Соф’я Сапега, якую затрымалі ў траўні ў Менску пасля пасадкі самалёта «Ryanair», дала інтэрвʼю праграме «Это другое», якая выйшла 10 жніўня на дзяржаўным тэлеканале.
Яна заявіла, што не скардзіцца на самаадчуванне і трывае ў нармальным настроі:
«Аб планах казаць пакуль ранавата, але на дадзены момант я адчуваю сябе значна лепш, чым у першыя дні [пасля затрымання]. Настрой нармальны, гатовая ісці далей»
Сапега не лічыць, што да экстранай пасадкі самалёта датычныя беларускія спецслужбы: «Не, паколькі я ніколі не старалася паглыбляцца ў гэтую сітуацыю. Я да гэтага часу знаходжуся ў гэтай сітуацыі, і, напэўна, пасля таго, як гісторыя менавіта са мной скончыцца, мне спатрэбіцца час, каб усвядоміць і зрабіць нейкі разумны і цвярозы вынік. Зараз я не раблю ніякіх ацэнак».
Падчас праграмы паказалі ўрывак з інтэрв’ю Рамана Пратасевіча. Ён выказаў здагадку, што да пасадкі самалёта могуць быць датычныя член рэдакцыі «Nexta» Ян Рудзік і дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
У адказ на гэта Софʼя таксама выказала думку, што ў гэтай сітуацыі маглі быць замяшаныя людзі з «працоўнага калектыву» Рамана Пратасевіча:
«Але так, з размоў з Раманам была зроблена выснова, што ў гэтым замяшаны менавіта працоўны калектыў Рамана, хто-небудзь з яго працоўнага асяроддзя», – сказала яна.
Дзяўчына таксама абвергла версію пра тое, што супрацоўнікі беларускага КДБ былі на борце самалёта і затрымалі Пратасевіча яшчэ там, да пасадкі ў Менску, а таксама версію пра тое, што нібыта для пасадкі самалёта была справакаваная бойка з бортправаднікоў.
«Не, нічога падобнага не адбывалася. Ніякія супрацоўнікі КДБ у самалёце нічога з намі не рабілі, іх не было. Таксама не было ніякай бойкі», – сказала Сапега.
Нагадаем, што Соф’я Сапега была затрыманая 23 траўня ў менскім аэрапорце разам з блогерам і заснавальнікам тэлеграм-каналу «Nexta» Раманам Пратасевічам пасля вымушанай пасадкі самалёта кампаніі «Ryanair».
У Беларусі Сапегу абвінавачваюць па ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»), а таксама яна праходзіць падазраванай па справе аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак – артыкул 342 КК.
У канцы чэрвеня Сапегу і Пратасевіча перавялі з СІЗА пад хатні арышт.
АД, belsat.eu