Змяняюць закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь». Каго не выпусцяць за мяжу?


У Беларусі рыхтуюць змяненні ў закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і заезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». Цяпер КДБ зможа забараніць выехаць з краіны, калі гэта «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Не выпусцяць таксама тых, супраць каго ідзе адміністратыўны працэс.

Законапраект аб змяненні закону аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь быў унесены ўрадам у парламент яшчэ 23 чэрвеня сёлета. Калі яго прымуць, пашырыцца спіс падставаў для забароны выезду за межы Беларусі.

Фота: Белсат

Так, цяпер КДБ зможа не выпусціць з Беларусі не толькі тых, хто стаіць у ведамстве на прафілактычным уліку, але і чый выезд «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі». Абмежаванне можа ўводзіцца на тэрмін да 6 месяцаў. Чый выезд і як можа перашкаджаць нацыянальнай бяспецы – у дакуменце не тлумачыцца.

Не змогуць выехаць за мяжу асобы, «у дачыненні якіх вядзецца адміністратыўны працэс за здзяйсненне адміністратыўных правапарушэнняў супраць парадку кіравання – у мэтах забеспячэння выканання пастановы суддзі аб накладанні адміністратыўнага спагнання ў выглядзе штрафу». Выезд будзе забаронены не толькі тым, хто не аплаціў штраф паводле пастановы, што ўвайшла ў сілу, але таксама і тым, у дачыненні каго толькі вядзецца адміністратыўны працэс, а судовай пастановы яшчэ няма.

«Правапарушэнні супраць парадку кіравання» – гэта ў тым ліку такія папулярныя цягам апошніх двух гадоў артыкулы, як «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў», «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў» ды інш.

Аналітыка
Улады Беларусі зноў задумалі пазбаўляць грамадзянства сваіх апанентаў. Каго і навошта?
2022.07.07 11:07

Супрацоўнікі сілавых органаў змогуць выехаць за межы Беларусі толькі пасля ўзгаднення са сваім кіраўніцтвам. Датычыць гэта будзе Узброеных сілаў Беларусі, органаў памежнай службы, унутраных войскаў МУС, органаў дзяржаўнай бяспекі, транспартных войскаў, Службы бяспекі прэзідэнта РБ, Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце РБ, Следчага камітэту, Дзяржкамітэту судовых экспертызаў, органаў унутраных справаў, органаў фінансавых расследаванняў КДК, органаў і падраздзяленняў надзвычайных сітуацыяў.

Кіраўніцтва можа забараніць выезд супрацоўнікам пералічаных структураў «у мэтах забеспячэння інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі да спынення абставінаў, што перашкаджаюць выезду». Калі ў такіх супрацоўнікаў ёсць біяметрычныя пашпарты, на час службы яны будуць абавязаныя здаць іх у кадравую службу сваёй арганізацыі.

Парадак выезду за мяжу дзяржаўных службоўцаў будзе вызначаць урад.

Законапраект мае быць разгледжаны на восеньскай сесіі парламенту, што распачнецца ў верасні.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў