Барацьба з іншадумствам і спроба зрабіць жалезную заслону. Навошта ўлады хочуць увесці абмежаванні на выезд за мяжу

Саўмін прапануе ўнесці змены ў заканадаўства аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і заезду ў яе грамадзянаў краіны. Яны прадугледжваюць шэраг абмежаванняў. «Белсат» разбіраўся, каго можа закрануць новаўвядзенне.

Мяжа Беларусі і Польшчы. Фота: DW

Улады Беларусі разглядаюць магчымасці абмежаваць выезд з краіны для шэрагу катэгорыяў грамадзянаў краіны. У дакуменце, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, пазначаецца, што Саўмін прапаноўвае змяніць артыкулы закону «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і заезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

Паводле законапраекту, выехаць за мяжу будзе немагчымым для асобаў, якім выставілі пазовы ў парадку грамадзянскага судаводства або судаводства паводле эканамічных справаў, службовым асобам прадпрыемстваў-даўжнікоў паводле выканаўчага вядзення, а таксама для асобаў, выезд якіх супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, на тэрмін да шасці месяцаў. Вызначаць гэтую «нацыянальную бяспеку» будуць працаўнікі КДБ. Акрамя таго, пад абмежаванні трапяць тыя, у дачыненні каго вядзецца адміністратыўны працэс.

Таксама абмежаванні закрануць усіх сілавікоў і ратавальнікаў.

Змяняюць закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь». Каго не выпусцяць за мяжу?

Законапраект, які супярэчыць асноўнаму закону

Юрысты адзначаюць, што насамрэч дакумент не адпавядае дзейнаму заканадаўству і парушае асноўны закон краіны.

«Вядома, гэтыя абмежаванні супярэчаць любой Канстытуцыі, хоць 1994 года, хоць 2000 і нават 2022 года, бо забарона на выезд парушае правы грамадзянаў. Па-другое, супярэчыць асноўнаму закону і азначае палітычны пераслед. Аўтары паправак не хаваюць, што гаворка ідзе пра пераслед, бо вызначаны імі крытэр – супярэчнасць інтарэсам нацыянальнай бяспекі. Але хто гэтыя інтарэсы вызначае? Працаўнік КДБ, нават не суд, а проста працаўнік камітэту. Мала таго, гэтага працаўніка ніхто не выбіраў, а яго прызначыў чалавек, які прайграў выбары. Супярэчаць прапанаваныя папраўкі таксама і міжнароднаму праву, якое Беларусь абавязалася выконваць», – кажа Міхаіл Кірылюк, юрыст, сябра Каардынацыйнай рады, адказны за пытанні юстыцыі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Міхаіл Кірылюк, адказны ў пытаннях юстыцыі ў Народным антыкрызісным упраўленні. Варшава, Польшча. 30 ліпеня 2021 года. Фота: ТК / Белсат

Забароны адкідваюць нашую краіну ў часы СССР. Але, звяртае ўвагу юрыст, ёсць у законе таксама і «добрыя» навіны.

«Трохі смешна атрымліваецца, бо ў адной катэгорыі з барацьбітамі з рэжымам у такі самы стан увялі і сілавікоў. Працаўніку КДБ, арміі, МУС любы прыхільнік дэмакратыі цяпер можа сказаць, што, маўляў, сядзім у адной камеры ў турме. Проста сілавікі на вышцы сядзяць, а людзі – пад ёю. На жаль, з Беларуссю цяпер атрымліваецца турэмная асацыяцыя», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Што да дэталізацыі закону, развагаў пра акалічнасці, маўляў, ці будзе магчымасць выехаць за мяжу, калі аплаціў штраф, калі пагасіў усе запазычанасці, то і гэта не асноўнае, лічыць юрыст. Пэўны працаўнік КДБ у любы момант можа напісаць, што заяўленая асоба – нядобранадзейная і выезд забаронены. Гэта перакрэслівае ўсе іншыя моманты паводле значнасці, падсумоўвае Міхаіл Кірылюк.

Белавежа: сцяна на мяжы і чаканне турыстаў

Вяртанне ў СССР

Увогуле ў Беларусі ўжо не трэба ўжываць словазлучэння «Канстытуцыйнае права», лічыць палітолаг Павел Усаў. Ніякіх правоў, тым больш гарантаваных Канстытуцыяй, у Беларусі па сутнасці ніколі не існавала, а цяпер яны татальна абмежаваныя.

«Змены, занатаваныя ў законе, гэта проста фармальнасць, якая нічога не мае агульнага з рэчаіснасцю. А са жніўня 2020 года назіраем фундаментальнае абмежаванне правоў грамадзянаў. І абмежаванне на выезд з Беларусі – не першая ініцыятыва, што афармляе ў Беларусі таталітарную сістэму кіравання», – кажа Павел Усаў.

Палякаў засцераглі ад бязвізавых паездак у Беларусь і нагадалі пра палітвязняў

Эксперт лічыць, што новы закон могуць выкарыстаць таксама і дзеля таго, каб абмежаваць уцёкі за мяжу спецыялістаў з краіны. Перадусім прафесіяналаў у медыцыне, адукацыі, прамысловасці, ІТ-сектары. Але сітуацыя не прынясе чаканых вынікаў, мяркуе эксперт.

«Калі праекты ўвядуць на разгляд у парламент, то гэта можа справакаваць яшчэ большую хвалю міграцыі, бо людзі, якія маюць візы, зразумеюць, што іншай магчымасці з’ехаць больш не будзе. Людзі будуць імкнуцца скарыстацца магчымасцю з’ехаць», – лічыць Павел Усаў.

Да таго ж, кажа суразмоўца «Белсату», абмежаванні ў сучасным свеце будуць малаэфектыўнымі. Пры гэтым яны будуць яшчэ больш ствараць унутраную напружанасць, незадаволенасць. Татальная забарона на выезд можа павысіць градус агрэсіі і стварыць умовы для сацыяльнага выбуху ў краіне.

Беларусам будзе прасцей атрымаць від на жыхарства ў Польшчы

Мікалай Каткоў belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны