Культавыя месцы Менску, якія ўлады знішчылі за апошні год. Што там цяпер?


За паслявыбарчы год беларусы працярпелі шмат зменаў. Вялікім ударам для актыўнай беларускай супольнасці стала масавая ліквідацыя недзяржаўных установаў: ад цэнтраў развіцця беларускай мовы ды ініцыятываў для дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі да крамаў і бараў. «Белсат» згадвае, якія культавыя пляцоўкі Менску не перажылі рэпрэсіяў беларускага рэжыму.

Крама «Symbal.by»

Праблемы ў крамы «Symbal.by» пачаліся яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года: у чэрвені ў крамы забралі 419 цішотак «ПСІХОЗ%», якія накіравалі на экспертызу. У вырабах не было знойдзена парушэнняў, але цішотак так і не вярнулі. Таксама не вярнулі бел-чырвона-белыя сцягі і сотні метраў чырвонай тканіны, канфіскаваныя ў часе праверкі на вытворчасці. У памяшканні крамы нібыта знайшлі памылкі ў сістэме пажарнай бяспекі. Але нават пасля дапрацоўвання забарону на выкарыстанне памяшкання не знялі.

Напрыканцы чэрвеня, пасля аб’явы аб закрыцці, у краму паўсталі доўгія чэргі, якія ўлады спрабавалі разганяць.

У жніўні 2020 года, на самым піку пратэстаў, заснавальнік і ўладальнік гэтага бізнесу Павел Белавус увайшоў у склад Каардынацыйнай рады. Пазней шэраг чальцоў Рады сталі фігурантамі крымінальных справаў. Белавуса выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі.

Крама закрылася, але інтэрнэт-крама працягвала працу да 30 студзеня 2021 года: менавіта тады прыйшлі з праверкаю супрацоўнікі АБЭЗ РУУС – у выніку чатырох супрацоўнікаў крамы арыштавалі. Паралельна адбываліся праверкі розных дзяржаўных службаў у партнёраў «Symbal.by», а мытня перастала выпускаць з Беларусі пасылкі пакупнікоў.

Цяпер на месцы «Symbal.by» працуе крама з посудам.

Крама «LSTR Adzieńnie»

3 лістапада закрылася крама брэндавай вопрадкі LSTR на Веры Харужай – праз штраф ад органаў праверкі на Br 5805.

Аднак сайт інтэрнэт-крамы працягвае працу – там можна замовіць дастаўку альбо забраць тавары самастойна. А на былым месцы крамы цяпер рытуальныя паслугі.

Крама «Мой модны кут»

Калі пачалося паляванне на нацыянальныя сімвалы, у ДФР узніклі пытанні да крамы «Мой модны кут» – маўляў, «прадаюць незарэгістраваную сімволіку». Гэты пункт у ГЦ «Маскоўска-Венскі» гандляваў сувенірамі і адзеннем у нацыянальным стылі. 26 студзеня ўладальнік крамы Валерый Есіпёнак паехаў па выкліку ў Аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Пакуль ён быў там на размове, проста ў краме затрымалі ягоную жонку Алену. І ўжо 28 студзеня крама «Мой модны кут» абвесціла аб вымушаным закрыцці.

 

У гэты ж дзень, 28 студзеня, Есіпёнак пайшоў у суд над жонкай, але яго там затрымалі. У выніку Алену адпусцілі, а Валеру прысудзілі 15 содняў арышту. Цяпер на былым месцы крамы прадаюць дызайнерскую вопратку для жанчын.

Прастора «Арт Сядзіба»

«Арт Сядзіба» – культурная пляцоўка, якая стварала попыт на беларускую мову і культуру, ладзіла канцэрты і імпрэзы, збіраючы вакол сябе актыўную і творчую моладзь. 22 ліпеня 2021 года, у дзень масавай ліквідацыі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, улады ліквідавалі і «Арт Сядзібу».

Крамы на месцы «Арт Сядзібы». Менск, Беларусь, 5 жніўня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Цяпер на гэтым месцы працуе пункт выдачы тавараў інтэрнэт-крамы «Wildberries».

Партал «TUT.BY»

18 траўня 2021 года супрацоўнікі Камітэту дзяржкантролю Беларусі прыйшлі ў офіс парталу «TUT.by». Шэраг журналістаў затрымалі, у офісе і ў некаторых супрацоўнікаў дома прайшлі ператрусы. Сайт парталу заблакавалі, а кіраўніцтва абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Пусты флагшток, на якім да гэтага быў сцяг TUT.by каля БЦ «Omega tower». Менск, Беларусь, 5 жніўня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Пасля ператрусу, які зацягнуўся да ночы, офіс парталу апячаталі. Праз некалькі дзён з флагштоку каля будынку, дзе месціўся офіс, знялі сцяг «TUT.by».

Сілавікі прыйшлі ў офіс TUT.by. Менск, Беларусь. 18 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Галерэя «Ў»

Верагодна, адной з прычынаў закрыцця Галерэі «Ў» стаў арышт Аляксандра Васілевіча – аднаго з ініцыятараў і заснавальнікаў праекту. 27 жніўня ДФР прыйшоў у Галерэю «Ў» і ў дыджытал-агенцтва «Red Graphic», якім валодае жонка Васілевіча Надзея Зелянкова. Акрамя таго, ператрусы прайшлі ў іх дома, а таксама ў кватэры сузаснавальніцы праекту і дырэктаркі галерэі Валянціны Кісялёвай.

Прычынаю закрыцця Галерэі «Ў» і «Ў бару» назвалі змену партнёраў. Апошнім праектам, рэалізаваным камандай, стала выстава «Кранальная дыстанцыя».

Валянціна Кісялёва выказалася пра закрыццё так:

«Закрыццё праекту мае шмат прычынаў, і рашэнне, прынятае заснавальнікамі, – вельмі складанае. Але цяпер час пераменаў, і мы верым, што ўсё да лепшага! Галерэя годна выканала сваю місію і рэалізавала шмат выдатных праектаў. Дэвіз, які мы калісьці прыдумалі, – «Мастацтва і безумоўная любоў» – гэта той рытм, які, я спадзяюся, сугучны біццю і ў вашых сэрцах. Вялікі дзякуй усім, хто быў з намі ўсе гады! Да новых сустрэчаў і праектаў».

Галерэя пачала працаваць у 2009 годзе ў памяшканні на праспекце Незалежнасці і фактычна зрабілася адным з галоўных цэнтраў культурнага жыцця Менску. У 2018 годзе Галерэя «Ў» перабралася на вуліцу Кастрычніцкую.

Кавярня «Вершы» на месцы Галерэі «Ў». Менск, Беларусь, 6 жніўня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Цяпер на гэтым месцы – культурная прастора і бар «Вершы».

Бар «Хуліган»

12 лістапада 2020 года ў Instagram бару «Хуліган» зʼявілася паведамленне пра закрыццё. Прычынаў не называлі:

«Рабят, мы ўсё. 3 782 880 хвілінаў нашых з вамі любоўных адносінаў. Прабачце, што па-англійску. Мы столькі разам дамагліся. Любіце свой горад. Бывайце», – гаварылася ў допісе.

Магчымая прычына закрыцця бару – праверкі розных інстанцыяў, якія ладзіліся пасля таго, як бар падтрымаў масавы страйк 26 кастрычніка 2020 года. Тады шэраг установаў атрымалі прадпісанні аб закрыцці.

Фотарэпартаж
Апошняя імпрэза ў культавай кавярні «Хуліган». Фотарэпартаж
2020.11.21 20:47

У 2015 годзе ў бары ладзілі масавы прагляд цырымоніі ўручэння Нобэлеўскай прэміі Святлане Алексіевіч.

Масавы прагляд цырымоніі ўручэння Нобэлеўскай прэміі Святлане Алексіевіч.
Фота: kyky.org

Цяпер на гэтым месцы новы бар – «Молодо Зелено».

Прастора «Moving Art Factory» (МАФ)

Культурная прастора на заводзе «Гарызонт» закрылася пасля таго, як арганізатары вырашылі перанесці правядзенне фестывалю сучаснага мастацтва «Moving Art Festival». Адкрыццё фестывалю запланавалі на 6 сакавіка, аднак уладальнік пляцоўкі – ЗАТ «Горизонт-Белинвест-Девелопмент» – абмежаваў арганізатарам доступ у памяшканне. 16 сакавіка стала вядома, што фестывалю не будзе наогул, а сама пляцоўка «Moving Art Factory» закрываецца.

Цяпер на ўваходзе проста вісіць замок.

Прастора ЗБС

Прастора Задзіночання беларускіх студэнтаў была месцам свабоды меркаванняў і дзеянняў. Тут прыхільнікі ЗБС праводзілі свае сходы і планёркі, адзначалі розныя івэнты, ладзілі мерапрыемствы, праводзілі тут імпрэзы і іншыя арганізацыі.

Офіс быў закрыты пасля 12 лістапада 2020 года, калі КДБ затрымаў некалькі актывістаў ЗБС і завёў на іх крымінальныя справы.

Офіс ЗБС цяпер зачынены.

АД Belsat.eu

 

Стужка навінаў