Зяленскі ўнёс у Вярхоўную Раду законапраект аб наданні палякам ва Украіне спецыяльнага статусу


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі накіраваў у Вярхоўную Раду законапраект аб наданні палякам ва Украіне асаблівага статусу. Пра гэта распавёў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 11 ліпеня, у гадавіну Валынскай разні, падчас выступу ў варшаўскім Валынскім скверы, паведамляе “Польскае радыё”.

Анджэй Дуда падчас выступу ў Валынскім скверы ў Варшаве 11 ліпеня 2022 году.
Фота: PAP/P

Калі закон будзе прыняты, грамадзяне Польшчы і іх дзеці змогуць легальна жыць і працаваць ва Украіне на працягу 18 месяцаў, а таксама:

  • весці бізнес,
  • навучацца ў адукацыйных установах,
  • атрымліваць медычнае абслугоўванне нароўні з украінскімі грамадзянамі,
  • атрымліваць асобныя сацыяльныя выплаты ў адпаведнасці з заканадаўствам Украіны.

Навукоўцы і педагогі з Польшчы змогуць працаваць у ВНУ, медычныя працаўнікі – працаваць у медычных установах.

Законапраект быў прапанаваны ў адказ на прыняцце Польшчай Закону ад 12 сакавіка 2022 году аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам, які пачаўся 24 лютага 2022 году.

«У гэтым можна ўбачыць сітуацыю, супрацьлеглую той, калі палякаў імкнуліся пазбавіцца любым коштам, у тым ліку пазбаўляючы іх жыцця, – казаў Анджэй Дуда падчас прамовы. – Сёння Украіна праз гэты законапраект і жэст прэзідэнта робіць сімвалічнае запрашэнне: «Вас вітаюць тут на асаблівых правах». Няхай жа гэта будзе для нас нейкім знакам, ва ўсіх тых справах, у якіх часта цяжка казаць».

Інтэрв’ю
«У палякаў цяпер ламаюцца стэрэатыпы пра ўкраінцаў». Размова з выкладчыцай польскай мовы для ўцекачоў
2022.03.29 17:26

Валынская разня – знішчэнне падчас акупацыі Валыні нацысцкімі захопнікамі, з сакавіка па ліпень 1943 году польскіх цывільных жыхароў. Паводле падлікаў польскага Інстытуту нацыянальнай памяці, цягам 1943-45 гадоў на Валыні, ва Усходняй Галіцыі і на Любліншчыне загінулі каля 100 тысячаў палякаў.

Гісторыкі вядуць дыскусіі адносна ступені адказнасці ўкраінскіх нацыяналістаў (Ўкраінскай паўстанцкай арміі УПА) за гэтыя забойствы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў