Гэта нібы не мая вайна, але… Як расяянка стала валанцёркаю «Вясны» і чаму была вымушаная ўцякаць з Беларусі


Яўгенія Бабаева – валанцёрка, што актыўна дапамагала беларусам цягам некалькіх месяцаў, сама сталася ахвярай беларускага рэжыму. Але здолела вызваліцца з Акрэсціна, а потым была змушаная пакінуць Беларусь. Яўгенія падзялілася з «Белсатам» сваёй гісторыяй.

«Не здолела застацца абыякавай»

Яўгенія – расяянка, і да 2015 года сталым месцам яе жыхарства была Масква. Прафесійна займалася лёгкай атлетыкай, а таксама папулярызацыяй гэтага віду спорту.

«Напрыканцы 2015 муж атрымаў працоўную прапанову з EPAM, і мы пераехалі ў Менск. Але ў Беларусі займацца лёгкай атлетыкай не атрымалася праз надта бюракратычны падыход да спорту», – кажа Яўгенія. Увесну 2020 года паступіла прапанова працаваць настаўнікам фізкультуры ў адной са сталічных школаў. Вырашыла прыняць прапанову, ізноў-такі, дзеля рэалізацыі сваёй мары. Прайшла медкамісію, была гатовая распачаць працу. Але прыйшоў дзень 9 жніўня, які перакуліў лёсы мільёнаў людзей. Пратаколы, якія вывесілі ў школе, і звесткі на платформе «Голас» разыходзіліся. І дзяўчына зразумела, што з такімі калегамі-настаўнікамі яна працаваць не здолее.

Яўгенія Бабаева. Фота з асабістага архіву, прадстаўлена рэдакцыі

27 жніўня затрымалі двух ейных сяброў-беларусаў. І Яўгенія больш за содні шукала іх. Першы суд, які наведала дзяўчына, пакінуў незабыўнае ўражанне. «Гэта быў сапраўдны стрэс! Аднаму далі штраф, іншаму содні. Я спрабавала ўявіць, як гэта перажываюць родныя і блізкія затрыманых. Тады мне захацелася нешта з гэтым зрабіць», – дзеліцца Яўгенія.

«Я расяянка, і гэта нібы не мая вайна», – кажа дзяўчына, але застацца абыякавай яна ўжо не магла. Пачала збіраць інфармацыю, знайшла адпаведны чат у тэлеграме, стала наведваць суды ў якасці назіральніка праваабарончай арганізацыі «Вясна». Першыя месяцы, да снежня, былі проста вар’яцкія: родныя і блізкія зняволеных не ведалі, дзе, калі і як адбываюцца судовыя паседжанні. Валанцёры працавалі цэлыя дні, асабліва з панядзелка да серады. Займаліся маніторынгам судовых пасяджэнняў, навязвалі кантакты са сваякамі зняволеных, займаліся кансультаваннем – сярод іншага і тых новых валанцёраў, што прыходзілі дапамагаць.

Інтэрв’ю
«Мы дапамагаем людзям выстаяць». Як працуюць валанцёры падчас масавых пратэстаў і дзяржаўнага тэрору
2020.08.21 13:39

Пасля сакавіка колькасць затрыманых стала змяншацца, але павялічылася колькасць крымінальных справаў. «Гэта стала сапраўдным выпрабаваннем, як для родных, так і валанцёраў. Людзі атрымлівалі вялізарныя тэрміны зняволення, што вымагала шмат душэўных і фізічных сілаў. Былі дні, калі прыходзілася праводзіць у судовай зале увесь светлавы дзень», – прыгадвае Яўгенія. З’язджаць тады яна нават не планавала – з некаторымі роднымі асуджаных узнікла сапраўднае сяброўства.

«У тую раніцу прыходзілі да Стэфановіча і Бяляцкага. Я падумаць не магла, што стану з імі ў адзін шэраг»

Той самаю раніцай 14 ліпеня 2021 года ля кватэры Яўгенію чакалі прадстаўнікі ДФР. Прад’явілі пастанову на ператрус, у якой быў пазначаны артыкул 243. Не было нават прозвішча – на каго распачатая справа. Калі Яўгенія паспрабавала выклікаць адваката, у яе вырвалі тэлефон. Паводле валанцёркі, ператрус быў даволі далікатны, з размовамі пра спорт. Цікава, што панятымі былі не суседзі, а асобы з адпаведнай вайсковаю выпраўкай і прапіскай у Віцебскай вобласці. Яны зусім не ведалі, хто такая падазраваная, бо расейскае грамадзянства стала для іх нечаканасцю. «У мяне забралі ноўтбук, банкаўскія карткі, тэлефон, пашпарт. Пры гэтым, мужавы рэчы пакінулі, калі ўбачылі, што ў яго таксама расейскі пашпарт. Сямейны аўтамабіль на расейскіх нумарах таксама не абшуквалі.

Яўгенія Бабаева прафесійна займалася лёгкай атлетыкай. Фота з асабістага архіву, прадстаўлена рэдакцыі

«Тады я зразумела, што ўсё»

Пасля ператрусу валанцёрку павезлі на допыт у ДФР. Двое супрацоўнікаў, якія не прадставіліся, правялі размову з дзяўчынаю, без пратаколу. «Пыталі ў асноўным пра ўзнагароды. Мяркую, што адказы падаліся ім не да канца шчырымі. У выніку мяне затрымалі на 72 гадзіны і прад’явілі два артыкулы: ч. 2. 243 артыкулу (ухіленне ад выплаты падаткаў, якое прынесла шкоду ў буйным памеры) і ч. 6. артыкулу 16 (саўдзельніцтва ў злачынстве)», – успамінае валанцёрка.

Пакуль супрацоўнікі запаўнялі паперы, у кабінет тэлефанаваў мужчына, па голасе Яўгенія пазнала мужа, але на ягоныя пытанні супрацоўнікі адказвалі, што не ведаюць, дзе яна, і кідалі слухаўку. Потым быў пераезд у СК. Следчы ў даволі грубай форме распачаў допыт. Неаднаразова спрабаваў выклікаць дзяржаўнага адваката, але Яўгенія праз пэўны час дамаглася, каб прыехаў ейны адвакат. Пасля 20-хвіліннай кансультацыі з адвакатам дзяўчына заявіла, што не будзе даваць тлумачэнняў, а толькі адказваць на пытанні.

Hавiны
«Такая ініцыятыва мусіла з’явіцца». Правілы жыцця валанцёраў спісаў затрыманых
2021.02.14 17:36

Дагэтуль яна не разумее, як на падставе такіх павярхоўных пытанняў следчы змог зляпіць цэлую крымінальную справу. Усе дакументы Яўгенія аддала адвакату. Потым трое супрацоўнікаў ДФР павезлі Яўгенію на Акрэсціна. Дарогаю здарылася дзіўная рэч: адзін з канваіраў купіў зняволенай «Снікерс» і вялікую бутэльку вады. «Калі мы прыедзем, цябе не будуць карміць, з’еш хоць нешта». У тым стане есці не хацелася зусім, давялося сябе прымусіць – і спадзявацца на лепшае. Што гэта было – праява чалавечнасці ці нешта іншае, дагэтуль адказу няма. Але і сёння Яўгенія сказала б таму супрацоўніку «дзякуй».

«Гэта не проста парушэнне правоў чалавека, гэта сапраўднае катаванне!»

У ІЧУ адразу здарылася першая спроба катавання. Дзяўчыну змясцілі ў так званы «стакан» – бетоннае памяшканне метр на метр, без вокнаў, з масіўнымі металічнымі дзвярыма і рашоткаю пад высокай столлю, дзе яна правяла блізу паўгадзіны. Заставацца там – сапраўднае выпрабаванне. Затым дзяўчыну перавялі ў шасцімясцовую камеру.

Артыкулы
«Гэта Асвенцім». Пасля 20 дзён на Акрэсціна ў лідара «Маладога фронту» пачаліся праблемы са здароўем
2021.07.25 15:11

«Першае, што я адчула, гэта амаль невыносны пах прыбіральні. Да яго немагчыма прызвычаіцца. Затое астатняе здалося раем: цэлыя стосы матрацаў, падушак, кнігаў ды газетаў. Але праз гадзіну рай быў адабраны, у наступнай камеры, дзе давялося правесці трое содняў, не было ані матрацаў, ані падушак», – так Яўгенія апісвае ўмовы.

Валанцёрка спала на ўласнай талстоўцы і газетах, што прыхапіла з першай камеры. На пытанне, чаму няма матрацаў, адказ быў кароткі: «Не паложана, у вас тут асобы рэжым». Што за «асобы рэжым», не ўдакладнялі. Святло гарэла круглыя содні, а на другі дзень уключылі яшчэ і дадатковае.

Падлога, падобная да той, якая была на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 12 сакавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Недзе паўдня Яўгенія заставалася ў камеры адна, і гэта таксама было пакутаю. Суцяшала, што праз адчыненую кармушку змагла паразмаўляць з вязнямі камеры насупраць. Сваёй перадачы ад мужа Яўгенія так і не атрымала. На запыты да адміністрацыі быў адказ: «Хто сказаў пра перадачу, адвакат? Ну вось, няхай адвакат і перадае». Хоць ад адвакатаў перадачы не прымаюць, і адміністрацыі пра гэта цудоўна вядома. На гэтыя заўвагі гучала адно: «Нічога не ведаем».

Дзяўчына згадвае яшчэ адзін дзіўны дыялог: «Я стаяла ля кармушкі, лавіла павевы свежага паветра. Побач праходзіць супрацоўнік з усмешкаю ад вуха да вуха і кажа:

– Як справы?

– Ды не вельмі. Дзе мая перадача?

– Якая перадача?

– Тая, што мне муж перадаў. Аддавайце.

– Штосьці я не ў гуморы.

– А калі той гумор з’явіцца?

– Не ведаю.

– А што зрабіць, каб гумор вярнуўся?

– Не ведаю, нічога не трэба рабіць.

І далей ён проста сыходзіць, але не перастае пасміхацца.

«Мне здалося, што ў той момант наглядчык атрымліваў асалоду. Магчыма, ад факту, што перад ім стаіць жанчына ў нястачы, без сродкаў гігіены, а гэта таксама катаванне. Як і адсутнасць матрацаў, і тое, што смярдзіць туалет, а паперу выдаюць шматкамі, і шмат чаго яшчэ».

Артыкулы
Спявалі «Магутны Божа» і «Тры чарапахі». Новыя катаванні, спробы вербавання і супраціў на Акрэсціна
2021.05.03 14:38

З побытавымі ўмовамі на Акрэсціна было вельмі цяжка.

«У адной з нашых дзяўчат пачаліся месячныя», – успамінае Яўгенія, і ёй было вельмі сорамна папрасіць пракладкі. Звярталіся да жанчыны, якая нагадвала доктарку: «У нас тут у дзяўчыны месячныя, дайце пракладкі, калі ласка». Адказам было: «Не дазваляецца, вось вам вата». «Што гэта такое, 21-е стагоддзе на двары, якая вата?» – хапаецца за галаву Яўгенія. «Я не разумела, як тут можна выжыць, захаваўшы здароўе». Ад вар’яцтва ратавалі толькі камунікацыі з сукамерніцамі. Здавалася, што як толькі скончыш размову, то дрэнныя думкі проста цябе знішчаць. Адзін вечар у камеры з’явілася так званая «падсадная качка». Жанчына актыўна выпытвала інфармацыю.

«Было відаць, што ў іх на мяне нічога няма»

На трэці дзень да зняволенай валанцёркі прыйшлі з ДФР. «Спачатку я стала ў позу, што не буду размаўляць без адваката. Калі размова добраахвотная, то я бадай што адмоўлюся», – успамінае Яўгенія. У адказ прагучалі цікавыя выразы: «Навошта вам адвакат, калі ён прыйдзе, усё гэта будзе паводле закону, паводле КПК». Дзяўчына іх перапыніла: «Хвіліначку, а зараз мы тады не паводле закону, не паводле КПК будзем гутарыць?»

Афіцэры з ДФР працягнулі пазітыўную размову аб магчымасці выйсці сведкаю роўна праз 72 гадзіны. «Было відаць, што ў іх на мяне нічога няма», – успамінае Яўгенія. «Спрабавалі выпытаць хоць нешта, але я спасылалася на неразгалошванне». Далей пачаўся ціск: «Як пачуваецеся? Нармальна? А што, можа быць горш?» – гучалі пытанні. Яўгенія старалася трымацца і размаўляць з супрацоўнікамі, як цяпер успамінае, нібыта на пазітыве. Пасля прапановы выйсці сведкаю было адразу зразумела, што ім трэба. Размова скончылася прапановаю аб супрацы. «Вядома, што ніякай гаворкі пра сапраўдную супрацу не было. Я ведала, што выйду і пасля ўжо з усім разбяруся», – зазначае валанцёрка.

Адзінай гарантыяй, што дзяўчыну выпусцяць былі вусныя запэўніванні ў выглядзе «слова афіцэраў». Яўгенія ўспамінае: «Я на іх паглядзела і спытала: якое слова? Давайце падпісваць…» Яна дала згоду і падпісала паперку аб аператыўна-пошукавай дзейнасці пад прыкрыццём. Атрымаўшы кантакты «куратара», дзяўчына зразумела, што сапраўды выйдзе на волю.

На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Яўгенія ўспамінае, што перад тым як пакінуць ізалятар, яе прывялі ў пакой метр на метр, з клеткай усярэдзіне, на размову са следчым. З усмешкаю ад вуха да вуха следчы сказаў: «Ну што, Яўгенія, як справы? Прынятае рашэнне, што вы не ўяўляеце пагрозы і можна вас выпусціць». Пасля цэлага стоса розных падпісак дзяўчыну перавялі на першы паверх. Там валанцёрка прасіла вярнуць перадачы за ўвесь час. Доўга займаліся пошукамі, але калі адшукалі, то медыкаментаў там не было. Не атрымала Яўгенія і свайго шлюбнага пярсцёнка ды завушніцаў.

«Жэня, трэба з’язджаць»

У той жа дзень Яўгенія Бабаева разам з мужам пакінулі Беларусь.

«Перад тым як пакінуць Беларусь, вельмі баялася, што за мною будуць сачыць. На той момант ніхто не ведаў пра дамову «супрацы». Сабраліся з мужам за некалькі гадзінаў і выехалі».

Пасля кансультацыяў з калегамі і сябрамі было вырашана адразу апублічыць вярбоўку і падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве. Яўгенія распавяла, чаму яны не могуць расказаць, якім чынам пакінулі Беларусь. З’язджалі цягам некалькіх гадзінаў таго ж дня. Каб не нанесці шкоды тым, хто ім дапамагаў, і тым, хто застаўся ў Беларусі, шляхі іхняга адыходу няхай будуць таямніцай. Цяпер сужэнцы ў бяспецы.

Праўда, Яўгенія прызнаецца, што ўсё перажытае вымагае яе звярнуцца да псіхолага. Бо калі не пайсці па дапамогу прафесіянала, то ўсё можа абярнуцца новымі маральнымі пакутамі ды перажываннямі.

«Усведамленне таго, што мне прыйшлося тэрмінова ўцякаць, вымушана мяняць умовы жыцця, прыходзіць толькі цяпер. Не засталося нічога, да чаго ты прызвычаіўся».

«Страшней за ўсё было адчуванне, што цябе пазбавілі абсалютна ЎСЯГО»

На пытанне, што было самае страшнае, дзяўчына адказвае коратка: «Адчуванне, што цябе пазбавілі абсалютна ЎСЯГО. І табе застаецца толькі маленькі кавалачак закратаванага неба. Прафесійная дэфармацыя супрацоўнікаў Акрэсціна навідавоку. Нават тыя, хто раздае ежу, камунікуюць толькі праз крыкі. Усё, абсалютна ўсё, на павышаных танах, суцэльная лаянка. Гэта нават нельга параўнаць з стаўленнем да жывёлы. Бо нават да жывёлін нельга так ставіцца».

Дзяўчына падкрэслівае, што гэтае інтэрвʼю яна дала, каб дапамагчы іншым людзям.

«Ёсць адно залатое правіла паводзінаў у падобных месцах. Гучыць яно так: не вер, не бойся, не прасі. Дык вось, галоўнае тут – не вер. Следчыя маюць пэўныя навыкі пераконваць, робяць выгляд, што яны нешта ведаюць. Справы сфабрыкаваныя і абапіраюцца на выдуманыя, ілжывыя сведчанні. Але найчасцей яны проста бяруць «на понт». Часамі яны могуць купіць сваім, нібыта, добрым стаўленнем, спробаю дапамагчы. Адзіная парада ў такой сітуацыі: захоўваць розум, не паддавацца. Не верыць таму, што кажуць гэтыя людзі.

Аб планах на будучыню Яўгенія кажа коратка. Як і раней, збіраецца дапамагаць людзям, бо лічыць, што да гэтага часу ўсё рабіла правільна. Не шкадуе пра тое, што з ёю здарылася. Плануе вярнуцца ў новую Беларусь, каб сведчыць пра парушэнні правоў чалавека. Каб такога ніколі больш не паўтарылася.

Артыкулы
«Хочацца дачакацца пераменаў». Беларусь праз год пасля выбараў
2021.08.11 12:35

Стэфан Глушакоў belsat.eu

Стужка навінаў