Рэпетытар Лівянт: Уступная кампанія ў ВНУ праваленая другі год запар


Знаны беларускі рэпетытар Яўген Лівянт мяркуе, што ўступная кампанія ва ўніверсітэты праваленая другі год запар. Пра гэта ён напісаў у сваім акаўнце ў Facebook.

Будынак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. 26 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«У ВНУ прынялі практычна ўсіх ахвочых, і яшчэ засталіся месцы! У большасці ВНУ на большасць спецыяльнасцяў конкурсу не было ці амаль не было», – піша Лівянт.

Больш за тое, практычна на любую спецыяльнасць можна было паступіць абітурыенту з 250 баламі з 400, «гэта значыць, будучы паводле савецкіх мерак троечнікам, які скончыў усяго толькі 9 класаў з 11».

Лівянт мяркуе, што «ў ВНУ прыйшло вельмі шмат студэнтаў, якія не ў стане засвоіць праграмы ВНУ нават 1-га курсу»:

«Значыць, або іх адлічаць, або яны адлічацца самі, або іх будуць да апошняга «цягнуць за вушы», каб ВНУ не засталіся без студэнтаў, а значыць, без фінансавання і выкладчыкаў. Але ўсё роўна частка спецыяльнасцяў непазбежна, чарговы раз, давядзецца закрыць або аб’яднаць з іншымі».

Аналітыка
Дадатковыя наборы ў ВНУ: чаму беларускім універсітэтам не хапае навучэнцаў
2022.07.29 20:02

Пры гэтым рэпетытар дадаў, што ў Беларусі вельмі моцна скарацілася колькасць абітурыентаў, якія паступаюць у айчынныя ўніверсітэты. Гэтак, у 2016 годзе колькасць усіх абітурыентаў перавышала колькасць месцаў у ВНУ ў 1,6 разу, а сёлета – 1,14.

«На мой погляд, гэты факт азначае, што колькасць ахвочых вучыцца ў беларускіх ВНУ няўхільна зніжаецца», – заявіў Лівянт.

На думку эксперта, шмат выпускнікоў паступаюць у замежныя ўніверсітэты, і «можна са шкадаваннем чакаць несуцяшальных вынікаў уступнай кампаніі ды ў наступным навучальным годзе».

Hавiны
Дзе атрымаць еўрапейскую адукацыю? Агляд магчымасцяў для беларусаў
2022.05.28 08:40

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў