спартоўцаў. Гэта і кампанія «За здаровы лад жыцця», і падтрымка спартоўцаў, якія жадаюць хутчэй вярнуцца ў сусветны спорт, асудзіўшы агрэсію Расеі ва Украіне, і праца Акадэміі, якая рыхтуе будучых супрацоўнікаў спартовай галіны Беларусі, а таксама, уласна, ініцыяваная БФСС Антываенная дэкларацыя, падпісаная на сённяшні дзень 482-ма атлетамі, у тым ліку, алімпійскімі чэмпіёнамі, з усяго свету.

Мянчук, а цяпер жыхар Вільні Сяргей Свіркоў, дырэктар Акадэміі Беларускага Фонду спартовай салідарнасці, стартаваў сёння на дыстанцыі 10 кіламетраў, пасля чаго падзяліўся з «Белсатам» сваймі ўражаннямі:

«Уражанні вельмі моцныя. Я ўсю дыстанцыю да самага фінішу бег з нашым нацыянальным сцягам. І былі яшчэ некалькі чалавек з імі на плячах на гэтым маршруце. Мы пераклікаліся, усміхаліся, віталі адно аднаго воклічамі «Жыве Беларусь!». Нас дружна падтрымлівалі літоўцы. Гэта яскрава паказвае, што ніхто не дыскрымінуе нас, заўсёды прыходзяць і гатовыя надалей прыходзіць на дапамогу. Галоўнае, што нам не трэба ні ў якім выпадку саромецца таго, што мы – беларусы. Альбо баяцца чагосьці з гэтай нагоды. І ёсць акрэсленая вера: мы абавязкова прабяжым падобны марафон у Менску. Гэта будзе Марафон свабоды. І не мае значэння, чаму ён будзе прысвечаны: Дню гораду, альбо Дню Незалежнасці. Няхай гэта будзе неўзабаве!»

Было прадстаўніцтва Беларусі і на галоўнай дыстанцыі. Наш Аляксандр Шыла, які выступаў за літоўскі клуб CatRunTeam, прабег марафон з 21-м вынікам. У Аляксандра Барысевіча, які вырашыў удзельнічаць нейтральна, – 105-е месца. Усяго марафон сабраў амаль 700 удзельнікаў з Літвы, Латвіі, Польшчы, Швейцарыі, Беларусі, Украіны, Греціі, Бельгіі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Францыі, Нідэрландаў, Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Славеніі, Славаччыны, і нават Мексікі, Аргентыны, Эквадора і В’етнама.

Паўмарафон у Менску

Ладзілі бег у гэтую нядзелю і ў беларускай сталіцы. Толькі ад класічнай дыстанцыі адмовіліся тут даўно. Прычыны называліся розныя: ад фінансавага складніка да няўпэўненасці ў захаванні мераў бяспекі цягам усёй дыстанцыі. Якія меры бяспекі ў разуменні рэжыму мы бачылі больш за год таму, калі 26 чэрвеня 2021 года падчас менскага міжнароднага трыятлону затрымалі трох удзельнікаў спаборніцтваў, брутальна збіўшы адно з іх з ровару. Арцёма Казімірчыка, Аляксандра Клімянкова ды Юрыю Семашку абвінавацілі ў тым, што яны «пакрыўдзілі» іншых удзельнікаў спаборніцтваў, «дэманстратыўна выкрыкваючы лозунгі пратэставага толку». Іх пазней пакаралі соднямі. Не дзіўна, што пасля і гэтага выпадку ў тым ліку, у Беларусь не жадаюць ехаць прафесійныя марафонцы з-за мяжы. А сваіх набраць (належнага ўзроўню і ў годнай колькасці) зараз проста немагчыма.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Спартовая акцыя ў Менску, 23 лютага 2020 г.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Апошні Менскі міжнародны марафон праходзіў роўна 12 год таму, 11 верасня 2010-га. Потым сталіца перайшла на паўмарафоны. Сёлета гэта былі тры дыстанцыі: 5 кіламетраў, 10 і 21 кіламетраў 097 метраў. Удзел платны: ад 25 да 100 беларускіх рублёў. Менскі паўмарафон праводзіцца з 2013 года. У 2019-м у ім была зафіксаваная найбольшая колькасць удзельнікаў – каля 40 тысяч чалавек з дзясяткаў краінаў свету. У 2020-м паўмарафон не праводзіўся на тле паслявыбарчых пратэстаў. Летась выступілі 10 тысяч удзельнікаў. А сёлета зарэгістравалася толькі 5 тысяч 716 асобаў.

У Беларусі, паводле сайту GET.RUN, папярэднімі марафонамі на алімпійскай дыстанцыі называюцца 34-ы Маларыцкі і 36-ы Міждзяржаўны Асіповіцкі, а таксама Маладзечанскі, якія адбыліся ў 2018-м, а апошнім пакуль, у Беларусі, прайшоў марафон у Магілёве пад назваю «Другое дыханне». Гэта было ў кастрычніку 2019-га. І ўсё. Пазней – толькі прабегі, кросы, альбо аматарскія ўльтрамарафоны на 60 ці 100 кіламетраў, што да вялікага, алімпійскага спорту, дачынення не маюць аніякага.

Hавiны
Выпусцілі Дашу, затрымалі амбасадарку. Навіны тыдня ў малюнках
2022.09.11 14:00

АП belsat.eu

Стужка навінаў