Эстонія перастане ўпускаць расейцаў з эстонскімі шэнгенскімі візамі


Эстонія спыняе выдачу віз грамадзянам Расеі і з 18 жніўня не будзе ўпускаць расейцаў з шэнгенскімі візамі, якія былі выдадзены Эстоніяй. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўраду краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

«Мы бачым, што колькасць расейскіх грамадзян, якія праязджаюць транзітам праз Эстонію або якія ўязджаюць у Эстонію з Расеі, значна вырасла. Магчымасць для расейскіх грамадзян масава наведваць Эстонію або падарожнічаць праз Эстонію ў Еўропу не адпавядае мэце ўведзеных намі санкцый. Уводзячы санкцыі, Эстонія хацела, каб краіна-агрэсар не мела магчымасці працягваць звычайнае міжнароднае жыццё на ўзроўні грамадзян», – заявіў міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу.

Гэтае рашэнне тычыцца толькі візаў, выдадзеных Эстоніяй, і не закранае візы, якія былі выдадзены іншымі краінамі Шэнгенскай зоны.

Ва ўрадзе Эстоніі заявілі, што абмежаванні не закрануць некаторыя групы расейскіх грамадзян. Так, від на жыхарства для расейскіх студэнтаў, якім неабходна скончыць навучанне ў Эстоніі, будзе працягнуты яшчэ на адзін год.

Таксама пад забарону не трапяць супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў у Эстоніі і члены іх сем’яў, міжнародныя перавозчыкі, асобы, якія маюць права свабоднага перамяшчэння па заканадаўстве Еўразвязу, якія могуць уехаць у Эстонію па гуманітарных прычынах, а таксама блізкія сваякі асоб, якія маюць эстонскае грамадзянства або пастаянны від на жыхарства ў Эстоніі.

Абноўлена
Латвія хоча, каб Еўразвяз забараніў выдаваць візы беларусам
2022.08.11 12:56

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў