BYPOL здабыў архіў КДБ з інфармацыяй пра рэпрэсаваных беларусаў у савецкі час


База пакуль не гатовая да публікацыі, карыстацца ёй могуць яшчэ толькі тэхнічныя спецыялісты.

Дзіця глядзіць на міліцыянтаў у час акцыі ў 30-ю гадавіну адкрыцця праўды аб савецкіх злачынствах ва ўрочышчы Курапаты – там пахаваныя дзясяткі, калі не сотні тысяч забітых Саветамі. Менск, Беларусь. 2018 год.
Фота: Белсат

Аб’яднанне беларускіх былых сілавікоў BYPOL атрымала ў распараджэнне базу звестак Камітэту дзяржаўнай бяспекі пра беларусаў, рэпрэсаваных у савецкі час. Пра гэта паведаміла «Наша ніва» 11 жніўня. «Белсату» гэта пацвердзіў Аляксандр Азараў – прадстаўнік BYPOL і Пераходнага кабінету.

За ўвесь час у БССР былі рэпрэсаваныя сотні тысяч чалавек, а то і больш за мільён. Каля 200 тысяч з іх, як мяркуецца, загінулі. КДБ адлічбоўвала запісы са свайго архіву, які так і не раскрылі пасля распаду Савецкага Саюзу. Адлічбаваны архіў са звесткамі пра многія тысячы чалавек трапіў да BYPOL – але аб’яднанне трымае ў сакрэце, якім шляхам здабыла базу.

Азараў тлумачыць: навіна прасачылася зарана. Пакуль архіў не «прывялі ў парадак» – знайсці ў ім нешта змогуць толькі спецыялісты вузкага профілю.

«Мы цяпер працуем над тым, каб зрабіць з архіву базу звестак, каб любы грамадзянін мог адшукаць там сваіх продкаў, атрымаць любую інфармацыю, што там ёсць, – кажа Азараў. – Але гэтая праца яшчэ вядзецца, яна не выкананая да канца. Канешне, мы думалі, як зрабіць гэтую базу даступнай для ўсіх ахвочых, але прапрацоўваецца пытанне, якім чынам тэхнічна гэта можна зрабіць».

Пяць гадоў таму ў КДБ і Міністэрства ўнутраных справаў звярталіся з публічнай петыцыяй, дзе прасілі зняць грыфы сакрэтнасці з дакументаў аб савецкіх рэпрэсіях і перадаць архіўна-следчыя справы на рэпрэсаваных у адкрытыя архівы, выкласці ў адкрыты доступ базу звестак. Сілавікі адмовіліся: спаслаліся на тое, што гэта на адказнасці Нацыянальнага архіву.

Даследчык Ігар Кузняцоў лічыў, што база налічвае 180 тысяч прозвішчаў з артыкуламі, паводле якіх яны былі рэпрэсаваныя, а агульную колькасць рэпрэсаваных беларусаў ацэньваў у 1,4-1,6 млн чалавек.

Intermarium
Сталін і Беларусь: таямніцы архіваў
2018.10.28 22:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў