Кім Чэн Ын заявіў пра перамогу над каронавірусам


Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын абвесціў перамогу над каронавірусам у краіне. Пра гэта паведамляе паўночнакарэйскае агенцтва KCNA.

Кім Чэн Ын скача на кані.
Фота: kcna.kp

Кім Чэн Ын на нарадзе ў справе супрацьэпідэмічных захадаў «урачыста абвясціў пра перамогу ў экстранай супрацьэпідэмічнай кампаніі для знішчэння ўварванага на нашую тэрыторыю новага каронавіруса».

Адначасова з гэтым намесніца загадчыка аддзелу ЦК Працоўнай партыі Карэі і сястра кіраўніка краіны Кім Ё Чонг абвінаваціла ў пранікненні віруса ў краіну Паўднёвую Карэю ды прыгразіла «знішчыць паўднёвакарэйскіх кіраўнікоў», калі Сеул працягне свае дзеянні. У Рэспубліцы Карэі ўжо зняпраўдзілі ўсе абвінавачанні.

Як адзначае KCNA, нібыта перамога над каронавірусам «прадэманстравала моц і дух гераічнай Карэі, якая энергічна ішла да светлай будучыні сацыялізму карэйскага ўзору перад тварам любых бураў гісторыі, цесна згуртаваных у адзінай свядомасці вакол вялікага ЦК партыі».

З пачатку пандэміі ўвесну 2020 года КНДР цалкам закрыла межы на ўезд. Пры гэтым яна адмовілася ад удзелу ў праграме «Covax», баючыся, што замежныя спецыялісты пры ўездзе ў краіну завязуць інфекцыю. Улады КНДР прызналі выбух інфекцыі ў краіне толькі ў траўні 2022 года.

Адзначым, што Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра перамогу над каронавірусам яшчэ два гады таму:

«Мы не зніжаем градусу барацьбы, хаця ўжо сёння можна сказаць: мы перамаглі».

Праўда, статыстыку смяротнасці, якую засакрэцілі з пачаткам пандэміі, улады Беларусі не рассакрэцілі дасюль.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў