Змененыя жніўнем: год беларусаў у фотаздымках


За апошні год хтосьці з нашых суайчыннікаў страціў родных і сяброў, сотні беларусаў былі прызнаныя палітычнымі вязнямі, тысячы з’ехалі з радзімы, мільёны расплюшчылі вочы і ўбачылі сапраўдную Беларусь. З пачаткаў пратэстаў «Белсат» збірае гісторыі людзей, лёс якіх змянілі падзеі жніўня 2020 года. У гэтай фотападборцы узгадваем некаторыя з іх.

Марыя Акостка, сястра Руслана Акосткі, і ягоная маці Вольга ў сябе ўдома. Былога дэсантніка, які 15 лістапада 2020 года прайшоў ледзьве не ўвесь Салігорск пад бел-чырвона-белым сцягам, суд пакараў трыма гадамі пазбаўлення волі. Мужчыну вінавацілі ў супраціве міліцыянту, які ахоўвае грамадскі парадак, а таксама ў нанясенні цялесных пашкоджанняў, якія не панеслі за сабою цяжкіх ускладненняў і шкоды здароўю (арт. 363 КК РБ). Пры гэтым на відэа затрымання Акосткі было відаць, што мужчына не супраціўляўся. Віны Акостка не прызнаў. Чытаць размову са сваякамі Руслана.
Фота: Белсат
«Белсат» сустрэўся з некалькімі беларускімі сем’ямі, якім валанцёры прывезлі падарункі з Цэнтру беларускай салідарнасці і Варшаўскага альтэрнатыўнага спартовага клубу «ZŁY». На падарункі скідваліся беларусы і палякі, а 50 кг прысмакаў перадала беларуская дыяспара з Аўстрыі. Падарункі атрымалі 30 сем’яў, якія спыніліся ў Варшаве і іншых гарадах краіны. На здымку — сям’я Васілеўскіх. Таццяна ўцякала з Беларусі з мужам Валерыем і трыма дзецьмі: аднагадовай Любай, трохгадовым Міронам і 11-гадовым Багданам. Яна з Берасця, дзе працавала ў лагістычнай кампаніі, якая абслугоўвае міжнародныя перавозы. Перад выбарамі актыўна ўключылася ў збор подпісаў за Сяргея Ціханоўскага. Тут можна паглядзець фотарэпартаж.
Фота: ЮШ/ Белсат
Міхаіл Залатароў, бацька 16-гадовага палітвязня Мікіты Залатарова. Гомельца Мікіту затрымалі 11 жніўня – забралі з дому, калі не было бацькоў. Падлетка абвінавацілі ў арганізацыі масавых закалотаў, гвалце ў дачыненні міліцыянтаў, кіданні кактэйляў Молатава ў цэнтры Гомля 10 жніўня. Суд пакараў хлопца турмою на 5 гадоў і 1 месяц. У СІЗА на Мікіту завялі яшчэ адну крымінальную справу, абвінаваціўшы ў нападзе на ахоўнікаў. Падлетак хварэе на эпілепсію. За кратамі ягоны стан пагоршыўся: пачаліся частыя прыступы з сутаргамі. Чытаць размову з Міхаілам Залатаровым.
Фота: Белсат
Міхаіл Зуй, былы купалавец і адзін з аўтараў YouTube-каналу «ЧынЧынЧэнэл», расказаў «Белсату» пра гумар у трагічны час, з чаго цяпер не пасмяешся і як чыноўнікі зліваюцца са сцяной. Міхаіл адзін з супрацоўнікаў Беларускага нацыянальнага тэатру ім. Янкі Купалы, якія 26 жніўня 2020 года падалі заявы аб сыходзе ў сувязі са звальненнем з палітычных матываў дырэктара Паўла Латушкі, які падтрымаў пратэстоўцаў на вуліцах Менску.
Фота: Белсат
Беларусы Варшавы адсвяткавалі старажытнае народнае свята Купалле. Арганізатарамі выступілі Беларускі хор у Варшаве і Інстытут беларускай культуры. Адзначыць свята на беразе ракі Віслы прыйшлі дзясяткі беларусаў самых розных узростаў, сярод якіх было шмат палітычных эмігрантаў і ўцекачоў. Галоўнай падзеяй вечара стаў выступ Беларускага хору ў Варшаве, які прыплыў па Вісле на лодцы. Ён выканаў для прысутных народную беларускую песню «Купалінка». Тут можна паглядзець фотаржпартаж.
Фота: ЮШ / Белсат
Святлана Рыкава, маці Юліі Слуцкай, стваральніцы беларускага Прэс-клубу. Юлія Слуцкая застаецца пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яе затрымалі ў аэрапорце 22 снежня, а 31 снежня абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Заснавальніцу Прэс-клубу абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»). З 22 снежня 2020 года яе трымаюць за кратамі, як і ейнага сына Пятра Слуцкага – аператара Прэс-клубу. Ён таксама сядзіць у СІЗА № 1. Чытаць размову са Святланай Рыкавай.
Фота: АК / Белсат
Кацярына Афнагель, жонка палітзняволенага Яўгена Афнагеля. Ён, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі», падчас выбараў адседжваў 15 содняў, якія атрымаў за прысутнасць на адным з пікетаў Святланы Ціханоўскай. Калі выйшаў на волю, убачыў безліч людзей, бел-чырвона-белыя сцягі і ланцугі салідарнасці. З жонкаю Кацярынай яны дамовіліся, што пасля выбараў вызначацца, ці заставацца ў Беларусі. І ў выніку зразумелі, што хочуць быць менавіта ў гэтай краіне, побач з гэтымі людзьмі. Яўген паспеў адчуць эйфарыю ад народнага ўздыму, але ў верасні яго абвінавацілі паводле крымінальных артыкулаў. 25 траўня актывісту прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. А ён стаяў з паплечнікамі ў клетцы і смяяўся. Кацярына засталася даглядаць дом і трох сабакаў. Чытаць размову з Кацярынай Афнагель.
Фота: ТК / Белсат
У польскай сталіцы прайшла імпрэза, арганізаваная ў стылі беларускіх дваровых акцыяў. Пасля леташніх выбараў, перадусім у Менску, дваровыя канцэрты і імпрэзы арганізоўваліся рэгулярна да глыбокай восені. Сёлета актывісты беларускай дыяспары працягваюць акцыі ў такім фармаце за мяжою. На здымку людзі махаюць ліхтарыкамі на смартфонах падчас выступу гурта «V&D», які граў песні беларускіх і замежных калектываў падчас дваровога канцэрту ў Беларускім доме. Тут можна паглядзець фотарэпартаж.
Фота: ВО / Белсат
Людміла Івашына, маці палітвязня Дзяніса Івашына. Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын з Горадні ўжо чатыры месяцы застаецца за кратамі ў гарадзенскай турме. Яго затрымалі 12 сакавіка паводле арт. 365 Крымінальнага кодэксу («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных справаў»). За гэты час Дзяніса неаднаразова вазілі на размовы ў КДБ, двойчы кідалі ў карцар. Падчас апошняй такой адседкі яму стала блага з сэрцам. Чытаць размову з Людмілай Івашынай.
Фота: МК / Белсат
Фота з адмысловага рэпартажу «Белсату» пра 150 дзён Паўла Латушкі ў Польшчы. Некалькі месяцаў таму мы размаўлялі з кіраўніком НАУ пра асабістае, працу ў сістэме і, натуральна, пра адчуванне Беларусі за мяжою.
Фота: ЮШ / Белсат
Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай агучылі вырак. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. На дзень 11 жніўня нашыя каляжанкі правялі за кратамі 269 дзён. Дзяўчат асудзілі на 2 гады зняволення, абвінаваціўшы ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак. Але насамрэч Кацярына і Дарʼя вялі стрым з плошчы Пераменаў, калі амапаўцы знішчалі народны мемарыял. Два дні таму суд пералічыў тэрміны адбыцця пакарання з улікам новых паправак у заканадаўства.
Фота: Белсат
Людмілу Сульжыцкую называюць смаргонскай Нінай Багінскай. Яна не прапускае ў горадзе ніводнай пратэстнай акцыі і пакараная паводле васьмі адміністратыўных пратаколах (арт. 23.34). Жанчына нават не ведае, якую агульную суму штрафаў яе забавязалі сплаціць, у яе ўсё адно няма грошай. Чытаць размову з Людмілай Сульжыцкай.
Фота: ВШ / Белсат
Дар’я i Паўліна Лосік, жонка і дачка палітзняволенага Ігара Лосіка. На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансера радыё «Свабода» завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Рыхтаванне да парушэння грамадскага парадку») і ч. 2 арт. 293 («Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля ператрусу дому ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал на той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек. Чытаць размову з Дар’яй Лосік. А тут Ігар Лосік распавядае пра здзекі ў гомельскім СІЗА.
Фота: ТК / Белсат
Алексей и Ирина Счастные. Политзаключенные Беларуси
Аляксандр Шчасны разам з 10-гадовым Германам быў вымушаны з’ехаць з Беларусі праз некалькі дзён пасля затрымання жонкі, якую вінавацяць ва ўдзеле ў масавых закалотах. Па Ірыну прыйшлі 18 лістапада 2020 года. Сілавікі былі апранутыя як работнікі ЖЭСу. А ў нядзелю, 21 лістапада, да Аляксандра сабралася завітаць газавая служба. Мужчына не стаў чакаць паўтарэння сцэнара, сабраў самае неабходнае, узяў старую машыну і разам з сынам паехаў ва Украіну.
Фота: Света Фар / Белсат
26-гадовую каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны» і праваабаронцу Марфу Рабкову вінавацяць у рыхтаванні, навучанні ці фінансаванні ўдзельнікаў масавых закалотаў. У Марфы ды ейнага мужа Вадзіма Жаромскага (на фота) забралі грошы ў якасці доказу: сродкі былі адкладзеныя на аплату навучання Марфы ў ЕГУ і лячэнне цяжка хворага бацькі валанцёркі. Праваабаронцы пагражае да трох гадоў зняволення. Яшчэ у траўні Рабкову, якая застаецца ў СІЗА-1, паставілі на прафілактычны ўлік як «схільную да экстрэмізму». Чытаць размову з Вадзімам Жаромскім.
Фота: Белсат
Год таму Святлана Ціханоўская стала кандыдаткаю на прэзідэнцтва. Гэтая падзея змяніла жыццё не толькі тысяч беларусаў і Святланы, але і ейных дзяцей, блізкіх. Каманда Belsat.eu пагутарыла са Святланаю пра жыццё і працу ў эміграцыі, а таксама паназірала за дзейнасцю штабу ў Вільні. Тут можна пачытаць размову. На здымку — Святлана Ціханоўская сустракаецца з беларускай дыяспарай у польскай сталіцы. Тут можна паглядзець фотарэпартаж.
Фота: ЮШ / Белсат
Ігар Банцэр – вядомы гарадзенскі перформер, актывіст і панк-музыка. Уначы 5 верасня 2020 года ён станцаваў у стрынгах перад міліцэйскім аўтамабілем. За вулічны перформанс Ленінскі суд Горадні прысудзіў яму 1,5 года «хіміі». Падчас судовага працэсу гарадзенец трымаў 16-дзённае сухое галадаванне. 6 жніўня 2021 года панк-музыка быў змешчаны ў штрафны ізалятар на 10 содняў «за парушэнне рэжыму». Чытаць размову з Ігарам Банцэрам.
Фота: МК / Белсат
У Каралеўскім замку ў Варшаве прайшоў канцэрт Вольнага хору, прысвечаны Марыі Калеснікавай. Сярод прысутных – ейная родная сястра Таццяна Хоміч, кіраўнік НАУ Павел Латушка, былы пасол Беларусі ў Аргентыне Уладзімір Астапенка, паэт Андрэй Хадановіч, польскія дыпламаты і сотні беларусаў і палякаў. Тут можна паглядзець фотарэпартаж і відэа. Вольны хор узнік летась у жніўні як рэакцыя на палітычныя падзеі ў краіне. Спевакі нечакана зʼяўляліся ў публічных месцах Менску: у метро, на вакзале, у оперным тэатры, бібліятэцы, у філармоніі, у гандлёвых цэнтрах, мемарыяле «Яма» – і выконвалі кампазіцыі, якія сталі асабліва папулярнымі падчас беларускіх пратэстаў. Хор таксама ўдзельнічаў у дваровых канцэртах у Менску.
Фота: ТК / Белсат

СА belsat.eu

Стужка навінаў