Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 11 жніўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 11 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

Высакавольтныя лініі ў Херсонскай вобласці, якія ўпалі 11 жніўня. Яны ідуць ад Запарожскай АЭС на тэрыторыю акупаванага Крыму. Крыніца: uniannet/Telegram

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 169-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 43-х тысяч чалавек забітымі.

Адзначаецца, што праціўнік засяродзіўся на ўстанаўленні поўнага кантролю над тэрыторыямі Луганскай і Данецкай вобласцяў, утрыманні захопленых тэрыторыяў Херсонскай, Запарожскай, Мікалаеўскай і Харкаўскай вобласцяў, а таксама на стварэнні спрыяльных умоваў для аднаўлення наступу на асобных кірунках. 

Цягам апошніх содняў на валынскім і палескім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. Беларускія вайскоўцы працягваюць узмоцненую ахову беларуска-ўкраінскай мяжы ў Гомельскай і Берасцейскай вобласцях.

Тым часам тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведамляе, што ўночы ў раёне аэрадрому «Зябраўка» каля Гомля заўважылі выбухі і выбліскі.

У сваю чаргу гомельскае выданне «Флагшток» таксама піша, што «з 00:25 да 00:32 былі чутныя выбухі, адчувалася [ударная] хваля, пару разоў праз суцэльную воблачнасць [былі бачныя] светлавыя пробліскі. Кірунак – зябраўскі аэрадром».

Пры гэтым у Міністэрстве абароны Беларусі заявілі, што «10 жніўня каля 23:00 падчас кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося яе ўзгаранне». Пацярпелых няма.

Між тым «Defence Blog» са спасылкай на крыніцы, звязаныя з выведкай, паведамляе, што на авіябазе ў Зябраўцы «узарвалася магутным выбухам» расейская РЛС кіравання агнём 92Н6, вядомая ў NATO як «Магільны камень».

Агулам у Зябраўцы дыслакавана шмат расейскай вайсковай тэхнікі і самалётаў, у тым ліку сістэмы СПА С-400 і «Панцыр-С1», адзначае выданне. 

Аналітыка
Што трэба ведаць пра аэрадром у Зябраўцы. Афіцыйна там адбылося «ўзгаранне рухавіка»
2022.08.11 16:05

На сіверскім кірунку была абстраляная вайсковая і цывільнай інфраструктура ў ваколіцах населеных пунктаў Логі Чарнігаўскай вобласці і Варажба, Мязенаўка, Грабоўскае і Слаўгарад Сумскай вобласці.

На харкаўскім кірунку цягам апошніх содняў расейцы абстралялі тэрыторыі каля населеных пунктаў Уды, Пятроўка, Пратапопаўка, Карабочкіна і Шавелеўка.

На славянскім кірунку варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля Карнавухаўкі, Вірнаполля, Багародзічнага, Мазанаўкі і іншых.

На краматорскім кірунку вораг праводзіў наступальныя дзеянні каля Грыгораўкі і Верхнякаменскага, але поспеху не меў ды адышоў назад. Цяпер баявыя дзеянні працягваюцца ў ваколіцах Івана-Дар’еўкі.

Таксама праціўнік здзейсніў абстрэлы ўкраінскіх тэрыторыяў каля Сіверску, Верхнякаменскага, Серабранкі і Грыгораўкі.

На бахмуцкім кірунку расейцы правялі няўдалую спробу выведкі боем каля Якаўлеўкі. Таксама не далі вынікаў варожыя спробы наступальных і штурмавых дзеянняў каля Бахмуцкага і Зайцава. У ваколіцах населеных пунктаў Вяршына і Дача баявыя дзеянні працягваюцца.

Варожыя абстрэлы з танкаў і артылерыі прыйшліся на ваколіцы населеных пунктаў Бахмут, Касцянцінаўка, Пераезнае, Вясёлае, Бахмуцкае, Вясёлая Даліна, Якаўлеўка, Вяршына і Зайцава. Удары авіяцыі былі нанесеныя па тэрыторыі каля Выемкі, Спірнага, Салядару, Бахмуту і Зайцава.

На аўдзееўскім кірунку праціўнік праводзіць наступальныя дзеянні ў бок населеных пунктаў  Мар’інка і Піскі.

Варожыя абстрэлы на гэтым кірунку былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Мар’інка, Вадзяное, Няйталава, Аўдзееўка, Піскі, Вопытнае і Краснагораўка.

На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках былі зафіксаваныя расейскія абстрэлы каля населеных пунктаў Новаміхайлаўка, Малая Такмачка, Малінаўка, Лук’янаўскае, Вуглядар, Новаданілаўка, Урэмаўка, Белагор’е, Бурлацкае і Кушугум. Авіяцыйныя ўдары былі нанесеныя па ваколіцах Прачыстаўкі, Новаміхайлаўкі і Залатой Нівы.

Акрамя гэтага праціўнік намагаўся наступаць каля Паўлаўкі, але быў адкінуты назад ЗСУ.

Аналітыка
«Беларусь – гэта не Крым». Ці магла Украіна нанесці ваенны ўдар па аэрадроме ў Гомельскай вобласці?
2022.08.11 16:37

Украінская атамная кампанія «Энергаатам» паведаміла, што расейскія вайскоўцы днём 11 жніўня зноў абстралялі Запарожскую АЭС і тэрыторыі паблізу атамнага аб’екту. «Энергаатам» паведамляе, што сітуацыя на станцыі зараз «кантралюемая». Аднак расейскія прапагандысты заяўляюць, што нібыта гарыць другі энергаблок. Гэтую інфармацыю ўкраінскі бок пакуль не пацвердзіў.

Тым часам дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань паведаміў, што 11 жніўня «упалі» апоры, якія вядуць ад Кахоўкі да Чаплінкі (у бок Крыму). Паводле Хланя, гэта адбылося таму, што так трэба ўкраінскаму бок. Пры гэтым дэпутат дапускае, што расейскі бок можа назваць прычынай падзення «стомленасць металу». 

Нагадаем, учора расейцы заявілі, што далучаць Запарожскую АЭС да сваёй энергасістэмы.

На паўднёвабужскім кірунку свае асноўныя намаганні акупанты засяродзілі на ўтрыманні занятых пазіцыяў і недапушчэнні наступу ўкраінскіх сілаў. Таксама назіраецца высокая інтэнсіўнасць вядзення паветранай выведкі з дапамогай беспілотнікаў.

Акрамя гэтага расейцы здзейснілі абстрэлы вайсковай і цывільнай інфраструктуры ў ваколіцах населеных пунктаў Мікалаеў, Украінка, Прыбужскае, Ліманы, Сцепавая Даліна, Благадатнае, Вясёлы Кут, Кобзарцы, Белая Крыніца, Цвёрдамядава і Асакораўка. Авіяўдары былі нанесеныя па тэрыторыях каля Андрэеўкі, Новагрыгораўкі, Белай Крыніцы, Мірнага, Вялікага Артакова і Лазавога.

Віцэ-прэм’ерка Украіны Ірына Верашчук паведаміла, што больш за 130 жанчын-вайскоўцаў, якія абаранялі марыупальскі завод «Азоўсталь», цяпер знаходзяцца ў расейскім палоне. Сярод іх ёсць тыя, што служылі ў палку «Азоў», а таксама ваенныя медыкі, памежніцы, марпехі, нацгвардзейцы і іншыя. Паводле Верашчук, Украіна намагаецца іх вызваліць. 

Між тым украінскі Каардынацыйны штаб у пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі ўключыў двух грамадзянаў Беларусі Васіля Парфянкова і Васіля Грудовіка, якія служылі ў палку імя Кастуся Каліноўскага, у рэестр абаронцаў Украіны, якія трапілі ў расейскі палон. 

Тым часам брыгадны генерал Збройных сілаў Украіны Аляксей Громаў на прэс-канферэнцыі 11 жніўня заявіў, што Расея працягвае ўцягваць Беларусь у поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Паводле наяўных звестак, каля 12 тысяч асобаў з ліку дзейных і былых вайскоўцаў падраздзяленняў беларускіх Сілаў спецыяльных аперацыяў і АМАП падпісалі згоду на ўдзел у вайне супраць Украіны».

BK belsat.eu

Стужка навінаў