ЗСУ: 13 тысяч беларускіх вайскоўцаў падпісалі згоду ваяваць з Украінай


Расея працягвае пастаўляць боепрыпасы ў Беларусь і з Беларусі – сваім войскам на тэрыторыі Украіны, працягвае абстрэльваць Украіну з тэрыторыі Беларусі. Але ў ЗСУ лічаць, што Крэмль хоча ўцягнуць беларусаў яшчэ глыбей у гэтую вайну. Перадае карэспандэнт «Белсату» з Кіева.

На здымку – Аляксей Громаў, намеснік кіраўніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, брыгадны генерал. Кіеў, Украіна. 11 жніўня 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Брыгадны генерал Збройных сілаў Украіны Аляксей Громаў на прэс-канферэнцыі 11 жніўня згадаў сярод іншага пра здарэнне ў беларускім аэрадроме «Зябраўка» – украінскі бок чакае новых звестак пра выбух у Гомельскай вобласці. Але расказаў пра іншыя аспекты саўдзелу ўладаў Беларусі ў расейскім нападзе на Украіну.

Ён нагадаў, што расейскія войскі наносяць ракетныя ўдары па Украіне ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, але прыкметаў фармавання наступальнай групоўкі на паўночны захад ад Украіны не выяўлена (у памежных раёнах бачаць шэсць батальёнаў Узброеных сілаў Беларусі), абстаноўка «стабільная і кантраляваная».

«Агулам Расея працягвае ўцягваць Беларусь у поўнамаштабную вайну супраць Украіны, – расказаў Громаў. – Паводле наяўных звестак, каля 13 тысяч асобаў з ліку дзейных і былых вайскоўцаў падраздзяленняў беларускіх Сілаў спецыяльных аперацыяў і АМАП падпісалі згоду на ўдзел у вайне супраць Украіны».

Аналітыка
«Беларусь – гэта не Крым». Ці магла Украіна нанесці ваенны ўдар па аэрадроме ў Гомельскай вобласці?
2022.08.11 16:37

Паводле яго, асноўная матывацыя тых, хто падпісвае такія згоды, гэта «страх і грошы», а ідэалагічнай матывацыі няма: ніхто не верыць у «дэнацыфікацыю» ці «прыгнёт расейскамоўнага насельніцтва» Украіны.

З 13 па 27 жніўня ў Беларусі запланаваныя Міжнародныя армейскія гульні – на іх чакаюць прадстаўнікоў 37 краінаў. Громаў адзначыў, што Расея запрашае на палігоны ў Беларусі замежных грамадзянаў: так, на аэрадром «Мачулішчы» прыбыла каманда з грамадзянаў Расеі, В’етнаму, Узбекістану, Камеруну, Лаосу, Таджыкістану, Кіргізстану, Сірыі і Малі – нібыта для ўдзелу ў гульнях (аб гэтым сапраўды паведамлялі расейскія і беларускія дзяржаўныя медыі).

Аляксей Громаў выступае на брыфінгу па аператыўнай сітуацыі на фронце. Кіеў, Украіна. 11 жніўня 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Громаў адзначыў, што сапраўдныя мэты такіх гульняў цяжка вызначыць, але ёсць пытанні адносна таго, чаму такія гульні праводзяцца менавіта там і менавіта ў такі час – перад Днём незалежнасці Украіны (24 жніўня). Ён заявіў са спасылкай на ацэнкі спецыялістаў, што магчымыя дыверсіі з ахвярамі сярод замежнікаў з мэтай «дэманізацыі» Украіны і ўцягвання ў вайну беларусаў.

Паводле Громава, Расея працягвае пастаўляць у Беларусь ракеты для комплексаў «Искандер», С-300 і С-400, з якіх абстрэльваюць тэрыторыю Украіны, а з тэрыторыі Беларусі працягваюць перавозіць боепрыпасы расейскім войскам на ўсход Украіны. Умовы захоўвання боепрыпасаў у Беларусі лепшыя, чым у Расеі, а дыстанцыя падвозу карацейшая.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра аэрадром у Зябраўцы. Афіцыйна там адбылося «ўзгаранне рухавіка»
2022.08.11 16:05

АА belsat.eu

Стужка навінаў