Генпракуратура просіць прызнаць BYPOL тэрарыстамі. Яго кіраўнік увайшоў у Кабінет, створаны Ціханоўскай


Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед на прапанову старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні аб’яднання беларускіх сілавікоў BYPOL з структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна–аналітычны цэнтр» і «Мабілізацыйны план. Перамога», якія ўваходзяць у яе, тэрарыстычнай арганізацыяй. Пра гэта 11 жніўня паведамілі ў ведамстве.

Александр Азаров, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Аляксандр Азараў, прадстаўнік ініцыятывы BYPOL, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

У Генпракуратуры заявілі, што BYPOL нібыта збіраецца гвалтоўным чынам змяніць канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, плануе акцыі тэрарыстычнай і экстрэмісцкай накіраванасці.

9 жніўня кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў, былы падпалкоўнік міліцыі, увайшоў у склад Пераходнага кабінету, створанага Офісам Святланы Ціханоўскай у выніку аб’яднання розных ініцыятываў. Ён адказны за аднаўленне правапарадку ў Беларусі.

Паводле Азарава, ён фактычна займае пасаду міністра ўнутраных справаў.

У інтэрв’ю «Белсату» кіраўнік BYPOL заявіў, што адною са сваіх задачаў бачыць легітымізацыю дзеянняў беларускіх партызанаў у Беларусі для міжнароднай супольнасці, «каб партызаны былі не тэрарыстамі, а сумленнымі грамадзянамі, якія працуюць для дабра радзімы.

«У Беларусі пачалася мітусня ў сілавых структурах, Лукашэнка не задаволены тым, што адбываецца. Сілавікі ў Беларусі задаволеныя: так, даўно трэба было стварыць Кабінет», – адзначыў Азараў.

Кіраўнік альтэрнатыўнага МУС хоча, каб, «калі будзе створанае беларускае войска і ўведзенае ў Беларусь», сілавікі адразу да яго далучыліся.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў