З пачатку 2022 года 43 беларусы атрымалі пастановы аб прымусовым выездзе з Украіны


З 43 грамадзянаў Беларусі, якіх сёлета прымусілі выехаць з Украіны, 8 атрымалі забарону вяртацца на ўкраінскую тэрыторыю, піша радыё «Свабода» са спасылкай на Дзяржаўную міграцыйную службу Украіны.

Ва ўсіх выпадках пастановы аб дэпартацыі і забароне на заезд былі прынятыя на падставе парушэння правілаў побыту ва Украіне іншаземцаў, сцвярджае ДМС.

У міграцыйнай службе зазначылі, што пастанова ўраду, згодна з якой беларусы могуць заставацца на тэрыторыі Украіны без рэгістрацыі цягам 180 дзён на год, застаецца дзейнай да 31 снежня 2022 года.

«На сёння абмежаванняў у аказанні тэрытарыяльнымі органамі і падраздзяленнямі Дзяржаўнай міграцыйнай службы адміністрацыйных паслугаў грамадзянам Беларусі не існуе. Усе працэдуры застаюцца нязменнымі», – падкрэсліваюць у міграцыйнай службе.

Інфармацыі пра тое, колькі беларусаў з 24 лютага змаглі падоўжыць свой легальны побыт ва Украіне, ДМС не мае.

Гісторыі
БЧБ-нявеста стала нелегалкай ва Украіне: «Паміраць за Украіну можна, а жыць у ёй нельга?»
2022.06.13 22:59

З немагчымасцю працягнуць від на жыхарства сутыкнулася Іна Зайцава, вядомая як «бчб-нявеста», якая ўрэшце выехала з Украіны.

Беларуская праваабаронца Анісія Казлюк змагла падаць дакументы на легалізацыю пасля некалькіх няўдалых спробаў і сплаты штрафу (пастановы пакуль няма).

Hавiны
«Трэба даказаць, што ў Беларусі небяспечна». Паразмаўлялі з беларускай валанцёркай Анісіяй Казлюк
2022.06.28 17:22

Валанцёрка Карына Пацёмкіна атрымала загад да 15 ліпеня выехаць з Украіны. Цяпер яна спрабуе дамагчыся перагляду гэтай пастановы.

Hавiны
Беларускую валанцёрку Карыну Пацёмкіну высылаюць з Украіны
2022.07.09 14:14

Беларус Дзяніс Дашчынскі, якому таксама паставілі штамп у пашпарце, што ён мусіць пакінуць Украіну, выехаў – і на мяжы яму паведамілі, што такі штамп прыраўноўваецца да дэпартацыі і што вярнуцца назад ва Украіну ён зможа не раней як праз 90 дзён.

Ва ўсіх гэтых выпадках рэгістрацыя ці від на часовае жыхарства скончыліся ў беларусаў у той час, калі Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны не працавала, бо пачалася вайна і ўсе дзяржаўныя рэестры былі закрытыя. Калі ДМС пачала працаваць, гэтай акалічнасці не сталі ўлічваць. У выніку складаюць акты аб парушэнні правілаў побыту іншаземцаў ва Украіне.

Прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай у Кіеве Валер Каліноўскі кажа, што ён шукае магчымасці развязаць праблему. Кожны раз на сустрэчах прадстаўнікі ўкраінскай улады пераконваюць яго, што тыя беларусы, якія дапамагаюць Украіне, не будуць высланыя. На думку Валера Каліноўскага, пакуль нельга сцвярджаць, што цяперашнія выпадкі дэпартацыі беларусаў – гэта афіцыйная палітыка Украіны.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў