Белавежа: сцяна на мяжы і чаканне турыстаў


Сэрца Белавежскай пушчы зноў адкрылася для турыстаў. Пасля больш як двух гадоў пандэміі і міграцыйнага крызісу з 1 ліпеня можна адносна свабодна перамяшчацца каля мяжы з Беларуссю. Журналіст «Белсату» праверыў, як цяпер выглядае вёска Белавежа і што кажуць яе жыхары.

Вёска Белавежа на Падляшшы.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Ужо па дарозе на Падляшша відаць, што сітуацыя ў рэгіёне мяняецца. Калі ўвосень аўты з вайскоўцамі ехалі на ўсход па дарозе S8, то цяпер вайсковыя цяжкавікі, гружаныя характэрнымі кантэйнерамі-вартоўнямі, едуць у адваротным кірунку. Апошнія месяцы яны выкарыстоўваліся вайскоўцамі, якія ахоўвалі мяжу, а цяпер, пасля збудавання агароджы на мяжы з Беларуссю, зрабіліся непатрэбнымі.

Уязджаю ў Белавежу з боку Нараўкі. На першы погляд, нічога не змянілася: драўляныя дамы, як заўсёды, дагледжаныя, агароды ўпарадкаваныя. Толькі калі чалавек трохі затрымаецца на вуліцы, то пабачыць розніцу. Замест аўтаў з усёй Польшчы час ад часу павольна коцяцца па асфальце ваенныя цяжкавікі, а па пустых ходніках ідуць – заўсёды парамі – жаўнеры. Пры гэтым насцярожана глядзяць на наведніка з фотаапаратам.

Дамы на вуліцы Сточак, галоўнай артэрыі Белавежы дагледжаныя. На ліхтары стаіць бусел, якому ў поўным гняздзе не засталося месца. Удалечыні па ходніку ідуць два жаўнеры.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Апошні раз я быў у Белавежы ў лютым 2020 года, каб узяць удзел у Ваўчынай ночы, якую арганізавалі лесазнаўцы па абодва бакі мяжы. Гэта быў апошні спакойны месяц на польска-беларускім памежжы. Неўзабаве пасля гэтага ў Еўропе пачалася пандэмія, за якой рушылі ўслед беларуская рэвалюцыя, міграцыйны крызіс і, нарэшце, уварванне Расеі ва Украіну, у якім Польшча і Беларусь падтрымліваюць супрацьлеглыя бакі канфлікту.

Фотарэпартаж
120 чалавек пайшлі ўночы ў пушчу, каб вы перасталі баяцца ваўкоў
2020.02.04 21:00

Для Белавежы – турыстычнага сэрца Белавежскай пушчы – гэта былі два страчаныя гады. Як расказвае гаспадар адной з аграсядзібаў, дзякуючы дзяржаўным датацыям мясцовыя прадпрымальнікі не згалелі, але гэта быў для іх цяжкі перыяд. Яны таксама не ўпэўненыя, што іхныя госці вернуцца пасля доўгага перапынку: тыя, хто планаваў адпачынак яшчэ зімою, маглі адмовіцца ад выбару рэгіёну, дзе ў той час адбываўся міграцыйны крызіс.

– Пачатак сезону ўжо так не цешыць. Я ўжо навучаны, што нас могуць закрыць у любы момант, і мы не будзем ведаць, на які час, – кажа гаспадар.

На вуліцы Белавежы можна часам пабачыць вайсковы «Star».
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Ён прызнае, што адсутнасць турыстаў не азначала адсутнасці руху ў бізнесе: за 10 месяцаў міграцыйнага крызісу вайскоўцы спыняліся ў некаторых гатэлях, пансіянатах і інтэрнаце сярэдняй школы.

– Спачатку людзі таксама бралі жаўнераў дадому, але хутка адмовіліся. Гэта няпростая кампанія, – прызнаецца жонка гаспадара.

Час ад часу ў аграсядзібе, куды я зазірнуў, начавалі кіроўцы, якія вазілі вайскоўцаў і будаўнічыя брыгады.

– Грошы былі невялікія, але чалавек хаця б не здзічэў. Не забыўся, як гасцей абслугоўваць, – кажа гаспадар.

Hавiны
У Польшчы завяршаецца будаўніцтва 5-метровага плота на мяжы з Беларуссю
2022.06.29 16:40

Я пытаюся пра сцяну – сталёвую агароджу, узвядзенне якой павінна было спыніць міграцыйны крызіс і даць магчымасць рэгіёну вярнуцца да нармальнага жыцця. Мой суразмоўца падкрэслівае, што не хоча гаварыць пра палітыку, а сцяна яго не цікавіць.

– Мне няма розніцы, ёсць яна ці не. Але, з іншага боку, добра, што ёсць, бо, можа, усё стане як раней. Толькі для жывёлінаў, для іх міграцыі гэта трагедыя, – дадае ён.

Каб убачыць, як выглядае пушча пасля двух гадоў без турыстаў, я сядаю на ровар і кіруюся ў бок памежнага пераходу Белавежа – Перарова. Першыя змены заўважаю на чыгуначным пераездзе ў Грудках – каляіна цалкам зарасла. Да пандэміі па ёй хадзілі турыстычныя ваганеткі ад станцыі Белавежа-Таварная да Месца Моцы.

Брукаваная камянецкая дарога нагадвае, што да 1945 года Белавежская пушча не была падзеленая мяжою.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Ні на выездзе з Белавежы, ні ў лесе няма блокпастоў. Ёсць, праўда, іх сляды – яшчэ непрыбраныя дошкі і груды зямлі. У Грудках ля капліцы, якая складаецца з каталіцкага і праваслаўнага крыжоў, мяне абганяе вайсковы «Honker». Едзе да мяжы па камянецкай дарозе. Брукаванка да Камянца з беларускага боку нагадвае пра тое, што да 1945 года Белавежская пушча была адным цэлым.

За Грудкамі па асфальтавай дарозе да памежнага пераходу мяне ніхто ўжо не абмінае. Звычайна ў сезон у Беларусь едуць раварысты і аўтобусы з пешымі турыстамі. Дасягнуўшы пункту прызначэння, я высвятляю, што пераход па-ранейшаму закрыты – нельга нават наблізіцца да яго менш як на прадпісаныя 200 метраў.

Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Рухаючыся роварнымі маршрутамі, даязджаю да ляснога адукацыйнага цэнтру «Ягелонскі». Леснікі, якія там працуюць, прымаюць мяне гасцінна – я адзіны турыст на аб’екце, які можа змясціць натоўпы.

Яны прызнаюць, што апошнія месяцы «Ягелонскі» пуставаў – затое цэнтр здолеў засяродзіць увагу на супрацы з мясцоваю супольнасцю, у асноўным са школамі. Аднак «вяртанне ў гульню» плануецца з пышнасцю.

– Абавязкова прыязджайце 16 ліпеня. Адбудуцца майстар-класы ў травалячэнні пад кіраўніцтвам Наталлі Шыманьскай. Яна вельмі вядомая траўніца, і месцы заканчваюцца, – запрашае мяне адна з працаўніц «Ягелонскага».

Паляна ляснога адукацыйнага цэнтру. Праз 200 метраў за агароджаю – дзяржаўная мяжа.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Мураваныя будынкі цэнтру раней былі вартавымі памяшканнямі памежных войскаў – яны стаяць менш як за 300 метраў ад мяжы з Беларуссю. Леснікі кажуць, што пасярод міграцыйнага крызісу яны не пачуваліся тут у бяспецы – тым больш, што група мігрантаў аднойчы спрабавала ўварвацца ў адзін з будынкаў ноччу, але іх спыніў патруль Памежнай аховы.

Мае суразмоўцы прызнаюцца, што прысутнасць войска дае ім адчуванне бяспекі. Частымі гасцямі ў цэнтры былі і жаўнеры, якія мерзлі падчас патрулявання.

– Прыходзілі, бо ў нас было суха і цёпла, а ў лесе мокра, холадна і страшна. Невядома, ці не хаваецца нехта за кустом, ці не збіраецца напасці. Вельмі часта мігранты былі агрэсіўнымі. Зброя ў руках нічога не дае, бо войска не можа прымяніць яе супраць мірных жыхароў, – тлумачыць адна з работніц.

Галава зубра на сцяне ў лясным адукацыйным цэнтры «Ягелонскі».
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Але шкада ёй і мігрантаў, якія не ўсведамлялі, у якую цяжкую дарогу выбіраюцца.

– Белавежская пушча – гэта глуш і балоты. У ёй лёгка заблукаць, можна змерзнуць. Нашым вайскоўцам давялося ратаваць мігрантаў, выклікаць ім хуткую дапамогу.

Паводле маіх суразмоўцаў, увесну, калі сітуацыя на мяжы адносна супакоілася, над Белавежаю навіс новы страх.

– 24 лютага, калі Расея ўварвалася ва Украіну, мы думалі, што зараз канец і нам. Калі б з Беларусі пайшлі танкі, мы б не паспелі нават азірнуцца, – кажа адна з працаўніц.

Прызнае, аднак, што вяскоўцы прывыклі да вайны ва Украіне і не глядзяць у бок мяжы са страхам.

– Добра, што ў нас тут было войска, але хацелася б, каб яно ўжо сышло. Мне больш падабаецца Белавежа з турыстамі, чым з жаўнерамі, – дадае яна на развітанне.

Самой сцяны з Белавежы не відаць, хоць прысутнасць агароджы адчуваецца. Бліжэй за ўсё яе можна ўбачыць са сцежкі ў запаведніку Высокае Багна. Тут з мосту відаць сталёвую агароджу, якая перасякае тарфянік у даліне Нараўкі.

Сталёвая агароджа перасякае запаведнік Высокае Багна і даліну Нараўкі.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Тут я сустракаю і першых турыстаў – раварыстаў. Пытаюся, ці яны прыехалі пабачыць агароджу.

– Мы прыехалі паглядзець, як ад гэтага ўсяго змянілася Падляшша. Гэтая сцяна, крызіс, пагрозы Лукашэнкі, напэўна, частку турыстаў адпудзяць. Але прыцягнуць і тых, хто раней не чуў пра Белавежу. Летась вёскі на краі свету трапілі ў загалоўкі газетаў, і цяпер людзі захочуць іх пабачыць, – кажа мне адзін турыст.

Лясная дарога, па якой едуць вайскоўцы і будаўнічыя брыгады, ужо не нагадвае турыстычнай сцежкі.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Вяртаюся ў вёску з боку станцыі Белавежа-Таварная. Дарога, якая вядзе ад запаведніку і мяжы, цалкам раз’езджаная цяжкаю тэхнікаю. На ўскрайку лесу сустракаю першы «лясны» патруль – паліцыянтаў, схаваных за кустамі ў бусе з уключанымі фарамі і рухавіком.

Праязджаю каля помніку з польскімі і царкоўнаславянскімі надпісамі ды інфармацыйнай таблічкай побач. Яна тлумачыць, чаму жыхары Белавежы, хоць часта і праваслаўныя, так баяцца пагрозы з усходу. У 1940–1944 гадах з Белавежскай пушчы ў Сібір было вывезена некалькі тысяч чалавек – у асноўным леснікі з сем’ямі.

Стэнд, які апавядае гісторыю сямей, якіях змусілі з’ехаць.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Чыгуначны вакзал, з якога НКВД высылаў іх на ўсход, сёння – знакаміты рэстаран «Царскі». Насуперак імперска-расейскай назве, над уваходам у памяшканне на знак салідарнасці вывешаны ўкраінскі сцяг.

Фота: Пётр Яворскі / Белсат
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Заканчваю сваю разведвальную паездку вуліцаю Сточак – галоўнай артэрыяй Белавежы. Пачынаецца яна ад згаданага помніку і працягваецца да дырэкцыі Белавежскага нацыянальнага парку ў былой сядзібе гарадзенскага губернатара. Праходжу побач з касцёлам; перад ім вісіць банер аб тым, што парафіяне стаяць сцяною за польскім мундзірам.

Праз некалькі сотняў метраў вісіць яшчэ адзін банер – пратэст супраць будаўніцтва сцяны. Вуліца канчаецца перад царквою – там ніякіх банераў пра сцены ўжо няма.

Белавежа.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Людзей у форме, праўда, шмат – мяне абмінаюць машына паліцыі, джып памежнікаў і вайсковы «Jelcz». Яны едуць на вайсковую базу, у якую ператвораная стаянка перад палацавым паркам, або з яе. Пазней ад мясцовых жыхароў даведваюся, што існаванне гэтай базы было прычынай таго, чаму сёлета ў Белавежы не ладзілі Купалля, за што на ўлады вельмі пакрыўдзіўся войт – імпрэза была традыцыйным пачаткам летняга сезону.

Перад ад’ездам з вёскі размаўляю яшчэ з кліентам мясцовага супермаркету, на стаянцы якога стаіць вайсковы «Honker».– Добра, што войска было, а цяпер добра было б, каб ужо з’ехала. Са сцяной ужо нічога не зробіш. Няхай стаіць, можа, хоць гэты год будзе ціхі. Можа, турысты нарэшце вернуцца і мы зажывем, як раней.

Рэпартаж
Лукашэнка скасаваў візы. Мы праверылі, ці паехалі палякі ў Беларусь
2022.07.10 08:34

Пётр Яворскі belsat.eu

 

Стужка навінаў