«Мы павінны лямантаваць». Чаму Лукашэнку яшчэ не прызналі тэрарыстам, і як у гэтым можа дапамагчы Нюрнбэрг


Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне правядзе ў Нюрнбэрзе – там, дзе прайшоў міжнародны трыбунал над нацызмам, – прававую канферэнцыю аб злачынствах супраць чалавечнасці і прызнанні Аляксандра Лукашэнкі тэрарыстам. Разбіраемся, што гэта і для чаго.

Канферэнцыя пройдзе 11 кастрычніка. Да ўдзелу ў ёй запрасілі адвакатаў, палітыкаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі. Падзея будзе складацца з дзвюх частак: дыскусія адвакатаў з міжнародным досведам і прэс-канферэнцыя.

Hавiны
НАУ анансуе прававую канферэнцыю ў Нюрнбэрзе
2021.08.30 20:48

Карэспандэнты «Белсату» папрасілі Міхаіла Кірылюка, адказнага ў НАУ за пытанні юстыцыі і прадстаўніка Каардынацыйнай рады ў юрыдычных пытаннях, распавесці падрабязней пра запланаваную канферэнцыю.

Тры асноўныя пытанні

Як заявіў Кірылюк, галоўнае пытанне будучай канферэнцыі – міжнародныя юрыдычныя механізмы ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі.

«Наш абавязак як юрыстаў – шукаць прававыя метады ўздзеяння на рэжым, кансультавацца з тымі, хто разумее ў гэтых пытаннях болей, і прыцягваць да гэтага ўвагу палітыкаў краінаў, якія вызначаюць, што будзе з гэтых інструментаў працаваць, а што павінна быць адкладзена ўбок», – паведаміў юрыст.

Паводле адмыслоўцы, на канферэнцыі будуць разгледжаныя тры асноўныя пытанні, якія «часткова перасякаюцца, але могуць ісці і самастойна»:

  • універсальная юрысдыкцыя,
  • прызнанне Лукашэнкі ды ягонай каманды тэрарыстамі,
  • міжнародны трыбунал.

«Не бачым ніякіх апдэйтаў»

Прадстаўнік НАУ нагадаў, што дзякуючы механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі пытанні катаванняў у Беларусі могуць расследавацца і ў іншых краінах. Пагатоў нашая краіна падпісала міжнародную Канвенцыю супраць катаванняў. Раней паведамлялі, што ў некалькіх краінах ужо падалі заяўкі на пачатак крымінальных справаў за катаванні ў межах універсальнай юрысдыкцыі. Але зрухаў пакуль не відаць.

Hавiны
Літва можа пачаць расследаваць гвалт беларускіх сілавікоў. На чарзе – іншыя краіны
2020.11.27 18:45

«Напрыклад, яшчэ летась абвесцілі, што Літва пачала справу ў межах універсальнай юрысдыкцыі супраць тых, хто збіваў Максіма Харошына. Але дасюль, на жаль, мы не бачым ніякіх апдэйтаў. Лагічным следчым дзеяннем было б выклікаць тых, каго падазраюць у гэтых злачынствах, да суддзі ці пракурора, каб апытаць іх, а калі яны не з’явяцца – абвясціць іх у міжнародны вышук. Справы ёсць, але мы не бачым, каб яны рухаліся кудысьці. І мы хочам прыцягнуць увагу да гэтай праблемы», – заявіў Кірылюк.

На думку юрыста, для такіх справаў «дакументаў сабралі ў некалькі разоў болей, чымся трэба». Таму палітыкаў хочуць спытаць, чаго ім «не стае, каб прыняць нейкія непрыемныя рашэнні».

«Моцна наблізімся да перамогі»

Другое пытанне – гэта прызнанне рэжыму Лукашэнкі ці некаторых ягоных частак тэрарыстамі. Як адзначае Кірылюк, гэта можа рабіцца як праз судовыя рашэнні, гэтак і праз палітычныя. Праблема ў тым, што палітыкі не хочуць прызнаваць дзейных уладаў іншых краінаў тэрарыстычнымі. Але, кажа юрыст, у гэтым пытанні ўжо ёсць прэцэдэнт: прызнанне тэрарыстычнай арганізацыяй Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі, элітнага вайскова-палітычнага фармавання з Ірану.

Hавiны
BYPOL: Існуе вайсковае падраздзяленне, якое мае займацца знішчэннем апанентаў Лукашэнкі за мяжой
2021.02.09 15:41

«Шмат палітыкаў, кіраўнікоў дзяржаваў ужо назвалі дзеянні Лукашэнкі тэрарыстычнымі. Але, наколькі нам вядома, фармальную працэдуру яшчэ ніхто не пачаў. Таму мы хочам узняць пытанне: можа, чагосьці бракуе? Можа, мала яшчэ Лукашэнка катуе і забівае беларусаў для статусу тэрарыста?» – задаецца пытаннем прадстаўнік НАУ.

Паводле Міхаіла Кірылюка, занясенне прозвішча Лукашэнкі ў спіс тэрарыстаў будзе азначаць фінансавы калапс для беларускага рэжыму:

«Гэта сур’ёзны рычаг, і калі ён будзе ўжыты, мы вельмі моцна наблізімся да перамогі».

«Мы павінны лямантаваць»

Трэцім пытаннем на канферэнцыі ў Нюрнбэрзе плануецца абмеркаваць магчымы міжнародны трыбунал адносна Беларусі. Юрыст адзначыў, што ААН ужо абвясціла збор доказаў на гэтую тэму, а спецпрадстаўнік АБСЕ ў сваёй справаздачы ўжо казаў пра неабходнасць міжнароднага расследавання падзеяў у Беларусі.

Hавiны
У Кангрэсе ЗША прапаноўваюць заснаваць Міжнародны крымінальны суд для Лукашэнкі
2021.08.06 14:57

«У свеце шмат праблемных дзяржаваў, і мы павінны лямантаваць пра свае праблемы, каб нашыя справы прасоўваліся хутчэй», – заявіў прадстаўнік НАУ.

Адмысловец падкрэсліў, што толькі абмеркаванне ў ААН таго, які працэс пачынаць, а які не, можа заняць месяцы і нават год.

«Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў у свеце адна, суд у яе адзін, а справаў шмат, таму трэба абіраць, чые пытанні разглядаць першымі, а чые адкласці на потым. Таму мы жадаем прыцягнуць увагу менавіта да нашага пытання, каб нейкім чынам усё-такі паскорыць разгляд беларускай справы ў судзе ААН. Бо калі ўжо пазоў пададзены ў суд, то гэта будзе пытанне чаргі», – сказаў Кірылюк.

Паводле юрыста, нагодаю для падачы пазову ў суд можа зрабіцца незвычайна вялікая колькасць мігрантаў, якія выехалі з Беларусі ад рэпрэсіяў Лукашэнкі.

«Дакументальныя падставы ў нас ужо ёсць. Далей пытанне хуткасці палітыкаў ды іхнай актыўнасці. Мы павінны іх падштурхоўваць», – заключыў Кірылюк.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў