Міністр спорту раскрытыкаваў Вікторыю Азаранку за адмову выступаць на Алімпіядзе


Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук у інтэрв’ю «СБ-Беларусь сегодня» заявіў, што яму не падабаецца абстаноўка ў беларускім тэнісе і абвінаваціў спартоўцаў у «спажывецкім стаўленні да дзяржавы».

Рашэнне тэнісісткі Вікторыі Азаранкі адмовіцца ад удзелу ў Алімпіядзе ў Токіа міністр назваў нечаканым:

«Чым кіравалася Азаранка? Непрыемна. Як не пазмагацца за гонар краіны? Не дапамагчы, калі ў табе маюць патрэбу? Не павесці за сабой маладых, натхніць іх сваім прыкладам? Тую ж не заўсёды стабільную Арыну Сабаленку. Ды і ўласныя амбіцыі задаволіць, паспрабаваць замахнуцца на тытул двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі. Бо ў пары з Сабаленкай шанец выйграць золата, лічу, меўся цудоўны. Такія паводзіны не красіць Азаранку ні як спартоўку, ні як чалавека, ні тым больш як грамадзяніна сваёй краіны».

Па словах Кавальчука, яму наогул не падабаецца тая абстаноўка, якая склалася сёння ў беларускім тэнісе:

«Прага ці нават прагнасць да грошай спарадзілі спажывецкае стаўленне да дзяржавы, якое ўкладала і ўкладае ў станаўленне спартсменаў вялікія грошы. А жыццё і кар’еру пры гэтым многія нашы тэнісісты, на жаль, пералічваюць выключна на долары».

У ліпені Вікторыя Азаранка паведаміла ў сваім Instagram, што вырашыла не прымаць удзелу ў алімпійскіх гульнях у Токіа. Спартоўка ніяк не патлумачыла прычыны свайго рашэння. Адначасова яна падкрэсліла, што з нецярплівасцю чакае алімпіяды ў 2024 годзе ў Парыжы, на якой будзе прадстаўляць Беларусь.

Вакол адмовы Азаранкі ўдзельнічаць у Алімпіядзе хадзілі розныя чуткі. У тым ліку выказвалася меркаванне, што такім чынам яна магла выказаць свой пратэст супраць палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Аднак гэтая версія нічым не пацверджана.

Hавiны
На Алімпіяду ў Токіа паедзе найменш беларускіх спартоўцаў за ўсю гісторыю
2021.06.23 20:58
  • 31-гадовая Вікторыя Азаранка – самая паспяховая беларуская тэнісістка ў гісторыі. Яна пераможца 21 турніру серыі WTA, у тым ліку двух турніраў «Вялікага шлему». У 2012 годзе яна стала алімпійскай чэмпіёнкай у міксце разам з Максімам Мірным.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў