Сяргею Ціханоўскаму змянілі рэжым утрымання пад вартай


Праваабаронцы паведамляюць, што палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага перавялі на турэмны рэжым. У бліжэйшы час яго этапуюць з Магілёўскай калоніі № 15.

Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

Такое рашэнне аб узмацненні рэжыму для Ціханоўскага вынесла 11 жніўня суддзя Кастрычніцкага раёну Магілёва Жанна Пушкіна.

Святлана Ціханоўская ўжо адрэагавала на перавод мужа ў турму:

«Сяргея Ціханоўскага адпраўляюць з калоніі ў турму на тры гады – перавядуць на турэмны рэжым, як яны гэта называюць. Я не ведаю ні прычын такога рашэння, ні куды яго накіруюць. […] Дарагі Сяргей, як я чакаю таго моманту, калі навіны пра цябе я зноў буду даведвацца асабіста ад цябе – а не ўсёй краінай праз адвакатаў і праваабаронцаў!».

Усяго праваабаронцам вядомыя прозвішчы 43 палітвязняў, якіх адміністрацыя калоній карае за нібыта парушэнне ўстаноўленага парадку. Так, ужо 28 палітвязням узмацнілі рэжым і перавялі ў турму.

Адрозненне турэмнага рэжыму ў тым, што зняволеныя ўтрымліваюцца ў камеры, дзе, у адрозненні ад калоніі, яны ўвесь час сядзяць у чатырох сценах.

Меркаванні
Дзе мы былі два гады таму
2022.08.11 12:12

Сяргей Ціханоўскі, вядомы дзякуючы свайму YouTube-каналу «Краіна для жыцця», хацеў балатавацца на прэзідэнцтва Беларусі, аднак не здолеў падаць дакументы на рэгістрацыю, бо яго затрымалі. Тады замест яго ў кандыдаты пайшла жонка Святлана Ціханоўская.

Сяргея зноў затрымалі 29 траўня 2020 года. З таго часу ён за кратамі. 14 снежня 2021 года блогера асудзілі на 18 гадоў пазбаўлення волі паводле чатырох артыкулаў: ч. 1 арт. 293 КК – «Арганізацыя масавых беспарадкаў», арт.342 – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», арт. 191 – «Стварэнне перашкодаў ажыццяўленню выбарчых правоў», арт. 130 – «Распальванне варожасці».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў