Палітзняволены Уладзімір Гундар спыніў галадоўку


61-гадовы фігурант «справы Аўтуховіча» вырашыў спыніць галадоўку, бо «з’явіліся некаторыя вынікі», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Палітвязень Уладзімір Гундар.
Фота: uladzimir.hundar / Facebook

Палітвязень трымаў галадоўку з 30 чэрвеня, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагуе на ягоныя патрабаванні, а таксама як адказ на прымусовае распрананне перад працэсам. З-за гэтага ён правёў 10 сутак у карцары.

Уладзімір Гундар – інвалід ІІ групы (у мужчыны няма нагі). Спыніць галадоўку яго прасіў Мікалай Аўтуховіч, які сам падчас судовага паседжання 11 ліпеня абвесціў, што распачынае сухую галадоўку як пратэст супраць парушэння ягоных правоў.

Уладзіміра Гундара, актывіста і краязнаўцу з Баранавічаў, затрымалі 30 снежня 2020 года па «справе Аўтуховіча» – нібыта за падрыхтоўку тэракту.

Першы суд па крымінальнай справе над Гундарам прайшоў у траўні 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 366 КК РБ («Гвалт у дачыненні да службовай асобы»). Берасцейскі абласны суд 20 траўня 2021 года асудзіў Гундара да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму.

У межах «справы Аўтуховіча» Гундара спачатку вінавацілі ў тэрарызме, але пазней гэты артыкул быў зняты. Цяпер мужчыне інкрымінуюць ч. 1 арт. 285 КК («Стварэнне злачыннай арганізацыі») і ч. 2 арт. 357 КК («Замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»). Сваю віну палітвязень не прызнае.

Аналітыка
Суддзя Вітольда Ашурка і «расстрэльны» артыкул. За што і дзе будуць судзіць «групу Аўтуховіча»
2022.05.17 15:19
Гісторыі
Сілавікі намагаюцца зламаць абвінавачаных у «справе Аўтуховіча» і патрабуюць ад іх абгаварыць Міколу
2022.07.08 08:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў