Хто зойме месца Дзмітрыя Баскава на пасадзе кіраўніка беларускага хакею?


Пакінуць пасаду Дзмітрыя Баскава прымусілі санкцыі ў выглядзе дыскваліфікацыі з боку міжнароднай федэрацыі хакею.

Час праўлення Баскава, год дэградацыі і правалаў

Год кіравання Баскава – гэта год рэпрэсіяў супраць нязгодных, і год правалаў: Беларусь згубіла права правесці чэмпіянат свету ў Менску, потым правалілася і нацыянальная хакейная зборная, якая спачатку заняла перадапошняе месца на чэмпіянаце свету, а потым не змагла прайсці алімпійскую кваліфікацыю, сенсацыйна ўпершыню ў сваёй гісторыі саступіў палякам.

Пасля таго правалу зборная запісала віншаванне з днём нараджэння Лукашэнкі, і гэта відэа шырока абмяркоўвалася ў сеціве.

Дзмітрый Баскаў.
Фота: hockey.by

Чаму ён быў вымушаны сысці?

Нагадаем, што 8 верасня дысцыплінарная Камісія Міжнароднай федэрацыя хакею на лёдзе (IIHF) пазбавіла Баскава займацца любой дзейнасцю пад эгідай міжнароднай федэрацыі хакею, як на нацыянальным узроўні, так і міжнародным на працягу бліжэйшых пяці гадоў.

Рашэнне прынялі пасля 10-месячнай праверкі дысцыплінарнай камісіі. Тая прызнала Баскава вінаватым у парушэнні нормаў паводзінаў IIHF праз спробы наўпроставага ўплыву на іншых, каб тыя падтрымлівалі ўрад Беларусі, у пагрозах і дыскрымінацыі беларускіх атлетаў праз іхныя палітычныя погляды. Таксама Баскава прызналі вінаватым у парушэнні артыкулу 5 Алімпійскай хартыі і правілаў IIHF праз адкрытае падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка падчас хакейнага турніру разам з Дзмітрыем Баскавым.
Фота: president.gov.by

IIHF таксама прыйшло да высновы, што «нельга выключаць» прысутнасці Баскава пры нападзе на Рамана Бандарэнку, які пазней памёр. Дастатковых наўпроставых доказаў актыўнага ўдзелу Баскава ў забойстве IIHF не выявіла, але камісія дапускае на падставе звестак, аўдыё- і відэазапісаў, атрыманых з медыяў і Беларускага фонду спартовай салідарнасці, што спартовы функцыянер мог прысутнічаць пры канфлікце, які прывёў да смерці жыхара плошчы Пераменаў.

Hавiны
Сёння б споўнілася 32 гады Раману Бандарэнку
2021.08.01 13:36

Пасля агучвання рашэння міжнароднай федэрацыі Баскаў заявіў, што не збіраецца пакідаць сваю пасаду, але 10 верасня ўжо перадумаў. На сайце федэрацыі хакея Беларусі паведамілі, што іх кіраўнік пакідае пасаду ў сувязі з неабгрунтаваным грубым ціскам і каб гэта прынесла карысць беларускаму хакею.

– У сваім рашэнні я кіраваўся адным: беларускі хакей не павінен пацярпець. Я сам быў хакеістам, сам прайшоў праз усё гэта, таму, калі я разумею, што Міжнародная федэрацыя хакея можа забараніць усім нашым зборным, клубным камандам і дзіцяча-юнацкім школам выступаць на міжнароднай арэне, я проста не магу сабе гэтага дазволіць, – так пракаментаваў свой сыход Дзмітрый Баскаў прэс-службе БФХ.

Нагадаем, што летась к жніўні нечакана падаў у адстаўку былы кіраўнік федэрацыі хакею Беларусі Генадзь Савілаў, яго пасаду заняў Баскаў. Ёсць меркаванне, што Савілава прымусілі пакінуць пасаду, каб вызваліць месца для Баскава.

Эксперт: уплыў Баскава не беларускі хакей па ранейшаму будзе моцны

Наш суразмоўца, журналіст які шмат гадоў пісаў пра хакей, кажа, што самім фактам адстаўкі Баскава ён не здзіўлены, бо пасля правалу беларускай хакейнай зборнай на чэмпіянаце свету, а зараз яшчэ ў сувязі «з пралётам» міма чарговай зімовай Алімпіяды нейкія кадравыя высновы ў федэрацыі павінны былі адбыцца.

– Зараз выглядае, што першапачатковая рэакцыя на рашэнне міжнароднай федэрацыі хакея наконт дыскваліфікацыі Баскава, была ў БФХ занадта павольнай: маўляў, не дачакаецеся і наш кіраўнік пад ціскам у адстаўку не пойдзе. І вось прайшлі яшчэ адны дадатковыя содні, каб у БФХ урэшце змаглі зрабіць цвярозы аналіз, якія могуць быць наступствы для беларускага хакея ад ігнаравання рашэння міжнароднай федэрацыі, – кажа наш суразмоўца.

Таксама журналіст мяркуе, што Баскаў не згубіць рэальная кіраванне беларускім хакеем, і чакае, што пасаду зойме цалкам падкантрольны Баскаву чалавек, які будзе выконваць любыя загады зверху.

Дзмітрый Баскаў стаіць на браме.
Фота: скрыншот by.tribuna.com

– Калі задавацца пытаннем: ці адыдзе Баскаў ад рэальнага кіравання Беларускай федэрацыі хакея, то тут варта ўзгадаць, што і ад кіравання клубам «Дынама Менск» ён адышоў фармальна. Шмат што сведчыць, што прынцыповыя рашэнні ў клубе прымаюцца альбо ўзгадняюцца з ім асабіста дагэтуль. Да таго ж, ёсць яшчэ і прыклад Нацыянальнага алімпійскага камітэту, дзе ад змены галоўнага кіраўніка мала што змянілася: нават прозвішча засталося тое самае.

Таму, на маю думку, наўрад ці варта прынцыпова новай асобы сярод прэтэндэнтаў на пасаду старшыні БФХ. Хутчэй за ўсё будзе нехта з тых, хто трапіў у федэрацыю апошнім часам менавіта па пратэкцыі Баскава, – мяркуе эксперт, з якім размаўляў «Белсат».

На думку аматараў хакею, такі чалавек у федэрацыі ўжо ёсць, для гэтага трэба ўважліва прыглядзецца да Берасця. Тут Баскаў правёў частку хакейнай карʼеры, абараняючы браму мясцовага клубу, тут ён сустрэў жонку, дачку былога кіраўніка «Берасцеэнерга» Александру Шышко, тут у яго зʼявіўся першы «Мерседэс», а пазней нерухомасць і акумулятарны завод, супраць якога тры гады пратэставалі берасцейцы. І вось гэты чалавек – Сяргей Сушко, былы кіраўнік ХК «Берасце», сябар Баскава і прыхільнік сённяшняй улады. Яго справы пайшлі ў гару, калі Баскаў узначаліў федэрацыю.

АС belsat.eu

Стужка навінаў