Міністр замежных спраў Літвы назваў папярэднія ўмовы дыялогу з уладамі Беларусі


Міністр замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што ў Літвы ёсць папярэднія ўмовы для аднаўлення зносінаў з Беларуссю, паведамляе літоўскі партал Delfi.lt

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.
Фота: armradio.am

Першапачаткова літоўскі ўрад патрабуе ад беларускага боку спыніць паток мігрантаў і правесці новыя выбары:

«У нас ёсць папярэднія ўмовы. Нават не для дыялогу, а проста адна папярэдняя ўмова – спыніць патокі мігрантаў. Таксама ён павінен сысці і арганізаваць новыя выбары, але пра гэта мы пазней можам пагаварыць», – заявіў Ландсбергіс.

Нагадаем, што толькі ў гэтым годзе праз беларускую мяжу ў Літву трапіла больш за 4,1 тыс. мігрантаў, пераважна з Іраку. Улады Літвы называлі такую плынь уцекачоў «гібрыднай агрэсіяй» беларускага рэжыму.

Таксама кіраўнік літоўскай дыпламатыі выказаўся пра словы Лукашэнкі аб ягоным магчымым сыходзе з пасады прэзідэнта і заявіў, што сумняваецца ў шчырасці гэтых словаў:

«Калі гэта тое, пра што кажа беларуская апазіцыя, – сысці і арганізаваць новыя, прызнаныя ў свеце выбары, тады гэта зразумела, але калі гэта імітацыйны сыход – пераход на пасаду старшыні якога-небудзь савету з захаваннем такім чынам дэ-факта кантролю над краінаю, то гэта не сыход », – сказаў Ландсбергіс.

Палітык падкрэсліў, што Еўразвяз працягвае лічыць, што «пакуль Лукашэнка ва ўладзе, мы яго не прызнаем».

Hавiны
«Мы былі там бабайкамі». Што пішуць заходнія медыі, якім далі слова ў размове з Лукашэнкам
2021.08.10 16:27

АД, belsat.eu

Стужка навінаў