Палітвязня Ігара Пыж’янава збіваюць і катуюць у калоніі


Браты палітычнага вязня Ігара Пыжʼянава бʼюць у набат. Яны лічаць, што ў калоніі Ігара наўмысна знішчаюць фізічна і маральна. У размове з «Белсатам» Ілля Пыжʼянаў распавёў, што Ігара моцна збілі кантралёры, а медыкі прапісалі яму лекі, пасля якіх палітзняволенаму робіцца толькі горш.

Пайшоў з органаў міліцыі, быў назіральнікам на выбарах – пасадзілі на 3 гады. Гісторыя лідчаніна Ігара Пыж’янава. Ігар Пыж’янаў.
Фота: сямейны архіў

У палітычнага вязня Ігара Пыж’янава – два браты, Леанід і Ілля. Цяпер, калі Ігар за кратамі, яны дапамагаюць сям’і, кантактуюць з адвакатам. Ілля ўпэўнены, што Ігара пасадзілі ў мінулым годзе ні за што. Падставаю для справы сталася правакацыя сілавікоў.

49-гадовага лідскага юрыста Ігара Пыж’янава 17 чэрвеня летась асудзілі на 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і прызначылі выплаціць 10 тысячаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Суддзя Аляксандр Гаўрылаў прызнаў мужчыну вінаватым у «гвалце супраць службовай асобы» (ч. 1 арт. 366 КК РБ). Пацярпелы ў справе – працаўнік КДБ І. Ліхарад, які браў удзел у затрыманні Пыж’янава. Яму Пыж’янаў нібыта пашкодзіў нагу – парваў меніск.

Hавiны
Сышоў з міліцыі, быў назіральнікам на выбарах – пасадзілі на 3 гады. Гісторыя лідчаніна Ігара Пыж’янава
2021.06.29 17:25

«Пасля суда Ігара перавялі ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацку. Тут спачатку была з ім сувязь, прыходзілі адвакаты. Але ў пачатку гэтага года пачаліся праблемы. Падрабязнасцяў не ведаем, нам толькі вядома, што Ігара пасадзілі ў штрафны ізалятар, ён у адказ на гэта абвясціў галадаванне. Падставаю для пакарання сталіся нейкія дробныя парушэнні», – распавядае Ілля Пыж’янаў.

Сваякі зняволенага кажуць, што стаўленне ў калоніі да палітычных вельмі кепскае. Адміністрацыя цісне, за дробныя правіны прызначаюцца пакаранні. Як стала вядома з лістоў Ігара, яго пакаралі ШІЗА толькі за тое, што памыліўся са спісам сваіх рэчаў. Іншым вязням за гэтую ж правіну проста агучвалі папярэджанне.

«Агулам у ШІЗА Ігар заставаўся тры месяцы. Ведаю, што апошні раз яму прысудзілі ізалятар 25 чэрвеня і вызвалілі толькі 28 ліпеня. Адпаведна, увесь гэты час ад брата не было ніякіх паведамленняў. Мы накіравалі да яго адваката. І пасля сустрэчы з абаронцам даведаліся, што Ігара моцна збілі. Фактычна ён увесь быў у сіняках. Прычым было відаць, што ён іначай рэагуе на кантралёраў», – распавядае Ілля Пыж’янаў.

Пасля сустрэчы з адвакатам Ігар напісаў скаргу пра збіццё. Палітычны вязень падрабязна апісаў, як у душавой яго збілі чацвёра кантралёры. Падстава для здзекаў – просьба палітычнага вязня выклікаць яму хуткую дапамогу.

Скарга Ігара Пыж’янава на збіццё ахоўнікамі калоніі.
Фота: Белсат

«Гэтую скаргу мы накіравалі ў калонію і ў пракуратуру. Таксама мы запатрабавалі, каб у адміністрацыі калоніі нам распавялі пра стан здароўя Ігара. Рэч у тым, што цяпер брату выпісалі нейкія лекі. Але што за пігулкі, не ведае і сам Ігар. Ён кажа, што папрасіў болеспатольныя, але пасля ўжывання лекаў яму робіцца толькі горш. Гэта было каля двух з паловаю тыдняў таму.

І вось нядаўна адміністрацыя калоніі прыслала адказ, што інфармацыі пра здароўе брата яны не будуць агучваць, бо, маўляў, не маюць на гэта права, гэта медычная таямніца. Але адвакату ўдалося сустрэцца з Ігарам, і брат падпісаў дакумент, што ён не супраць таго, каб інфармацыю пра стан ягонага здароўя агучвалі родным. Мы цяпер чакаем наступнага адказу з боку адміністрацыі. Пагатоў пасля збіцця мінула ўжо больш за два тыдні. Таксама дагэтуль не маем адказу з боку пракуратуры. Увогуле, у такой сітуацыі я баюся, каб майго брата не забілі за кратамі», – трывожыцца малодшы брат.

Пасля таго як Ігар выйшаў з ШІЗА, яго фактычна адразу ж перавялі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Палітвязень у лістах паведамляе, што ўмовы ўтрымання тут лепшыя, чымся ў ШІЗА. Але ў зняволенні ў яго рэзка пагоршылася здароўе. Ігар у лістах піша, што тут адміністрацыя стварае ўмовы, каб фізічна і маральна знішчыць яго.

Адказ сваякам Пыж’янава ад адміністрацыі калоніі.
Фота: Белсат

Таксама стала вядома, што 29 ліпеня адміністрацыя калоніі склікала камісію, якая пастанавіла, што Ігар нібыта зацяты парушальнік рэжыму. У выніку супраць мужчыны могуць распачаць яшчэ адную крымінальную справу. Сваякі мяркуюць, што пасля ПКТ вязня могуць перавесці ў турму.

У Ігара на волі засталася жонка і трое дзяцей. Прычым адно дзіця мае інваліднасць. Таму, кажуць браты, ягонае месца не за кратамі, а каля сямʼі.

«Раней адвакат наведваў Ігара адзін раз на месяц, але цяпер мы накіроўваем яго кожны тыдзень, каб яны ведалі, што Ігара чакаюць і дбаюць пра яго. Нас тры браты, мы робім усё, што можам, і не дамо ў крыўду адзін аднаго», – падкрэслівае Ілля.

Брат палітвязня таксама нагадвае: калі з Ігарам нешта здарыцца за кратамі, ён прыкладзе ўсе высілкі, каб вінаватыя ў гэтым панеслі адказнасць. Ілля Пыжʼянаў пэўны, што сітуацыя ў Беларусі ў любым выпадку зменіцца, а тыя, хто знішчаў людзей, першыя будуць несці адказнасць за свае злачынствы.

Беларус беларусу
Лукашэнка адабраў тату ў дзяўчынкі з ДЦП: даў тры гады калоніі
2021.10.01 19:55

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў